Маша сасніла, што яна праспала статак, што пад акном мычыць Лыска — кліча гаспадыню. Адплюшчыўшы вочы, яна прыслухалася: сапраўды, па вуліцы ішлі каровы. Крычаў пастух:
— Красуля! Каб на цябе ваўкі! Мо-оця! Выганяй-яй! Праспала?
«Праспала», — спалохана падумала Маша, але, успомніўшы дзе яна, супакоілася. Не трэба ёй спяшацца, каб падаіць і выгнаць Лыску. Пасля вяселля яна можа паспаць пазней, чым звычайна, тым больш, што ляглі яны ўжо амаль на світанні.
Але супакаення гэтага хапіла ненадоўга. Рупіла даведацца, як там дома. «Алеся, безумоўна, таксама праспала. Гэта-ж такая соня. Добра, што я папрасіла Клаўдзю, каб дагледзела. Аднак уставаць усёадно пара. Пакуль дайду да Лядцаў — і брыгада збярэцца, пара будзе нарад раздаваць», — яна глянула на ходзікі, што манатонна цікалі на сцяне, і асцярожна, каб не разбудзіць Васіля, паднялася, на цыпачках прайшла да акна, дзе на ўслоне ляжала плацце. Узяла яго і ўсміхнулася: прыадзецца бегчы да Лядцаў у вясельным убранні.
«Хіба папрасіць Галю, каб схадзіла і прынесла?».
Яны начавалі ў хаце Васілёвай сястры, удавы, бо ў Васіля да самай раніцы прадаўжалася гулянка, і шмат хто з гасцей так і застаўся там, за сталамі, а хто-ні-хто, магчыма, і пад сталом.
Але Ганны не было: ні яна, ні яе дзесяцігадовая дачка не начавалі дома, відаць, прыладзіліся недзе ў суседзяў. Каб не плёскаць вадой, Маша асцярожна памачыла ручнік і выцерла твар. Спынілася перад невялікім люстэркам, што вісела на сцяне паміж шматлікіх фатаграфій у адмысловых рамках, пачала прычэсвацца.
Яна не бачыла, што Васіль прачнуўся таксама і ўпотайкі назіраў за ёй.
Машы ўспаміналіся падзеі вясельнага дня: вяселле было багатае і шумнае. Бацька Васіля, чалавек крыху ганарысты і дзівакаваты, хацеў паказаць, што жэніцца не абы хто, а старшыня лепшага ў раёне калгаса.
На лепшых конях, са званкамі на дугах, апавітых рознакаляровымі істужкамі і кветкамі, вязлі яе, Машу, з Лядцаў. Па патрабаванню маці маладых пасадзілі на покуце на кажух. Весела жартуючы, Васіль ахвотна выконваў дзівацтвы старых. А Машы было прыкра. Яна ўспомніла, як бянтэжылася і не ведала, куды схаваць вочы і рукі ад цікаўных позіркаў. А позіркаў гэтых было безліч, бо людзей было поўна — і ў хаце, і на вуліцы, — пад адчыненымі вокнамі.
Быў нават момант, калі Машы хацелася заплакаць. Асабліва цяжка стала, калі яна пакідала родную хату і ўбачыла, як употайкі выцірала слёзы Алеся. А Пеця выпіў у пачатку шклянку гарэлкі і некуды сышоў і больш не паказваўся ўвесь дзень. Маша шкадавала яго.
Адчула яна сябе лепей, калі на вяселле прышлі Ладыніны, Мяцельскія, Байкоў. Яны прынеслі простую, непасрэдную весялосць, добрыя, шчырыя жарты. Ніна Аляксееўна прышла са сваім маленькім. Тулячы яго да грудзей і насцярожана, недаверліва пазіраючы на людзей, што мітусіліся вакол, — каб не штурхнулі выпадкам,— яна шчасліва ўсміхалася.
Машу не пакідала думка: ці прыдзе на вяселле Максім? Васіль ездзіў знарок, каб запрасіць яго. Ён паабяцаў быць. Аднак не прышоў. Не прышла і Сынклета Лукічна.
«А можа і добра, што не было іх... Нішто не нагадвала мне пра мінулае...»
Па прывычцы яна спляла валасы ў касу, але, успомніўшы пра стары народны звычай, раздзяліла касу на дзве і ўлажыла іх на галаве валікам. Нахілілася, каб узяць чаравікі і выйсці. Але ў гэты момант Васіль паклікаў яе:
— Маша!
Яна ўздрыгнула ад нечаканасці і хутка павярнулася.
— Ты куды? Ужо ўцякаеш ад мужа? Рана.
Яна на момант сумелася, потым адказала, таксама жартам:
— А ты думаеш, што бясконца будзе прадаўжацца вяселле?
— Але я і не за тое, каб яно было такім кароткім, — з твару яго знікла ўсмешка, ён прыпадняўся, абапершыся на локаць, пранікліва паглядзеў на жонку. — Давай, Маша, разам памяркуем, ці трэба ён, гэты твой подзвіг? Сапраўды... Амаль да раніцы было вяселле. Яшчэ ніхто з гасцей, мабыць, не прачнуўся, а маладая ў вясельным плацці бяжыць на работу... А ці такая ўжо ў гэтым пільная патрэба? Гэта толькі ў кнігах часам апісваюць, што з-за працы няма часу героям ні адпачыць, ні жаніцца, пі паабедаць добра. Я вось нядаўна чытаў у аднаго пісьменніка... Вярнуўся ў яго герой з арміі і ў першы-ж вечар пайшоў на калгасны сход. А прышоўшы позна ўначы са сходу, зірнуў на жонку, якая спала на ложку, і лёг сам на ўслончыку, падлажыўшы па-франтавому шынельку пад галаву...
— Выдумаў, — засмяялася Маша.
— Не я — пісьменнік... Смешна, праўда? Сур'ёзна, Маша, я думаю, што нічога не здарыцца, калі ты не пойдзеш сёння. Управяцца без цябе. Там-жа такія людзі... Дуня, напрыклад...
Читать дальше