— Мяне не палохалі нямецкія атакі, яфрэйтар Галадушка.
— Я не палохаю. Народ добры. I не жадае крыві. Але ў класавай бітве літасці быць не можа.
— Гэта формула вашага Леніна?
— Гэта формула рэвалюцыі.
— Што ж, выдатная формула,— зноў крыва ўсміхнуўся Залонскі, смыкнуўшы плячамі — у пакоі было халаднавата — i захінаючы атласным каўнерыкам курткі шыю.
Галадушка ў гэты момант казырнуў на развітанне, але нешта спыніла яго, ён пільна паглядзеў на афіцэра i па-простаму, бадай па-сяброўску, сказаў:
— Усевалад Аляксандравіч, вы на раздарожжы, вы сапраўды не ведаеце, куды ісці, з кім... Я вам дам параду. Захварэйце на колькі дзён. Восень, холад. Насмарк, горла. Пасядзіце каля каміна. Падумайце. У вас, здаецца, сям'я ў Піцеры? Абяцаю, што ў палку будзе поўны рэвалюцыйны парадак.
— Я астануся на сваім пасту! — не толькі холадна, але, бадай, злосна адказаў Залонскі. — I ў вашых парадах не маю патрэбы.
Іван Свірыдавіч казырнуў зноў.
— Калі ласка. Прашу прабачыць, што патурбаваў. Але майце на ўвазе: камандаваць палком мы будзем разам.
Яшчэ ў жніўні, калі мы зноў сустрэліся, я паверыў: з'явіцца ў палку Іван Свірыдавіч — i зменіцца маё жыццё. Не буду я больш дзеншчыком, лакеем. Абрыдла. Іван Свірыдавіч дасць мне больш пачэсную працу. Таму здалося, што гарачая вада, якую я прынёс у тую раніцу з кухні,— апошняя мая паслуга Залонскаму.
Я выскачыў следам за Іванам Свірыдавічам, дагнаў яго ў калідоры, пайшоў побач з цвёрдай упэўненасцю, што з гэтага пачнецца маё новае жыццё.
Іван Свірыдавіч спытаў:
— Што, брат Піліп? Як думаеш: да каго павернецца гэты пан народнік?
— Да паноў.
Камісар засмяяўся.
— Здаецца, маеш, хлопча, нядрэннае класавае чуццё. Як астатнія афіцэры?
— Лаюць Керанскага i бальшавікоў,— я ўспомніў, хто Іван Свірыдавіч, i прыкусіў язык.
— Хочуць ваяваць? На фронт ірвуцца?
— Не, на фронт ніхто не рвецца. Нават прапаршчык!.
— Вось бачыш, Піліп! А пра перамогу крычаць. Няхай льецца кроў рабочых i сялян? Так? Мала яшчэ праліта крыві? Сукіны сыны яны ўсе разам ca сваім
Керанскім. Дэмагогі. Што ж, прапаршчыкаў паетараемся нейтралізаваць. Вядзі да старшыні камітэта.
Неўзабаве сабраўся палкавы камітэт. Я ўпершышо прысутнічаў на яго пасяджэнні. Дагэтуль ніхто мяне не запрашаў.
Першы гаварыў Іван Свірыдавіч. Ён сказаў, што Часовы ўрад — урад капіталістаў i памешчыкаў, не толькі не выканаў патрабаванне паўстаўшага народу — скончыць вайну, устанавіць рабочы кантроль над вытворчасцю, даць зямлю сялянам,— але ўсё больш i больш пераходзіць у наступленне на заваёвы народу, заключав тайныя пагадненні з саюзнікамі i — больш таго — намерваецца здаць Петраград немцам, рыхтуе разгром Саветаў, фабрычна-заводскіх i салдацкіх камітэтаў. Ён сказаў, што Саветы павінны ўзяць уладу, што толькі Савецкі ўрад — урад рабочых, сялян, салдат — можа выканаць волю народу. Заклікаў камітэт, калі спатрэбіцца, узняць полк на абарону Саветаў ад контррэвалюцыйнай змовы Керанскага.
Але выступіў член камітэта, унтэр-афіцэр з першага батальёна, i сказаў: яму вядома, што не ўрад, а бальшавікі рыхтуюць мяцеж i што калі яны яго ўзнімуць, то рота, якую ён прадстаўляе, выступіць за ўрад. Маўляў, яны (хто яны — я так i не зразумеў) не жадаюць, каб рускія стралялі ў рускіх. «Хопіць таго, што нас забіваюць немцы! — крычаў унтэр.— Любое выступленне цяпер супроць урада прывядзе да кровапраліцця, да паражэння на фронце, да анархіі ў краіне». Вось тут i загарэлася такая бойка, што шмоцце ляцела. У падтрымку унтэра тут жа выступіў Свірскі — ён аставаўся членам камітэта. Гаварыў эсэр доўга, горача, стукаў кулаком у грудзі, крычаў пра банапартызм бальшавікоў.
— Нам будзе ганьба, калі мы дазволім, каб палкавым камітэтам камандаваў бальшавіцкі камісар. Во! Во хто топча дэмакратыю, нашу салдацкую свабоду! Бальшавікі хочуць дыктаваць усім партыям.
Іван Свірыдавіч не адказаў. Сядзеў, слухаў i пасміхаўся. Свірскаму адказаў новы старшыня камітэта Фадзей Ліпатаў. Добра я запомніў яго. Ён праваяваў усю вайну, быў тройчы паранены, лічыўся лепшым кулямётчыкам, але салдацкага, як казалі тады, бравага выгляду не набыў. Звычайны селянін — згорблены ад працы, барадаты, заўсёды неахайна падпяразаны. Маўклівы. Але калі ўжо пачынаў гаварыць, то далікатных слоў не падбіраў. Свірскаму ён сказаў:
— Ты спачатку, гад, скажы, чаму хацеў палавіну камітэта на фронт паслаць? Хто складаў спіс маршавай роты?
— Майго подпісу не было. Не! — завішчаў Свірскі.
Читать дальше