Раніцой Міры стала лепш. Аднак ён пазваніў са станцыі Пастушэнку, што не з'явіцца ў штаб, будзе пры хворай. Нічым іншым займацца не хацелася.
А ў поўдзень прыскакаў веставы з запіскай ад Сцяпанава; суседзі хочуць пазнаёміцца з камандзірам.
Знарок пайшоў пехатой, каб не лічылі, што спяшаўся на іх выклік. Ды і хацелася астыць, падумаць, як паводзіць сябе; пасля бяссоннай ночы галава была чыгунная, балела патыліца. Не захварэць бы самому.
Прагулка па добрым марозе ўзбадзёрыла, зняла галаўны боль.
Камандзір Петраградскага палка — Іван Філарэтавіч Чарназёмаў — мужчына-асілак гадоў сарака пяці, з густымі бровамі, чорнымі валасамі, абсыпанымі інеем першай сівізны, з добрым сялянскім тварам, пабітым не воспай, а як бы іскрамі металу ці вугалю — так і ўеліся ў скуру цёмныя крапіны.
Багуновічу, калі паціснуў яго дужую шурпатую руку, сапраўды здалося, што ад чалавека гэтага пахне гарачым металам і цёплым чарназёмам.
Відаць, ужо ён распытаў пра Багуновіча, бо паціскаў руку доўга, з добрай усмешкай, хоць з некаторай паблажлівасцю старэйшага.
Багуновічу ўвогуле камандзір спадабаўся. Каб ён прыехаў адзін, пэўна, яны сышліся б лягчэй. Але Чарназёмаў, як генерал, прывёз цэлую світу — ажно сем чалавек з ім. Да таго ж паблажлівая дабрыня — усмешка бацькі сыну — закранула самалюбства маладога камандзіра палка, нервова ўзбуджанага хваробай каханай і цяжкімі думкамі пра вайну.
«У чым твая перавага? — падумаў Багуновіч.— Што ты ўмееш каваць, а я не ўмею?» — чамусьці адразу вызначыў, што Чарназёмаў каваль, і, жадаючы паставіць яго на месца, ва ўпор спытаў пра гэта:
— Вы кавалём не рабілі, таварыш камандзір?
Чарназёмаў засмяяўся.
— А вока ў цябе, Сяргей Валянцінавіч, вострае. Малатабойцам быў. Кавалём. Механікам. Кім я ні быў! — і пачаў прадстаўляць сваю світу. Першага камісара: — Таварыш Скулань мог быць капітанам карабля, але рана трапіў на катаргу. Застаўся без прафесіі. Затое добра вывучыў азбуку марксізму.
Латыш гаварыў з моцным акцэнтам, гэта, пэўна, яго бянтэжыла, таму ён больш маўчаў, пакуль гаварылі іншыя, а калі што і казаў, то каротка, і фразы былі залішне простыя, правільныя для рускай мовы, багатай на адценні.
Весела каваль прадстаўляў сваіх таварышаў.
— Камандзір другога батальёна Сцяпан Гарчакоў. Не з князёў Гарчаковых. З пскоўскіх дзякоў. Але, не ў прыклад бацьку свайму, не ладзіў Сцёпа з богам, за што з гневам божым і сінодскім быў выстаўлены з духоўнай семінарыі і высланы памагаць паморам лавіць рыбу. Вялікі рабылоў! Хлебам не кармі — дай павудзіць рыбку.
Камандзіры гэтак жа весела пасміхаліся з такога прадстаўлення.
— Саша Сухін. Бач, як сугучна падабраў імя і прозвішча! — Чарназёмаў раптам характэрна заокаў: — Ніжненоўгородскі мукомол. Командзір першага. Між іншым, таксама піцерскі каваль. Адны кавалі. А пра каваля ты, Багуновіч, сказаў не таму, што ў цябе вока вострае. А каб напомніць нам: я афіцэр, франтавік. А вы хто? Кавалі.
Багуновіч ажно збянтэжыўся: во гэта праніклівасць!
— Што вы!
— Нічога, мы не крыўдуем. Але ты ведай: у Чырвонай Арміі палкамі будуць камандаваць кавалі.
Багуновічу моцна хацелася запярэчыць, што асабіста ён не верыць у армію без адукаваных афіцэраў. Але, хоць і настройваў сябе быць незалежным, дзёрзкім, сказаць гэтага не адважыўся. Адчуў, што Чарназёмаў палоніць сваім розумам і аўтарытэтам. Ды і Сцяпанаў, старшыня салдацкага камітэта, бачна па ім, ужо ўвесь пад уплывам гасцей, ажно зарумяніліся яго жоўтыя сухотныя шчокі. Сцяпанава можна зразумець: у гасцях — піцерцы, бальшавікі. А яму, беспартыйнаму, чаго «здымаць шапку» перад імі?
Багуновіч быў незадаволены сабой і раздражняўся на клопаты Пастушэнкі: палкоўніку хацелася напаіць гасцей чаем.
Селі за доўгі штабны стол.
Багуновіч сам прыбраў аператыўныя карты, зноў-такі не без дэманстрацыі — маўляў: чытаць вам іх без патрэбы, ды і наўрад ці ўмее хто з вас «чытаць» карту. Але гэта, здаецца, не заўважыў нават Чарназёмаў, чаму Сяргей пасля парадаваўся. Аднак усё роўна яму хацелася... ну, калі не ўзяць рэванш за сваё паражэнне, то хаця б вярнуць сабе ролю гаспадара. Спытаў з яўным выклікам:
— Што ў Піцеры? Усё яшчэ расказваюць байкі пра блізкі мір?
— Чаму байкі? — насцярожыўся латыш.
Іншыя таксама насцярожыліся. Чарназёмаў глядзеў сваімі цыганскімі вачамі пранікліва, твар яго быў сур'ёзны, але вочы, здалося Сяргею, іранічна пасміхаліся, як вочы бацькі з неразумнай упартасці сына. Гэта выводзіла з раўнавагі, злавала.
Читать дальше