— Пайшлі, Васіль. Хлопца гэтага будзем прасвятляць пасля. Бывай, бравы салдат. Але запомні, брат, — рэвалюцыі бываюць розныя.
На свой узрост i пісьменнасць я мог лічыцца, бадай, адукаваным палітыкам — разбіраўся ў партыях, у ix лозунгах. Але вось гэтага не мог уцяміць.,. Па Неўскім ездзілі каменданцкія патрулі. Урадавыя. А тут — іншы патруль. Хто ж трымае ўладу, калі справа дайшла да патрулявання вуліц i юнкерамі i рабочымі?
У палку мне сказалі, што Свірскі ўжо не старшыня камітэта, перавыбралі. Старшынёй абралі кулямётчыка Фадзея Ліпатава, ціхага i непрыкметнага салдата, які дагэтуль ніколі не выступаў на мітынгах i якога я нават не ведаў, так хіба помніў з твару.
На Другі дзень я сустрэў у казарме таго латыша, які патрабаваў кулямётную каманду на абарону Піцера ад Карнілава. Гэта ён праводзіў мітынг у мінулы вечар, узняў на ногі полк. Я не запомніў яго дзіўнага прозвішча, але сустрэчы з ім узрадаваўся, хоць ён, напэўна, не помніў мяне i ставіўся не надта ўважліва i зычліва, можа нават лічыў афіцэрскім шпіёнчыкам. Але калі я спытаў у яго, дзе Іван Свірыдавіч Галадушка, вочы ў латыша падабрэлі, але хітра прыжмурыліся.
— А ён хто табе — бацька, дзядзька, сват, брат?
— Дзядзька,— сур'ёзна адказаў я.
Латыш паверыў.
— Праўда, гаворка ў вас адна. Па-руску вы гаворыце не лепш за мяне. Дзядзька твой выконвае заданне партыі.
— Ён абяцаў нрыйсці ў полк, знайсці мяне.
— Абяцаў — прыйдзе. Абяцаў — знойдзе.
I здарылася дзіва: праз дзень ці два Іван Свірыдавіч з'явіўся.
Па ўсім, што рабілася ў гораде, у палку, адчуваў я, што наперадзе — новыя рэвалюцыйныя падзеі, ведаў, што рыхтуюць ix бальшавікі: яны сталі партыяй, за якой пайшлі салдаты, рабочыя. Але якія гэта падзеі — уяўляў туманна, бо не мог бачыць усяго таго, што рабіла партыя ў сталіцы — арганізацыі Чырвонай Гвардыі, узбраення рабочых, кантролю над арсеналамі, блакіравання ваенных вучылішчаў i часцей, якія захоўвалі вернасць Керанскаму. Урад, штаб акругі калі i не ведалі цалкам ленінскага плану ўзброенага паўстання, то, безумоўна, здагадваліся, на што скіравана работа ў Смольным. I яны рабілі захады, каб задушыць рэвалюцыю. Нягледзячы на перавыбары камітэта, полк, наш, відаць, яшчэ не быў выкраслены з ліку часцей, якія маглі б падтрымаць урад. Пэўна, таму — па загаду штаба акругі — Залонскі начаваў у тыя дні пры палку. I ўсе афіцэры былі ў баявой гатоўнасці — пры сваіх батальёнах, ротах, узводах. У маленькім пакойчыку спалі начальнік штаба i ад'ютант. Залонскі спаў у сваім кабінеце.
Умываліся, галіліся афіцэры ў агульным пакоі канцылярыі, дзе ўдзень сядзелі пісары.
На досвітку — Залонскі рана ўставаў — я прынёс ваду, таз, ручнік. Адным словам, як заўжды, рыхтаваў усё неабходнае для ранішняга туалету пана падпалкоўніка.
У гэтві момант i ўвайшоў Іван Свірыдавіч, такі, якога я бачыў там, на пазіцыі, за горадам — у скуранцы, з маўзерам. Я нават зіхнуў ад нечаканасці.
— Чаму спалохаўся, Піліпок? Не чакаў?
— Чакаў... дзядзька Іван.
— Чакаў — гэта добра, не забываеш, значыцца, старых сяброў. Малайчына! Бачыш, выканаў я сваё абяцанне — знайшоў цябе. Камандзір тут?
Як бы ў адказ на яго запытанне адчыніліся дзверы i ўвайшоў Залонскі ў наглянцаваных ботах, але ў хатняй куртцы, расшпіленай; бліснуў залаты крыжык на аголеных грудзях у прарэзе беласнежнай сарочкі.
Здзівіўся ён больш, чым я, калі ўгледзеў свайго былога салдата.
— Галадушка? — i пачаў хутка зашпільваць гузікі курткі — як перад генералам.
Іван Свірыдавіч не па-салдацку — не стаў ва фронт — казырнуў i не па-салдацку павітаўся:
— Добрай раніцы, пан падпалкоўнік.
Залонскі зашпіліў гузікі — спытаў:
— Што вам трэба, Галадушка?
— Вээрка назначыў мяне камісарам у полк. Вось мой мандат,— дастаў з кішэні гімнасцёркі паперку.
— Што такое вээрка?
— Ваенна-рэвалюцыйны камітэт Савета дэпутатаў рабочых i салдат.
Відаць, закранула афіцэрскі гонар, што ён стаіць перад салдатам, i Залонскі сеў за адзін з заплямленых пісарскіх сталоў. Галадушка таксама сеў, за другі стол, напроці. Адзін я стаяў у куце, каля табурэта з тазам i чайнікам, стаіўшы дыханне, зіркаючы то на аднаго, то на другога.
— Як камандзір палка, я падпарадкоўваюся законнаму ўраду... Загадваць мне можа толькі камандуючы акругай,— сказаў Залонскі халодным, афіцыйным голасам.
Іван Свірыдавіч, наадварот, весела ўсміхнуўся, махнуў рукой:
— Э-э, падпалкоўнік, дзіўлюся з вашай адсталасці. Вы ўсё яшчэ верыце, што можаце павесці полк у бой — за што? — без згоды камітэта, салдат?
Читать дальше