Мы яшчэ доўга стаялі — пакуль узводныя не перапісалі ўсіх людзей i не далі спісы ротмістру Ягашыну. Пасля батальён гналі ўсю ноч. Па палявых гразкіх дарогах, пад дажджом. Ягашын гнаў. Ён лётаў то ў галаву, то ў хвост калоны, бізуном падганяў адстаючых, як жывёлу. Я таксама пакаштаваў яго бізуна. Ці то ён біў без разбору, ці ўгледзеў у цемры маю маленькую постаць i адпомсціў за буркі.
Коней далі толькі Залонскаму i начальніку штаба. Ротныя i ўзводныя афіцэры ішлі разам з салдатамі.
На світанні Ягашын недалічыў чатырох чалавек. Можа ўпалі ад знямогі ў разору ці, вельмі магло быць,— уцяклі, дэзерціравалі. У дадатак выявілася, што мы збіліся з дарогі i прыйшлі не туды. Ашалелы ад злосці ротмістр хацеў гнаць далей, але знясіленыя салдаты абурана загулі i патрабавалі адпачынку i снедання; вячэры не было, i людзі ішлі галодныя. Ягашын мусіў паслаць раз'езд, каб знайшлі абоз i палявыя кухні, якія ішлі за намі, але адсталі.
На прывале я прыслужваў капітану. Залонскі быў змрочны, ні разу не глянуў на мяне; ручнік, мыла, міску з супам, лыжку браў так, быццам падаваў ix не чалавек, а дух бесцялесны.
Сукнавалаў размазваў слёзы, каўтаючы сліну: ён чакаў міскі. Рэчы батальённага начальства прывёз каптэнармус разам з кухнямі; рэчы ротных афіцэраў ехалі ў абозе. Дакука пажартаваў:
— Нашым мяшкам — асобая пашана.
Ён чытаў вершы ў часе снедання ў полі. Вершы тут i ў той час гучалі як здзек, кпіны. Сукнавалаў скрыгатаў зубамі. Салдаты з абурэннеім пыталіся ў камандзіраў:
— Хто мы — арыштанты ці салдаты? Куды нас гоняць?
Прыгналі батальён у Гарадзею. Там ужо былі іншыя батальёны, службы i штаб палка. Гэта ўзбадзёрыла i афіцэраў i салдат — што сабралі ўсіх разам i што хоць лепшыя хаты занялі казакі i ўсюды шнырыла ваенна-палявая жандармерыя, полк размясціўся як на адпачынку, толькі што без зброі.
Але калі Залонскі даведаўся, што іншыя батальёны, якія гэтак жа не падняліся ў атаку i гэтак жа былі абяззброены i зняты з перадавой, ішлі сюды без казацкага канвою, то абураўся страшэнна. Крычаў, кідаў рэчы, бегаў да штаба палка. Раніцой быў вялы, бязвольны, прыглушаны няшчасцем. А то зрабіўся надзвычай дзейсны. Афіцэр абвясціў, што ротмістр Ягашын перавышаў свае паўнамоцтвы i прынізіў, абразіў ix усіх, гонячы як арыштантаў. Падпаручнік Дакука зусім сур'ёзна папрасіў дазволу выклікаць Ягашына на дуэль. Сукнавалаў завыў: «Што вы робіце, панове? Мала вам адной бяды?»
Мне давялося ўбачыць, як у той жа дзень яны сустрэліся ў завулку — Ягашын i Залонскі. Стаялі тварам у твар, трымаючыся за кабуры, пунцовыя, з налітымі крывёю вачамі. Ротмістр першы папярэдзіў:
— Спакойна, капітан. Не мой эскадрон не пайшоў у атаку.
— Раю вам, ротмістр, саступіць, калі лёс яшчэ раз звядзе нас на вузкай дарожцы.
Разышліся.
Між тым, працягваліся арышты. Арыштавалі нават некаторых афіцэраў. Полк, па сутнасці, расфарміроўвалі. Штодня з раніцы да вечара засядала спецыяльная камісія, на допыт выклікалі кожнага салдата.
Ад таго, якую характарыстыку даваў свайму салдату ротны афіцэр, які прысутнічаў на камісіі, дзе рабіў салдат да арміі, як ваяваў, залежаў яго лёс. Адных адсылалі ў штрафныя роты, другіх — у іншыя часці, мала каго пакідалі ў сваім палку.
Падпаручнік Дакука вярнуўся з такой камісіі, праз якую прапусцілі яго роту, вельмі ўсхваляваны i змрочны. Мяне ў тыя дні больш, чым да каго іншага, цягнула да яго. Можа таму, што ён выказваўся смялей за ўсіх іншых i ахвотна тлумачыў тое, чаго я яшчэ не ведаў ці што не мог зразумець. Залонскі, наадварот, ставіўся да мяне насцярожана, — здавалася, што ён хоча збавіцца ад такога дзеншчыка, але не ведаў, як гэта зрабіць, куды мяне дзець, бо па гадах я ўсё яшчэ не падыходзіў пад прызыў i мяне нельга было адаслаць у страявую часць.
Праз тыдзень у Нясвіжы судзілі арыштаваных. На суд выклікалі батальённага i ротных камандзіраў. Мяне Залонскі не ўзяў; не тое, што раней: нідзе не абыходзіўся без дзеншчыка.
Позна ўвечары чамусьці першы вярнуўся Дакука. I прыйшоў да нас — у хату, дзе жыў камбат. Разам з гаспадыняй я гатаваў вячэру, чакаючы паноў афіцэраў. Выгляд падпаручнік меў страшны, i немагчыма было зразумець — п'яны ён ці хворы. Стаў перад акном i доўга-доўга пільна ўзіраўся ў цемру. Я нясмела спытаў:
— Як там, ваша благароддзе?..
Дакука павярнуўся. Вочы яго пры святле цьмянай лямпы чамусьці зрабіліся белыя, як зацягнутыя бяльмом.
— Ix расстраляюць, Жмянькоў,— здалося — проста адказаў ён.
Я задыхнуўся i таму не адразу спытаў:
Читать дальше