— Давай, давай, Васіль Мінавіч! — загаманілі дабрадзееўцы.
— ... Тым больш, што хто-ні-хто сумняваецца ў нашых магчымасцях. Вось, напрыклад, таварыш Раднік не верыць, што на нашых землях можна вырасціць па сто пудоў з гектара...
— Не веру! — рашуча пацвердзіў свае сумненні маўклівы Раднік. — На тваёй зямлі? Не веру!
Васіль змоўк, у куточках вуснаў яго затаілася ледзь прыкметная ўсмешка.
— Не верыш? Што-ж, паслухай, што мы зрабілі і што будзем рабіць дзеля таго, каб нашы абавязацельствы не былі пустымі словамі...
Ён доўга і падрабязна гаварыў аб асваенні севазвароту, аб угнаеннях, апрацоўцы глебы і падкормцы — аб усім тым вялікім комплексе мерапрыемстваў, якія ўжо былі прароблены ў калгасе. Яшчэ больш — аб тым, што будзе рабіцца вясной, улетку, які будзе догляд пасеваў, як будзе вырошчвацца кожная культура і які запланаваны ўраджай на кожным полі, на кожным паасобным участку.
Усё гэта было добра вядома дабрадзееўцам і тым, хто наведваў заняткі агранамічнага гуртка. Але слухалі яго з нейкай асаблівай увагай. Людзі нават не варушыліся, не курылі, шыкалі на тых, хто кашляў. Толькі Маша дрэнна даходзіла да сэнсу яго апошніх слоў. Свае думкі апанавалі яе.
«А мы? Што скажам мы? Няўжо так і прамаўчым? — яна пільна ўзіралася ў твар Максіма, жадаючы адгадаць яго думкі, але рысы яго твару былі нерухомыя — ён уважліва слухаў, толькі зрэдку выціраў лоб хустачкай. — Няўжо мы не здольны вырасціць такі-ж ураджай, як у «Волі»? Ці ў нас зямля не такая? Ці не аднолькава будзе свяціць сонца і ісці дажджы? Не, выступлю і скажу за сваю брыгаду. Мы зможам вырасціць такі-ж ураджай. А калі...— у душным пакоі ёй на момант стала холадна ад гэтай думкі, — калі не зможам?.. Значыцца, я ашукаю партыйны сход... — Яна хутка зірнула на партрэт правадыра. — Можа лепей змаўчаць? Каб гэта залежала толькі ад мяне, я ночы не спала-б... А то ў брыгадзе шэсцьдзесят працаздольных, розныя людзі, па-рознаму ставяцца да працы. Не, людзі добрыя. Хіба не аб гэтым самым гаварылі яны на апошнім брыгадным сходзе? Усе сыходзіліся на тым, што трэба змагацца за такі ўраджай, як у «Волі». Не, людзі падтрымаюць...»
Маша схамянулася ад воплескаў. Аглянуўшыся, яна ўбачыла добрую, сціплую ўсмешку Васіля і пачала таксама гучна, па-дзіцячаму шырока разводзячы рукі, біць у далоні. Яна радавалася за Васіля, у яе ажно вочы напоўніліся гарачымі слязамі захаплення.
За акном шугануў вецер, моцна ўдарыў у бляшаны дах. Па шыбах нібы нехта сыпануў гарохам; шарыкамі жывога срэбра пакаціліся па шклу буйныя кроплі дажджу.
— Дождж?!— здзіўлена і радасна прашапталі людзі.
Маша схамянулася, адарвалася ад сваіх думак.
«Дождж».
— Да раніцы, бадай, увесь снег змые, — прамовіў нехта са старых.
«Вось яна і прышла вясна», — і раптоўна ўсе хістанні, усе сумненні зніклі. Маша рашуча папрасіла слова.
Дождж ішоў спорны і цёплы. І адразу запахла сырой адталай зямлёй і яшчэ нейкім своеасаблівым пахам, якому няма назвы, але аб якім звычайна гавораць: «пахне вясной». Ноч — хоць вока выкалі. Толькі ззаду, у Дабрадзееўцы, праз заслону дажджу свяціліся вокны хат і адзінокія электрычныя ліхтары — каля «сілавой», урачэбнага пункта, на калгасным двары.
Наезджаная за зіму дарога яшчэ крыху трымала, але ў многіх месцах яе парэзалі ўжо напорлівыя веснавыя раўчакі. Вада журчэла збоку ў канавах.
Яны ішлі, як салдаты ў разведцы, — адзін за адным, з той толькі розніцай, што камандзір — Лескавец — ішоў самым заднім. Маша аглядвалася, бачыла іскры з яго люлькі — ён няспынна курыў. «Хвалюецца і злуецца». Сама яна таксама ўсё яшчэ не магла супакоіцца пасля выступлення і нават, здавалася ёй, хвалявалася больш, чым там, на сходзе. Трывожыла думка: ці вырасце ў іх такі ўраджай, як у «Волі»? Яна ўспамінала ўсю работу, якую прарабілі ў брыгадзе, рыхтуючыся да вясны. Недаробак было шмат, і яны непакоілі. Суцяшаў толькі брыгадны клін азімага. На ім яны зрабілі і зробяць усё, што робяць на сваім участку жыта дабрадзееўцы. Дарэчы, іх поле мяжуе з лепшым участкам «Волі», і ўсё ў іх будзе аднолькавае. А вось ярына... Яе яшчэ трэба пасеяць. Тут будзе цяжэй. У іх нават не ўся плошча пад вясновы пасеў пазяблена. І гною менш, і насенне горшае, і коні слабейшыя, і трактар трапіўся нейкі няўдалы... Ад гэтых думак яшчэ больш стала трывожна на сэрцы.
«Як я людзям у вочы гляну, калі не выканаю таго, што паабяцала?». Ёй захацелася пагаварыць з Максімам, адстаць, пайсці побач і шчыра пагаварыць. Але яна баялася, што ён не зразумее і зноў можа абразіць яе пачуцці якім-небудзь грубым адказам. Ішлі моўчкі. Толькі Клаўдзя Хацкевіч нешта ціха расказвала дзяўчатам і сама гучна смяялася.
Читать дальше