Яна сядзела за сталом у халаце. Ненатуральнапрыгожая, толькі вочы яе патанулі ва ўпадзінах, пад імі залеглі цёмныя цені.
-Аксён павітаўся не без іроніі:
— Добрай раніцы, мая дарагая жонка.
— З прыездам, мой ненаглядны муж. Сядай. Я падсмажыла каўбасы.
Ён сеў на сваё звыклае месца.
— Як з'ездзіў?
— Добра.
— Як даклад?
— Фурор зрабіў.
— Шчасліўчык.
— Шчасліўчык! Ах, які шчасліўчык я! Жонка мяне ледзьве дачакалася. Сустрэла з абдымкамі.
— Не завадзіся.
— Хто ён?
— Хто?
— Ён. Госць твой.
— Наш чалавек.
— Геніяльна. «Наш чалавек у Гаване». Наш чалавек у маёй пасцелі. Гучыць!
— Каб яна не астывала, пасцель твая.
— Ты замярзала ў ёй?
— Замярзала.
— А ён нагрэў?
— Можа, i нагрэў. Але ж ты саромеўся пра гэта гаварыць. Ты такі цнатлівы! Анёльчык мой...
— Як яго прозвішча?
— Навошта табе? — i хоць бы вочы апусціла, нахабна глядзіць i ўсміхаецца.
— Павінен жа я ведаць, хто ляжаў у маёй пасцелі.
— Табе лепш не ведаць.
— Я павінен ведаць, каму я наб'ю морду.
— Чаго ж ты не набіў? Я чакала, што ты наб'еш. Які спектакль быў бы! Але i яго не атрымалася.
— Табе мала свайго спектаклю?
Яна апетытна жавала каўбасу. Адламывала ў хлебніцы хлеб.
Яму хацелася спытаць:
«Рукі ты хоць памыла?» — але пабаяўся: яна можа запусціць у твар яму гарачай каўбаскай, было ўжо аднойчы, калі яна плёхнула супам.
— Дык як яго імя?
— Ігар. Прыгожа, праўда? Не Аксён.
— Прозвішча? — раптам грымнуў ён.
Ядвіга спалохалася, вочы яе расшырыліся.
— Камяк.
— Камяк... Камяк чаго?
— Ты не можаш дараваць?
— Не магу.
— Развод? Навошта трапаць адзін аднаму нервы?
— Я падумаю.
— Думай, Чапай. Ты заўсёды хораша думаеш. Разумна. Такая галава не можа прыдумаць глупства, — твар яе пасвятлеў, у вачах загарэліся гарэзлівыя іскры.
I ў той дзень нічога не вырашылі. Яна паехала на працу. Ён лёг спаць на канапе. I дзіўна — заснуў. Прачнуўся, праўда, з галаўным болем, каўтнуў анальгін.
У час вячэры да адносін сваіх не вярталіся. Мірна i ляніва гутарылі на іншыя тэмы.
I на другі дзень змаўчалі. I на трэці. Ён спаў на кароткай канапе, яна — у двухспальным ложку.
I Аксён, ліберал, гуманіст, пачаў думаць, што такі грэх можна дараваць. Каралям, царам, нават шахам жонкі рогі настаўлялі. Ды i мужчыны далека не усе такія сухары, як ён. Такая пэўна прырода чалавечая — грэх ад Адама i Евы пайшоў.
Яго страшыў шлюбаразводны працэс. Але яшчэ больш ён баяўся застацца ў адзіноце. Што рабіць? Ажаніцца ў другі раз? З кім? I хто гарантуе, што тая, другая, будзе лепшая за Ядзю? Відаць, сапраўды вшаваты ён: не здольны даць жонцы ўсе радасці, якія яна хоча.
Аксён Пракопавіч на прыпынку прапусціў свой тралейбус: задумаўся, i спрытныя студэнткі чужога факультэта апярэдзілі яго, штурмам узялі ўваход. Ён не хацеў ціснуцца паміж імі, ды i не спяшаўся нікуды. Думаў аб сваім жыцці, аб сваіх адносінах з Ядзяй. Яшчэ ўначы ён, талстовец, непраціўленец, вырашыў дараваць жонцы, памірыцца і... наладзіць жыццё. Здаецца, яна паразумнела, стала добрая, гаварлівая, папракала, што ён занадта маўчыць.
— Прафесар! Развучышся гаварыць. Хоць навошта табе гаварыць! Ты можаш пісаць формулы. Напішы мне формулу жыцця.
— А ты не ведаеш яе?
— Не ведаю.
— Чытаеш раманы... Столькі класікаў папрацавалі, каб увесці ў нашы галовы формулу жыцця.
— Класікі напісалі Наташу i напісалі Элен, ідыёта Мышкіна і... як яе там, гераіню, з-за якой разгарэўся сыр-бор? З каго мне браць прыклад?
— Выбірай.
— Выбірала-выбірала i плюнула. Жыву як хачу. Свабода! Столькі вылілі чарніла i крыві на нашу эмансіпацыю.
— Разбэшчанасць не свабода.
— Занудлівы ты чалавек, Аксён. Але, як ні дзіўна, я люблю цябе.
I гэтым i словамі перавярнула яму душу.
Уначы цвёрда вырашыў: памірыцца; самае дарагое для чалавека — мір, мір у сям'і, у грамадстве, у дзяржаве.
З'явілася жаданне пайсці да яе ў спальню. Не сумняваўся, што Ядзя прыняла б. Але ён маральна не быў га-
товы. Баяўся. Самога сябе баяўся.
I вось цэлы дзень рыхтаваў сябе да прымірэння. Нават на лекцыі. Даў студэнтам задачу, яны рашалі, а ён думаў. I тут, на прыпынку, напружана думаў, што сказаць ёй, каб не ўнізіць свой мужчынскі гонар i каб яна паверыла не ў яго фізічнае жаданне, a ў душэўную шчырасць.
Не сумняваўся, што такое рашэнне ix праблемы адзіна правільнае — для жыцця, для працы, бо два тыдні не было ні жыцця, ні працы — адны адмоўныя эмоцыі; так можна давесці сябе да псіхбальніцы. Не дзіўна, што людзі ламаюцца ад такіх перажыванняў — i мужчыны, i жанчыны: страляюцца, глытаюць атруту. Дзікунства — пазбаўляць сябе жыцця. Але што зробіш! Бог нечага не дадаў чалавеку ці, наадварот, перадаў лішняе, непатрэбнае; чалавека варта скарэкціраваць.
Читать дальше