Полк размясцілі ў казармах на Васілеўскім востраве, недалёка ад завода «Дзюмо». Выклікалі полк — i быццам забыліся на яго. Ніякіх каманд не паступала. I ніхто — ні штаб, ні салдацкі камітэт — не ведалі, калі, дзе, які полк можа выступіць супроць казакоў, якіх Карнілаў i Красноў вялі на Петраград.
Ад майго пільнага вока нічога нельга было схаваць, не схавалася i тое, што Залонскі, афіцэры, Свірскі i некаторыя іншыя члены камітэта туляліся разгубленыя, узрушаныя i зусім не выказвалі радасці ад таго, што полк апынуўся ў сталіцы i павінен ісці ў бой за рэвалюцыю. Адзін я падскокваў ад радасці, як малады жарабок, i пасняваў усюды заглянуць, усё падслухаць.
Яшчэ на вакзале полк сустрэлі тры прадстаўнікі ЦВК Саветаў — двое цывільныя, адзін ваенны — прапаршчык. Відаць, ні Свірскі, ні Залонскі не разабраліся адразу, ад якой партыі тыя людзі. Ix задаволіла, што прадстаўнікі мелі мандаты Савета. Там, на вакзале, правялі мітынг. ІІалымянасць ix прамоў, яснасць, пераконанасць, неяк адразу зацьмілі туманную красамоўнасць эсэра Свірскага. Большасць салдат падтрымалі прадстаўнікоў. А я, яшчэ не ведаючы дакладна, хто тыя людзі, падумаў, што яны — як Іван Свірыдавіч, смерці не баяцца, нічога не баяцца, што яны, напэўна, з партыі Леніна. Гэта такі праўда былі бальшавікі з ваеннай арганізацыі. Адзін з ix — малады чалавек, падобны на студэнта, з бародкай, з нярускім прозвішчам, таму я не запомніў яго, з'явіўся ў полк на трэці дзень, з ім — чалавек пятнаццаць узброеных рабочых i матросаў. Сабралі палкавы камітэт. Я схітраваў — ніхто мне не загадваў — i сам стаў за вартавога каля акон будынка, дзе праходзіла пасяджэнне.
Прадстаўнікі патрабавалі ад камандавання i камітэта выдзеліць кулямётную каманду, якая павінна падтрымаць атрады Чырвонай Гвардыі, іпто занялі абарону на подступах да Петраграда. Залонскі адказаў, што не мае загаду вышэйшага камандавання.
— Чыйго загаду вы, пан падпалкоўнік, чакаеце? Карнілава? Крымава? — гарачыўся цывільны.— Ёсць загад народа!
— Таварышы, таварышы! — стараўся прымірыць Свірскі,— Падпалкоўнік Залонскі верны рэвалюцыі афіцэр. Але нельга ж так — з наскоку. Мы не маем нават патронаў. Нашы склады асталіся ў Таржку.
— Патронамі забяспечым мы, ваенная арганізацыя рабочага класа. Контррэвалюцыя не чакае. Трэба даражыць кожнай хвілінай!
— Дайце нам параіцца'з ЦВК Саветаў,— папрасіў Свірскі.— З урадам.
— Вы можаце раіцца з кім хочаце i колькі хочаце. Але калі праз гадзіну кулямётчыкі не выступяць, мы склічам палкавы мітынг i абвесцім аб вашай пазіцыі ў барацьбе з контррэвалюцыяй. Паглядзім, што скажуць салдаты. Ці такі камітэт патрэбны ў гэты час рэвалюцыйнаму палку?
— Вы нас не палохайце i не стаўце ультыматум,— крычаў Свірскі.— Полк павернецца да вас спіной.
— Склікайце мітынг — i там паглядзім, да каго якім месцам павернуцца салдаты.
Але, напэўна, камандзір палка лепш чым камітэт ведаў настрой салдат, бо раптам ветліва папрасіў не траціць час на спрэчкі, на мітынгі, а па-вайсковаму абмеркаваць дэталі: колькі кулямётаў, колькі салдат патрабуецца; што можа выставіць полк; калі i куды выязджаць, на якім транспарце.
Кулямётчыкаў вывозілі на пазіцыі на аўтамабілях. З'яўленне праз якія дзве гадзіны грузавікоў па тэлефонным выкліку маладога латыша вельмі ўзняло яго аўтарытэт. Відаць, ні разумны Залонскі, ні хітры i ўвішны Свірскі не маглі зразумець, адкуль такая сіла i ўлада ў рабочага камандзіра. Яны ведалі адно: сам Керанскі не здолеў бы прыслаць аўтамабілі. Бо колькі ix у той час было... А тут пазваніў нейкі просты, нікому не вядомы бальшавік — i падалі самы хуткі транспарт. Хто яго прыслаў? Адкуль?
Магчыма, што гісторыя з аўтамабілямі ўзбадзёрыла Залонскага, узняла яго баявы дух. Ён пажадаў сам паехаць за горад — размясціць кулямёты на пазіцыі. Хіба я мог прапусціць такую паездку?
Ехалі з чырвонымі сцягамі. З транспарантамі: «З'яднанымі шарэнгамі сустрэнем ворага народу, здрадніка рэвалюцыі, забойцу Свабоды — Карнілава!»
Калі ехалі па цэнтры сталіцы, паны i пані глядзелі на нас злоснымі вачамі. А на ўскраіне, у заводскім раёне, рабочыя махалі шапкамі, крычалі добрыя пажаданні. Босыя i мурзатыя, такія, якім некалі быў я, хлапчукі беглі за грузавікамі.
Цяпер Ленінград разбудаваўся, зліўся з прыгарадамі, з дачнымі мясцінамі, і, здаецца, гораду няма канца i краю. А тады: апошнія драўляныя дамы за Нарвскай заставай — i адразу поле. Не, не поле — балота, пустэльнае, дзікае.
У канцы жніўня там, ля Фінскага заліву, восень адчуваецца больш прыкметна, чым у нас тут, у Беларусь Але той дзень, помню, быў па-летняму цёплы, сонечны, ціхі. I хоць невысокія бярозкі ззялі на сонцы золатам, не хацелася верыць, што надыходзіць восень. Можа ад настрою залежала? Салдаты ехалі весела. На клінкернай, а пасля на тарцовай шашы моцна трэсла, падкідала. Большасць упершыню ехала на аўтамабілях, таму ўсё здавалася незвычайным; калі падкідала, узбуджана смяяліся. Я таксама спачатку смяяўся, але хутка сціх. Уразіла пустэча — ніводнага чалавека. Уяўлялася, што навокал будзе людна, як у прыфрантавой паласе — тылы, абозы, кухні. Не, нікога няма. Гэта цяпер, пры сучасным транспарце, нідзе не схаваешся ад людзей — ні ў полі, ні на лузе, ні ў лесе. А тады рэдка хто выязджаў за горад. Раней царская світа, князі, графы i ўсе багацеі па той дарозе ездзілі — на свае дачы, у загародныя вілы. A ў рэвалюцыю прытаіліся, не шыкавалі перад галоднымі рабочымі.
Читать дальше