— Часу на размову не было. Мы хутка ішлі па полі, па пожні зжатага ячменю, па бульбе з яшчэ зялёным каліўем, па лугавіне. Пазіцыі атрада паабапал чыгункі i шашы цягнуліся кіламетры на чатыры. Залонскі ішоў наперадзе, прыкідваў, дзе паставіць кулямёты. Але Іван Свірыдавіч, слухаючы мой расказ, сачыў за камандзірам палка i часам ветліва падказваў:
— Грамадзянін падпалкоўнік! Я думаю, што лепшая пазіцыя была б вунь пад тымі дубамі. Адгэтуль бярэзнік загароджвае шашу. Казакі могуць ісці па шашы. Чыгуначныя саставы мы спынім без кулямётаў. У нас ёсць іншая сіла.
Залонскі моўчкі згаджаўся. Толькі адзін раз рашуча запярэчыў — калі Іван Свірыдавіч прапанаваў размясціць кулямётны разлік на гарышчы пустой дачы. Нават узлаваўся чамусьці:
— Гэта абсурд! Ёсць правілы вайсковай тактыкі!
Іван Свірыдавіч здзівіўся, чаму падпалкоўніку так не спадабалася пазіцыя на дачы, але спрачацца не стаў.
Калі я расказваў пра старшыню палкавога камітэта, расказваў яшчэ з захапленнем — такі прамоўца, што да слёз даводзіць, калі гаворыць! — Іван Свірыдавіч зацікаўлена спытаў:
— Хто ён?
— Свірскі? Як хто? Старшыня...
— Ад якой партыі, не ведает?
— Эсэр.
Іван Свірыдавіч засмяяўся.
— Усё зразумела. Але скажу табе, браце Піліп, можа полк ваш i рэвалюцыйны na настроі салдат, але ў рэвалюцыйнасці вашага палкавога камітэта я моцна сумняваюся.
Каб хто іншы, старонні гэта сказаў, напэўна, я кінуўся б у бой за свой камітэт, за Свірскага. А з Іванам Свірыдавічам не толькі не стаў спрачацца, a чамусьці пачаў расказваць, як латыш вырываў кулямётную каманду, хоць добра разумеў, што гэта пацвердзіць Галадушкаву думку, Але, магчыма, мне захацелася неяк узняць у яго вачах камандзіра: ён жа першы згадзіўся накіраваць кулямётчыкаў! Я быў у той час юным лібералам; наслухаўшыся прамоў, начытаўшыся газет пра роўнасць усіх людзей, хацеў усім ім, людзям, рабіць добрае. Няхай Залонскі спалохаўся на судзе — перад трыбуналам любы мог спалохацца! — але ж чалавек ён добры. Відаць, Іван Свірыдавіч усё так i зразумеў, бо адказаў:
— Пасля таго, Піліп, што ты расказаў, Свірскі твой ясны, як божы дзень. А вось ён,— кіўнуў на Залонскага,— быў загадкавы i пакуль што астаецца загадкай. Для мяне ў прыватнасці.
Камандзір палка спяшаўся вярнуцца ў горад. А мне так хацелася пагутарыць з Іванам Свірыдавічам! Даўно я не гутарыў ні з кім так сур'ёзна, па-даросламу, i ў той жа час шчыра, вельмі даверліва, як некалі з дзядзькам Ціханам. Сардэчна гутарыў з Катрусяй, але ж пра палітыку з ёй не пагаворыш, яна ў палітыцы тады цямней ночы была. Гэта цяпер мая Кацярына Васілеўна — самы дасведчаны міжнароднік, ад газет i тэлевізара не адарвеш.
Папрасіў камандзіра дазволіць астацца з кулямётчыкамі. Адмовіў. Нават, здалося мне, са злосцю. Злосць яго балюча ўразіла/У душы маёй узняўся пратэст. Захацелася ўзбунтавацца, як некалі ў Смаленску. Я вольны чалавек. Чаго мне баяцца? Ды яшчэ тут, пры Іване Свірыдавічы, пры рабочых! Не паеду — i ўсё! Няхай сам чысціць боты. Лакеяў больш няма!
Але, мусіць, Іван Свірыдавіч i тут адгадаў мае пачуцці, мой намер, ці па твары, у вачах прачытаў, бо лагодна сказаў:
— Смеласць тваю, Піліп, мы ведаем. Але нам ты мала паможаш. A камандзіру больш патрэбны. Шчасліва вам,— i весела падміргнуў мне.— Не бойся, цяпер я знайду цябе. Параднюся з вашымі кулямётчыкамі — i буду частым госцем у палку.
Ехаў я назад з крыўдай на Залонскага. Але ўвогуле на душы было хораша. Быццам прасвятленне нейкае найшло. За апошнія месяцы ў галаву маю набілі многа ўсялякага смецця. Нядоўгая размова з Іванам Свірыдавічам як бы пачысціла той сметнік i да ладу шмат што прывяла. Як гаспадарлівы каптэнармус — раскладзе ўсё ў капцёрцы па парадку, i адразу відаць, што лішняе, а чаго не хапае. Так i я. Качаючыся i падскокваючы ў кузаве, адзін, як качан, раскладваў я ўсё па парадку i пачынаў бачыць, адчуваць, чаго мне не хапае, а чаго i занадта многа ў галаве. Добра помню, што цвёрда вырашыў: «Калі i пасля асуджэння на смерць Іван Свірыдавіч так верыць Леніну, ідзе за ім, то i я пайду за Леніным i ніякай хлусні пра бальшавікоў больш не паверу».
А той жа Свірскі ў сваіх прамовах ліў на бальшавікоў бруд. Але я разумеў, што, каб здзейсніць гэты свой намер, трэба змяніць жыццё. А як? Уцячы з палка, ад Залонскага? Падацца на завод? То навошта Іван Свірыдавіч сказаў, што я патрэбны камандзіру? Можа мае нейкі свой разлік? Буду чакаць сустрэчы з ім. Я верыў у такую сустрэчу, вельмі хуткую, i ад гэтага адчуў сябе спакойна, упэўнена, павесялеў.
Читать дальше