— Назар! Я мушу данесці штабу фронту!
— Пляваў я на твой штаб! І на цябе! Даносчыкі! Навучыліся даносы пісаць. Ні храна ў бальшавікоў не атрымаецца, калі яны будуць гарнуць да сябе такіх слюнцяеў, як ты! Я такіх вешаў бы!
Багуновіч таксама быў закіпеў, але якраз апошнія Бульбавы словы — пра павешанне — неяк дзіўна ўтаймавалі, нагадалі, дзеля чаго ён прыскакаў сюды. А з-за чаго яны разышліся? Як неразумныя хлапчукі. Як задзірыстыя пеўні. Хіба ён не чуў раней, як Бульба за гадзіну-дзве мог «выдаць» не адзін самы неверагодны пражэкт? Так, пэўна, і з атрадам гэтым. Зганяе чалавек злосць за ўчарашняе паражэнне сваё ў баталіі з дэзерцірамі.
Спытаў лагодна, з усмешкай:
— У каго ты навучыўся вешаць, народнік? У Мікалая Другога?
Бульба не пакрыўдзіўся — нечакана таксама засмяяўся.
— Не бойся. Цябе я не павесіў бы. Збяднее свет без такіх ідэалістаў, як ты. Ды і сумна будзе без дурняў. Чалавецтву патрэбны ідэалісты і... Ладна, прабач.
Памірыліся. Увайшлі ў тую ж паляўнічую залу, якая не здалася ўжо такой прыгожай і ўтульнай, як у навагодні вечар. У ёй відны былі сляды ўчарашняга балю: брудны посуд, недакуркі, шампуры на падпаленых і запляваных мядзведжых і воўчых шкурах. І было холадна. Не палілі ці выстудзілі?
Багуновіч падумаў, што, відаць, дэмабілізаваў сябе верны служка Бульбы, зямляк, чарнігаўскі селянін, хітры, немалады ўжо хахол, але надзвычай гаспадарлівы — усё ўмеў. Пры ім ніколі не было такога гармідару.
Бульба паморшчыўся і вылаяўся.
— Быдла!
Багуновічу хацелася сказаць, што калі эсэр так лае салдат, то выдае гэтым панскія замашкі куды горшыя, чым тыя, якія часам праяўляюцца ў яго і за якія Назар сячэ яго па вачах. Але пабаяўся, каб гаспадар зноў не разгневаўся. Бульбу бывае цяжка зразумець.
— Дзе твой Грыцук?
Бульба пыхцеў, як паравоз, перасоўваючы цяжкія крэслы, каб паставіць іх на месца і навесці хоць які парадак. Адказаў не адразу і вельмі злосна:
— Ты ведаеш, на чым пагараць бальшавікі? На тым жа зямельным дэкрэце. Я пераконваюся: аддаваць зямлю, усю і адразу, мужыкам нельга было. Цяпер іх не ўтрымаеш ні ў якай арміі, А без арміі... Якая ўлада без арміі? Запануе анархія. Кожны будзе — як я: што хачу — тое і малачу.
Але, не ўтрымалі Грыцука ні каньякі французскія, якія ён піў разам з Бульбай, ні смажаніна з дзічыны, рэшткі якой засталіся на шампурах. Уцёк Грыцук у свае Рэпкі, да зямлі, да дзяцей.
Думкі, накшталт тых, што выказаў Бульба, з'ўляліся і ў Багуновіча, яму таксама рабілася страшна ад развалу арміі, але адносіўся ён да салдат, што пакідалі фронт, інакш. Ва ўсялякім разе, нагайкай не пачаў бы сцёбаць, а тым больш страляць. Па сабе ведаў, як абрыдла вайна, акопнае жыццё, як хочацца самага звычайнага чалавечага жыцця.
Сказаў пра гэта Бульбе:
— Слухай, Назар. Табе хочацца проста жыць? Каб працаваць. Кахаць. Гадаваць дзяцей.
Бульба паглядзеў на яго і іранічна свіснуў:
— Не, не хочацца. Я табе казаў, дзеля чаго я з'явіўся на свет.
— Здзіўляюся.
— Здзіўляйся, чорт з табой. Я і жыву дзеля таго, каб здзіўляць абывацеляў.
Не, лепш яго не чапаць,
— Зараз запалім камін. І забудзем хоць на міг на
ўсе праблемы рэвалюцыі.
— Я не магу, Назар.
— Забыць? Не забывай, пакуль я цябе не напаю да свінскага стану...
Багуновіч сказаў, што прымусіла яго прыехаць да сябра. Гаварыў і баяўся, каб Бульба не пачаў здзекавацца з яго кахання, з яго трывогі за Мірына здароўе.
— Не, слухаў моўчкі. Толькі зноў зрабіўся пануры і з выгляду — да жалю адзінокі.
Пайшоў сам у пограб і свірны шукаць прысмакі. Прынёс мёд і замарожаны кумпяк аленя. Масла? Паабяцаў, што сам прывязе, калі не сёння ўвечары, то заўтра абавязкова. Такія нечаканыя клопаты дзіўна ўзбадзёрылі яго і неяк перайначылі, не было больш ні грубасцей, ні насмешак, зрабіўся сур'ёзны, па-сяброўску ўважлівы. Праводзячы Багуновіча, проста, неяк нават па-жаночаму, раіў:
— Ты ёй булён з аленіны звары. Дзічына — гэта лепш за ўсе лякарствы свету. Жывёлы, брат, яны мудрэйшыя за нас, ёлупаў цара нябеснага, знаюць, якія травы есці, каб не хварэць ні запаленнямі, ні хандрой.
Прыехалі знаёміцца новыя суседзі з Петраградскага палка Чырвонай Арміі. Пастушэнка не выдумаў: суседзі сапраўды называлі сябе так.
Багуновіч спачатку пажартаваў наконт арміі. А пасля, едучы ад Бульбы, думаў пра дзве арміі і ў бяссонную ноч — вельмі ж паліла Міру, ён сядзеў каля яе і, калі яна засынала, зноў думаў. Такое раздзяленне суседніх палкоў — полк старой арміі і полк новай — чамусьці абражала яго. Не пазнаёміўшыся яшчэ з суседзямі, ён настроіў сябе супраць іх.
Читать дальше