— Да Кіева дайду, а не згаджуся! Вы паглядзіце, якія ў мяне каровы!
Сапраўды, каровы былі адменныя. Догляду за імі яна аддавала асаблівую ўвагу і ўсе галіны невялікай гаспадаркі падначальвала малочнай ферме. Усё, што рабілася ў калгасе, рабілася дзеля кароў. Дарэмна Васіль спрабаваў гаварыць ёй аб яе памылцы — аб разрыве паміж «двума цэхамі», аб тым, што адставанне паляводства не дасць магчымасці далей развівацца і жывёлагадоўлі.
— Будзь ласкаў, не чытай ты мне мараляў. Сваіх дарадчыкаў поўны раён, спакою від іх не маю, а яшчэ ты... У мяне самы лепшы луг, я сваім лугам тры такія фермы пракармлю. У цябе такіх кароў цераз дзесяць років не будэ. А ты даказваеш!..
— Не бачыла ты сапраўдных кароў, Кацярына Васільеўна.
Яна ўзлавалася і ледзь не выгнала яго з канцылярыі пры маладой настаўніцы. З таго часу Васіль махнуў рукой і не ездзіў да яе доўгі час, ажно покуль Ладынін не параіў яму прапанаваць Гайнай удзельнічаць у будаўніцтве гідрастанцыі.
— Шчо ты, Васілёк, кветка лугавая, дывішся на мэне, як кіт на сало?
Васіль засмяяўся.
— Папрыгажэлі вы, цётка Кацярына! Памаладзелі.
— Усёадно табе застарая.
— Аднак на лодачцы вы катаецеся з маладымі. Прыпамятаюць яшчэ вам гэтую рачную прагулку, — сказаў ён з сур'ёзным выразам на твары.
Гайная ўтаропіла на яго здзіўлены позірк.
— Ад каго?
— Ад жонкі Сяргея Паўлавіча.
Сакавітаў падышоў і стаяў збоку, закурваючы. Усміхаўся. Васіль па-змоўшчыцку падміргнуў яму.
— Прамахнуўся, галубок. Раіса — мая хрэсніца...
— Вялікая справа — хрэсніца! Аднак адкуль у вас столькі хрэснікаў?
— Ты шчо, дарагенькі, жаніўся?..
— Чаму?
— Раней ты быў больш сур'ёзны... Менш аб грышных справах думаў.
— Вясна.
— Ды ўжо-ж... А хрэснікаў... Каб ты ведаў колькі іх у мяне. Я тількі за цю війну, можа, сотню пэрэхрыстыла...
— Вы? — із дзівіўся Ладынін, ведаючы, што Гайная ў вайну была ў партызанах.
— Царква ў нас была толькі ў Піўнях, а папом там быў наш партызан. А я ўвесь час сувязь з ім трымала. А з чым да папа ісці, каб немцы ды паліцаі не чапляліся? Вось я і насіла і вадзіла да яго дзяцей. Такія трапляліся хрэснікі, што вядзеш, вядзеш яго, а куды не гаворыш... А ўбачыць ён папа, вырве руку, шмыгане за дзверы або зусім праз акно — і толькі бачылі яго, адны пяткі бліскаюць...
— Прызнайся, што схлусіла на хаду, — засмяяўся Васіль.
Гайная накінулася на яго:
— Далібог-жа, праўда. Але што з табой, малаверам, гаварыць! Ты сам сабе раз у год верыш!— і, махнуўшы на яго рукой, звярнулася да Ладыніна, выраз твару яе і голас перамяніліся, яна стала сур'ёзнай, паважнай, як належыць кіраўніку, які ведае сабе цану. — Ігнат Андрэевіч, ёсць у мяне просьба да цябе. Захварэў адзін мой «хрэснічак», гарыць хлопец, як свечка, а фельчарыца, вы-ж ведаеце, якая ў нас — молада-зелена... А да раёна... Дзе ён наш раён!
— Добра, Кацярына Васільеўна, — перапыніў яе Ладынін. — Я паеду. Але на чым?
— За мной прыедуць, дарагенькі. Лепшага каня прышлюць.
Васіль уздыхнуў.
— У вас-жа ўрач у Барку. Пяць кілометраў усяго.
— А я, можа, не хачу таго. Я Ігната Андрэевіча паважаю.
— Добрая павага! Чалавеку няма ні дня, ні ночы. Хоць разарвіся на часткі.
— Чорствая ў цябе душа, галубок. Калі дзіця хварэе — за сто вёрст паедзеш.
— Пакінь Лазавенка! Я не люблю адвакатаў, — нахмурыўся Ладынін і сярдзіта адышоў убок.
Гайная насмешліва спытала ў Васіля:
— З'еў, голубе?
Максім Лескавец у гэты момант быў каля калгаснікаў, дыміў сваёй люлькай, лазіў па штабелях, жартаўліва спрачаўся з маладымі хлопцамі.
— Старшыня! У цябе не люлька, а самавар!
— Прымацуй да не кормазапарнікі!.. Карысць будзе!..
— А хто гэта, чэрці, так скобліць? — ён стукнуў нагой аб бервяно. — Толькі поўбока аблуплена, як у казы.
— Гэта Карней усё пра ферму думае.
— Пра малачко!..
— Баіцца, што Клаўдзя без яго з каровамі не зладзіць.
Былы загадчык калгаснай фермы Карней Лескавец чырванеў, сціскаў кулакі, але маўчаў — толькі зіркаў па баках і сапеў. Чалавек ён быў гультаяваты, і моладзь яго недалюблівала.
Гайная спынілася супраць штабялёў і, відаць, ужо забыўшыся на размову з Васілём, зноў хвалілася перад ім.
— Вунь мае арлы як варочаюць! — Хлопцы з калгаса кацілі ў штабель бервяно. — Пахвалі хоць раз, гаспадар! А то табе — усё дрэнна... А як він гарна співае!— яна задрала галаву і, прыставіўшы да ілба далонню, паглядзела ў неба. — Дэ він?
Жаўранак нястомна звінеў. Па небе плылі белыя хмаркі. З абсмаленых бярвенняў празрыстымі кроплямі сцякала смала. Людзі скідалі ватоўкі, шынялі і працавалі ў адных стракатых кофтачках і сарочках.
Читать дальше