— Ну, ну! — пагражаюча папярэдзіў ён, крануўшы рукой мыліцу.
Ліда і брывом не павяла.
— ... І ніякага апраўдання вам не знайсці. Вы не адзін аддалі сваё здароўе за радзіму, за шчасце вашых дзяцей... Мільёны людзей жыццё аддалі... А колькі такіх, як вы? А ёсць і ў больш цяжкім становішчы. Але вельмі мала бачыла я такіх маладушных.
— Слухай, ты...
— Я вас слухала. Паслухайце мяне... Хто вас пакрыўдзіў, чаго вам нехапае? Вы хаця-б падумалі, што ў вас трое дзяцей, трое вучняў совецкай школы. Мы іх выхоўваем цвёрдымі, мужнымі, выхоўваем на франтавым гераізме іх бацькі, а вы сваім ныццём разбураеце ўсё гэта. Які вы прыклад паказваеце ім? А ў што вы ператвараеце жыццё сваёй жонкі? Яна чатыры гады вас чакала, расціла дзяцей. Вы ведаеце, як яна жыла гэтыя гады?
— Я ведаю, ты мне не расказвай...
— Цяпер яна працуе дзень і ноч, каб зрабіць жыццё багатым, прыгожым, светлым, каб і вы, Раман Іванавіч, не ведалі турбот, спакойна лячыліся, каб дзеці вашы вучыліся... А адкуль тая прыгажосць і светласць жыцця будзе, калі вы ўвесь час так скуголіце?..
Ён ляжаў на ложку, ніцма, і ўсё ніжэй і ніжэй схіляў галаву, усё часцей дыхаў.
Ліда скончыла гаварыць гэтак-жа нечакана, як і пачала, пабаяўшыся, што занадта расхвалюе яго. Доўга стаяла цішыня. Нарэшце ён падняў галаву і пад вусамі ў яго схавалася ўсмешка.
— Ну, і піла вы, Ігнатаўна.
Яна ўсміхнулася яму ў адказ і зусім іншым голасам спытала:
— Раман Іванавіч, вы чыталі кнігу «Як гартавалася сталь»?
— Я чытаў яе, калі вы, Ігнатаўна, яшчэ пешшу пад стол хадзілі.
— А мы давайце прачытаем яшчэ раз. Я прачытаю вам яе.
Яна прышла ўвечары, калі ўся яго сям'я была ў зборы, і пачала чытаць. Чытала гадзіны тры пры такой цішыні, што, калі рабіла паузы, то было чуваць, як недзе ў запечку звінела ажыўшая муха.
Скончыла чытаць — кнігу забрала з сабой. У першы вечар Дабрадзей не прамовіў ні слова, нават не развітаўся, калі яна выходзіла. На другі вечар ён папрасіў:
— Ігнатаўна, а ці нельга кніжачку пакінуць у нас?
— Заўтра — калі ласка, і другія магу прынесці, — ёй хацелася аб самым галоўным і хвалюючым прачытаць самой.
На чацверты вечар яна скончыла чытаць.
Жонка Рамана і двое старэйшых дзяцей усе гэтыя тры апошнія гадзіны чытання плакалі і смяяліся адначасова. Сам Раман маўчаў, але калі Ліда пачала развітвацца, працягнуў руку, і, моцна паціснуўшы, стрымана сказаў:
— Вы маглі-б, Ігнатаўна, склікаць людзей на гутаркі ў мяне. І кніжачак, калі можна... вось такіх...
Праз некалькі дзён у вёску прыехала кіноперасоўка. Карціну паказвалі ў вестыбюлі школы. Людзей было поўна. Ідучы з кіно, Ліда сказала бацьку:
— Тата, ёсць добрая ідэя. Для інвалідаў і ўсіх тых, хто не змог прыйсці, заўтра ўдзень пракруціць карціну ў хаце Рамана Дабрадзея.
... Ліда прышла да Дабрадзея, калі паказвалі ўжо апошнюю частку. Скончылі, сарвалі коўдру з акна, і яна ўбачыла, што Раман Іванавіч, гэты, здавалася, чэрствы чалавек, выцірае слёзы. Яна хацела была непрыкметна выйсці, але ён убачыў, спыніў, папрасіў падыйсці і абодвума рукамі сціснуў яе маленькую руку.
— Ну, Ігнатаўна, колькі жыць буду — не забуду... Вялікае вам дзякуй.
... У Лядцах яна таксама хутка заваявала агульную любоў, асабліва сярод жанчын.
Але раптам здарылася нешта незразумелае і нечаканае: амаль усе сталыя жанчыны, нібы змовіўшыся, перасталі хадзіць на яе гутаркі.
Ліда разгубілася, нават спалохалася. Бацьку яна аб гэтым не адважылася расказаць і сама настойліва і ўпарта шукала прычыну. За які тыдзень нават маці заўважыла, што яна пачала худзець.
— Што з табой, Ліда? У цябе неспакойна на душы?
— Нічога, мама.
А на душы, сапраўды, было вельмі неспакойна. «Што здарылася? У чым я памылілася?»
Яна проста пакутвала і сама адчувала, што губляе свой імпэт, сваё натхненне, што гутаркі яе робяцца вялымі і нецікавымі. Ужо не толькі жанчыны, але і мужчыны пачалі пазяхаць у час гутаркі, а хто сядзеў бліжэй да дзвярэй, часта непрыкметна выходзіў. Ад гэтага яна яшчэ больш гублялася.
Нарэшце прычына выявілася. Аб ёй здагадалася спрактыкаваная ў мудрых жыццёвых з'явах Ніна Аляксееўна. Неяк яна правяла гутарку самастойна. Пасля, ідучы дамоў, употайкі ад мужа, паведаміла:
— Здаецца, Лідачка, я здагадалася, у чым тут справа. Максім!.. Вінаваты ва ўсім Максім... Жанчыны ўпэўнены, што з-за цябе ён пакінуў Машу, што ты прываражыла яго і, вядома, абураны. Машу любяць, шкадуюць. Яна — сірата і чалавек самых найлепшых душэўных якасцей...
Ліда была страшэнна ўражана. Яна спынілася сярод заснежанага поля і, цяжка дыхаючы, доўга глядзела на сяброўку, хоць у густым змроку вечара бачыла адну яе белую хустку.
Читать дальше