— Ды я таксама шчыра, — нарэшце сказала Сынклета Лукічна. — Я толькі аб тым, каб як адарваць яго ад гэтага... ад Амелькі...
— Нічога, хутка ён зразумее, — упэўнена сказала Маша і сама паверыла ў гэта.
Адчынілася акно і з яго высунулася Алеся.
— Гэта ты, Маша, тут?
— Ну, я пайду, Машанька. Добрай ночы табе. Дык глядзі не забывай на мяне — кліч на работу.
Алеся сядзела за сталом, аблажыўшыся кніжкамі, падпёршы кулакамі шчокі. Яна пільна паглядзела на Машу, калі тая зайшла, вочы яе іскрыліся. Наогул, уся яна была нейкая ззяючая, чысценькая, з мокрымі валасамі, у прыгожай сукенцы з кароткімі рукавамі. Маша часта ў апошні час любавалася ёй і думала: «Якая яна раптам стала прыгожая!»
На падлозе спаў Пеця (на ляжанцы, дзе ён спаў зімой, было горача). Ён ляжаў, шырока раскінуўшы рукі, ссунуўшыся галавою з падушкі на сяннік. Спаў ён у тым адзенні, у якім працаваў; з доўгіх абтрапаных штанін выглядалі чорныя, парэпаныя ступні ног, рукавы кашулі былі закасаны. На руках, на шыі, на твары — засталіся бруднымі плямамі сляды пылу.
Маша стала на калені і ласкава паклала яго галаву на падушку, пагладзіла валасы.
— Вось ён які, твой слаўны рыцар! Палюбуйся. Загадала памыцца — раскрычаўся на ўсю хату: «Добра табе ў цяньку з кніжкай сядзець. Пайшла-б папрацавала ў полі, дык ведала-б». Фу, — Алеся пакрыўджана фыркнула. — Быццам я не працавала?
Алеся мела падставы пакрыўдзіцца на брата, бо працавала не менш, чым ён: уставала раней за яго, паліла ў печы, гатавала снеданне і абед, покуль Маша раздавала нарады на работу, бегла за восем кілометраў у школу, вярнуўшыся са школы — працавала на сваім гародзе і, у дадатак да ўсяго, — старанна рыхтавалася да экзаменаў, да якіх заставаліся лічаныя дні.
Але ў сэрцы Машы было больш ласкі да Пеці, асабліва сёння, і яна лагодна сказала:
— Не крыўдзіся на яго. Ён сёння чатыры нормы выканаў. Каб усе так працавалі!..
Аднак Алеся ўжо «разышлася»: падхапілася з-за стала, прабегла па пакоі і села на ложак, замахала рукамі.
— І дзесяць нормаў не даюць права лажыцца ў пасцель у такім выглядзе! Няўжо цяжка памыцца?
— Ды ён двойчы купаўся ў рэчцы!
— Ты яго, калі ласка, не абараняй. Ты таксама добрая! Я штовечар грэю ваду для вас і штораніцы выліваю. Як ты ходзіш? Сорам! Чаму ты носіш гэтае стар'ё і шкадуеш апрануць добрае плацце? На які час ты іх хаваеш?
— На работу? У пыл? Для чаго гэта трэба? — паціснула плячыма Маша.
— Каб быць прыгожай.
— Ад адзення не папрыгажэеш.
— Няпраўда! — не здавалася Алеся. — Помніш у Чэхава? У чалавека павінна ўсё быць прыгожае: твар, голас, адзенне. А ў цябе? Бровы выгаралі, нос аблупіўся, а спадніца... — Алеся саскочыла з ложка, спынілася перад Машай, крытычна агледзела з галавы да ног, кісла паморшчылася.
Маша адчувала, што яе пачынае злаваць гэтае чарговае дзівацтва сястры, але намагалася стрымацца.
— Ты гной не возіш і маеш усе магчымасці апрануцца, як належыць брыгадзіру лепшай брыгады.
— Пакінь, калі ласка!
— Не пакіну! Пераварваць не магу твайго Лескаўца, але за адно яго паважаю: ідзе чалавек — люба паглядзець, ніколі не шкадуе апрануць самае лепшае. Ты павінна хадзіць так, каб хлопцы позіркаў не маглі адвесці.
— Ну, ведаеш... не да гэтага мне...
Алеся тэатральна развяла рукамі і прысела.
— Скаж-ы-це, калі ласка, якая бабулька! Не да гэтага! Глупства! Адно няўдалае каханне — і ты павесіла нос. Саромся!
Машу рассмяшылі гэтыя яе па-дзіцячаму наіўныя словы, і злосць адразу змянілася жартаўлівым настроем.
— Адным словам, з сённешняга дня я бяру над табой «парфюмерна-касметычнае шэфства». Не дарма маці Паўліка пагражае яму, што ў горадзе я стану самай страшнай модніцай, — Алеся засмяялася і пайшла да скрыні, што стаяла паміж ложкам і грубкай, падняла века.
— Вось. Я купіла табе самае лепшае мыла, самага Гольдзіна прасіла прывезці, адэкалон, крэм... робіць скуру эластычнай, мяккай, белай.
— Навошта гэта непатрэбная раскоша?
— Не раскоша, а гігіена. Ездзіш у райцэнтр, а плакацік у акне цырульні прачытаць не можаш.
Маша шчыра смяялася, як не смяялася ўжо даўно і ад паўнаты пачуццяў з мацярынскай пяшчотай абняла Алесю.
— Мілая мая! Сумна нам будзе без цябе, калі ты паедзеш...
— У Маскву, — падказала Алеся.
— Усёадно куды.
— Не ўсёадно, а ў Маскву. У Маскву!
Магчыма, ні разу яшчэ пасля цяжкага працоўнага дня Маша так старанна і з такім задавальненнем не мылася. Яна цёрла рукі, твар, валасы духмяным мылам, пырскалася вадой і смяялася. Алеся ліла ёй цёплую ваду на галаву і прадаўжала сур'ёзна разважаць:
Читать дальше