— Шкада,— зусім шчыра сказаў прыхільнік «рэвалюцыйнай вайны» Сухін, які дагэтуль маўчаў, але так уважліва вывучаў Багуновіча, што таму ад яго позіркаў рабілася ажно ніякавата.
— Во, бачыш! Нават Саша цябе палюбіў. А ён буржуяў гэтых...
— Я не буржуй!
— Прабач.
Пастушэнка з дапамогай днявальнага падаў чай: па кубку кіпню, заваранага ліпавымі кветкамі і малінай — пах пайшоў царскі,— па скібцы хлеба і маленькім драбку цукру.
— Ты глядзі, як яны багата жывуць! — пажартаваў Чарназёмаў. Жарт яго прынялі і гаспадары, і госці. За чаем размова ішла спакойная, лагодная, сяброўская — пра марозы, пра сялян, пра немцаў — як вядуць сябе пад час перамір'я.
Выпіўшы свой кубак чаю, Чарназёмаў сказаў:
— А цяпер, гаспадар, пакажы нам пазіцыі палка.
— Гэта што — інспекцыя?
— Ну і гонару ў цябе! Мы павучыцца хочам, дзівак.
Падхапіўся стары Пастушэнка.
— Калі ласка, таварышы.
Багуновічу здалося, што стары палкоўнік нечаму вельмі ўзрадаваны. Не мог дацяміць — што яго радуе?
Госці прыехалі на дваіх санях. На гэтых санях паехалі на пазіцыі батальёнаў. З імі Багуновіч і Пастушэнка. Сцяпанава не ўзялі: на марозе страшна кашляе, задыхаецца чалавек.
Багуновіч раптам адчуў, што ён хвалюецца, што так не хваляваўся ўжо даўно. Як перад інспекцыйнай праверкай. Некалі, у пятнаццатым годзе, ён страшна перахваляваўся, калі стала вядома, што полк іх наведае вярхоўны — вялікі князь Мікалай Мікалаевіч. Ён не спаў колькі начэй. Марыў: вялікі князь прыйдзе на пазіцыі яго ўзвода і пахваліць яго, камандзіра, ці можа нават начэпіць афіцэрскага Георгія. Але тут жа апаноўваў страх: а раптам нешта не так? Высокае начальства, цэлая світа генералаў, можа ўбачыць тое, чаго сам ты ніколі не ўбачыш, хоць два тыдні ўжо дзень і ноч рыхтуешся да такога высокага агляду.
Тады ён быў жаўтароты прапаршчык, з яго яшчэ не выветрыўся чад ура-патрыятызму.
Вярхоўны наведаў полк, але на перадавой не з'явіўся. З такой інспекцыі ліберальныя афіцэры пасля кпілі. А ён, калі працверазеў, расказваў пра свае мары і страхі з бязлітаснай да сябе і са злоснай у адносінах да дзядзькі цара іроніяй.
І раптам цяпер, пасля рэвалюцыі, калі ён даўно вызваліўся ад любых ілюзій наконт уласнага лёсу,— амаль такое ж хваляванне. Перад кім? Перад кавалямі. Пасля, у размове з Мірай, згадзіўся з яе думкай: таму і хваляваўся, што інспекцыю праводзілі не генералы, а кавалі — камандзіры пралетарскага палка.
А ў дарозе, пакуль ехалі за станцыю, на пазіцыі другога батальёна, дзе пярэдняя лінія была за чвэрць вярсты ад нямецкіх акопаў, моцна злаваўся — на самога сябе. І на Пастушэнку — за тое, што стары сапраўды такі быццам радаваўся гэтай паездцы і зрабіўся ненатуральна гаваркі — расказваў гасцям усе падрабязнасці, што датычыліся размяшчэння палка, асаблівасці пазіцый перад кожным батальёнам, выказваў меркаванні аб сілах праціўніка. У ацэнцы гэтых сіл у Багуновіча былі прыкметныя разыходжанні з начальнікам штаба: лічыў, што агнявая магутнасць немцаў большая. Але аспрэчваць яго не стаў. Згадзіўся: няхай палкоўнік расказвае і далей, у яго палкавы маштаб і непараўнальна большы вопыт камандавання.
Аднак хваляванне не ўтаймоўвалася. Нікога ж не папярэдзілі, таму, безумоўна, была боязь, што ў бліндажах першай лініі не будзе салдат — як пад Новы год, калі яны з Мірай ішлі ад немцаў.
На яго здзіўленне, якое перарасло ў радасць (чаму ён супраціўляўся і ўнутрана фыркаў на гэтае нечаканае пачуццё?), людзей у бліндажах было больш, чым трэба. Тыя салдаты, што знаходзіліся ў ахове, у каравуле, мелі добрую баявую форму, хады зносін, стралковыя і кулямётныя гнёзды былі ачышчаны ад снегу.
Салдаты віталі камандзіра палка, начальніка штаба і гасцей з рэвалюцыйнай стрыманасцю — не цягнуліся ў струнку, не елі вачамі, але па вайсковай форме. Адказвалі гэтак жа — стрымана, але ветліва і па статуту.
У першым бліндажы камандзір узвода унтэр Бураў закамандаваў:
— Устаць! Смірна!— і далажыў: — Таварыш камандзір палка! Першы ўзвод другой лінейнай роты нясе ахову баявога ўчастка ад чыгункі да вышыні сто дванаццаць. На ўчастку ўсё спакойна. Прыходзілі нямецкія салдаты, трое, каб выменяць боты на махорку. Махорку далі...
— Але і боты ўзялі? — іранічна спытаў Багуновіч.
Унтэр вінавата пашкроб патыліцу.
— У той раз мы аднаго з іх у валёнкі абулі, адмарозіў герман ногі,— сказаў стары салдат, каб апраўдаць узвод.
— Во — пралетарская салідарнасць! — павучальна адказаў латыш.
Читать дальше