— Не можа быць, — урэшце прашаптала яна.
— Чаму не можа? А я ўпэўнена, што гэта так.
— Але-ж гэта... гэта проста дзікасць нейкая...
— Нічога дзікага няма, Лідачка. Ёсць ад чаго абурацца.
— Не, не!.. Ну, добра, хай так... Але-ж пры чым тут я? Я ніводным словам, ніводным рухам...
— А яны бачаць іншае. Ты часта прыходзіш у Лядцы... Кожны раз ён сустракае нас, ты весела размаўляеш з ім, жартуеш...
— Што-ж мне рабіць цяпер? Не хадзіць? Папрасіць бацьку, каб вызваліў. Не-не! Ні слова бацьку! Буду хадзіць, покуль не дакажу, што яны памыляюцца.
Сапраўды, Лідзе цяжка было зразумець, што не ўзлюбілі яе лядцаўскія жанчыны іменна праз гэта. Але цяпер яна раптам успомніла адзін выпадак, адну размову — і ўсё зрабілася верагодным.
Неяк скончыўшы гутарку, яна вышла ў двор і раптам пачула ззаду ўедлівы жаночы голас:
— Бач, беленькая, як кошачка. Такая любога прыварожыць.
Тады яна не надала гэтаму ніякага значэння, толькі ўсміхнулася. А цяпер... Яна абурылася, узлавалася. Узлавалася на жанчын, на бацьку, што паслаў яе сюды, на Ніну Аляксееўну, на сваю пясцовую футру, якую вырашыла ўжо ніколі не апранаць, і больш за ўсё, вядома, — на Лескаўца. Яна распытала пра адносіны Максіма і Машы, і страшэнна абурылася, калі даведалася пра яго ўчынак, балюча перажывала Машына гора.
«Пачакай-жа, я з табой пагутару!» — пагразіла яна Максіму.
Магчымасць пагутарыць з'явілася неўзабаве.
Ліда была адна дома. Сядзела на канапе, падкурчыўшы пад сябе ногі і накрыўшы іх усё той-жа пясцовай футрай. Вечарэла. Згушчаўся змрок. Ужо цяжка было чытаць, і яна адлажыла кнігу ўбок, задумалася. Думкі перапыніў стук у дзверы. Ёй вельмі не хацелася, каб хто прышоў да яе. Хацелася пабыць адной, пасядзець у цемры, не запальваючы лямпы, падумаць, памарыць. У іх доме такая магчымасць выпадае не часта.
«Можа не адгукацца? А раптам да бацькі? Хворы?»
Зайшоў Максім Лескавец.
«Ага, ты!» — ёй здалося, што яна са злой радасцю крыкнула гэтыя словы, хоць у сапраўднасці толькі падумала.
Злосць на яго, якая за колькі дзён была патухла, зноў успыхнула.
— Добры вечар, Ліда Ігнатаўна.
— Добры вечар, Максім Антонавіч.
Здавалася, усё, як мае быць. Але ён адразу адчуў нешта нядобрае і насцярожыўся: яна не сказала звычайнага «распранайцеся» і «сядайце», яна нават не паварухнулася— так і засталася сядзець у кутку канапы цёплым камочкам. Як яму раптам захацелася сесці побач, узяць яе рукі, прыгарнуць яе, маленькую. Але...
— Кніжку вашу прынёс, Ліда Ігнатаўна. Дазвольце паглядзець і выбраць другую.
Ён падышоў да кніжных паліц, наўздагад сунуў кніжку на адну з іх. З другой паліцы гэтак-жа наўздагад выцягнуў другую кніжку і не меў рашучасці падыйсці да акна і прачытаць яе назву.
— Вось дарэчы, што вы прышлі, — сказала Ліда пасля хвіліны маўчання, — я сядзела і думала пра вас.
— Пра мяне? — няшчыра здзівіўся Максім. — А мне, грэшнаму, здавалася, што ніхто ў свеце не думае пра мяне,— ён хацеў быў сесці на свайго любімага канька, які не раз вывозіў яго, — звесці ўсё да жарту. Не вышла. Ліда не адказала, а пасля кароткай паузы спытала такім голасам, што ён уздрыгнуў пры першым-жа слове:
— Слухайце, Лескавец, вы сур'ёзна закахаліся ў мяне?
Каб на галаву яму нечакана вылілі вядро вады, вось тут, у гасцях у доктара, гэта, мусіць, здзівіла-б і збянтэжыла яго менш, чым такое запытанне. Здаецца, ніколі ў жыцці ён не трапляў яшчэ ў больш цяжкае становішча. Куды знікла яго красамоўнасць, знаходлівасць! Ён стаяў і міргаў вачыма.
— Гавораць, што з-за мяне вы пакінулі дзяўчыну, якая шэсць год вас чакала? Шэсць год! Страшна падумаць!..
— Ліда Ігнатаўна...
— Шэсць год!.. Вы падумалі?..
— Ліда...
— І пасля гэтага вы рашылі, што цяпер вам, як таму рамантычнаму Дон-Жуану, кінуцца на шыю ўсе дзяўчаты... Якая нахабная, якая тупая самаўпэўненасць! Вы думалі... — не скончыўшы спакойна пачатага сказа, яна раптам адным рыўком спусціла ногі з канапы (футра звалілася на падлогу) і амаль крыкнула: — Вы думалі, што і я кінуся ў вашы абдымкі? А я — бачыць вас не хачу!.. І раю вам: радзей трапляйцеся мне на вочы! Геро-ой!
Ён нейкі момант пастаяў моўчкі, аглушаны ўсім тым, што пачуў. Потым шыбануў кніжку на стол, злосным рухам насунуў шапку на вочы.
— Ну, што-ж... — і, не развітаўшыся, вышаў. А Ліда ледзь стрымалася, каб не свіснуць яму ўздагон, па-хлапечаму гучна, задзірыста.
Магчыма, што гэта быў самы моцны ўдар з усіх, якія Максім калі-небудзь атрымліваў, і трапіў ён у самае балючае месца. Пасля гэтага прыкрага выпадку з Лідай ён страціў сваю душэўную роўнавагу.
Читать дальше