— М-ме-мя-не п-п-па-а-сла-лі ведаеце куды? Ш-што ж гэта такое, па-панове?
Адбывалася страшнае, незразумелае для афіцэраў i незвычайнае, цікавае — для мяне. Дарэчы, я лепш, чым усе яны, разумеў, што адбылося.
Фельдфебель першай роты, якога салдаты не любілі, ускочыў у бліндаж з крыкам:
— Яны ўзнімуць нас на штыкі!
Афіцэры збіліся ў кутку бліндажа, за сталом, як спалоханыя навальніцай цяляты. Я не паверыў, што салдаты могуць пакалоць афіцэраў, i мяне смяшыў ix страх: столькі слоў кожны з ix сказаў салдатам пра смеласць i гераізм, a самі дрыжаць, як зайцы пад мокрым кустом.
Пасля я даведаўся: камандзір першай роты паручнік Сукнавалаў хацеў застрэліцца там жа, у акопе. Унтэр адабраў у яго рэвальвер. Ён прыйшоў у бліндаж, абвёў усіх позіркам ашалелых вачэй і, упаўшы на стол, за якім неаднойчы весела гуляў у карты, заплакаў, як дзіця — наўзрыд, калаціўся, біўся галавой. Залонскі сказаў яму:
— Супакойцеся, паручнік. Сорамна.
— Дайце мне рэвальвер. Я застрэлюся. Я не хачу больш жыць. Гэта ганьба! Ганьба! Усім нам.
— Але, гэта ганьба,— пацвердзіў сівы падпалкоўнік ca штаба дывізіі i раптам немаведама з якой прычыны накінуўся на мяне: — А ты чаго круцішся каля паноў афіцэраў? Шпіёніш? Пайшоў прэч, гніда!
Я выскачыў з бліндажа страшэнна пакрыўджаны i пайшоў у акопы — да салдат.
Немцы баяліся атакі i, каб не даць нашым узняцца, не шкадавалі патронаў; кулямёты ix як не захлыналіся. Пэўна, яны не разумелі, што адбываецца, думалі, што рускія падрыхтавалі нейкую хітрасць, таму цішыня ў нашых акопах палохала ix больш, чым атака казацкіх сотняў.
У акопе мяне сустрэў падпаручнік Дакука. Я здзівіўся: ён адзін з афіцэраў паводзіў сябе так, быццам нічога асаблівага не здарылася,— ні спалоху, ні разгубленасці на яго твары. Спытаў:
— Жмянькоў! Куды змылася камандаванне? Спалохаліся салдацкай забастоўкі? — ён першы ўжыў дзіўнае для мяне слова, сэнс якога я ведаў, але лічыў, што баставаць могуць толькі рабочыя. Ад Івана Свірыдавіча я чуў пра такія забастоўкі, але ні ад каго не чуў, што могуць забаставаць салдаты, ды яшчэ на вайне.
— Салдатам не хочацца паміраць,— спакойна разважаў падпаручнік,— А каму хочацца? Табе хочацца? Мне, брат, таксама не хочацца. Салдаты забаставалі супроць смерці. Але немцы могуць контратакаваць. Здаецца, салдаты не думаюць здавацца ў палон. Яны будуць адбіваць контратаку. Смерць адбіваць. Хто імі будзе камандаваць? Схадзі, калі ласка, спьггай у харобрага рускага дваранства.
З дваранства Дакука часта кпіў. Некалі, зімой яшчэ, ротмістр Ягашын сінеў ад гэтых кпінаў i разы два хапаўся за кабуру. Залонскі паблажліва пасміхаўся i адзін на адзін супакойваў ротмістра: маўляў, прапаршчыка трэба зразумець — сын фельчара атрымаў права вучыцца ва універсітэце, але ў кішэнях яго заўсёды гуляў вецер; ад гэтага злосць i зайздрасць да тых, хто меў большыя магчымасці.
Пакрыўджаны падпалкоўнікам са штаба, я агрызнуўся на Дакукаву просьбу, адчуўшы ў ёй насмешку:
— Самі схадзіце спытайце.
Падпаручнік здзівіўся.
— I ты бастует? То можа i капітан твой забаставаў? — i раптам з лагоднага зрабіўся злосны, абазваў мяне дурнем i сказаў, што i Залонскага, i яго, i «всех дураков и трусов» расстраляюць, калі яны не будуць камандаваць у час нямецкай контратакі, i салдаты падымуць рукі ўгору.
Дакука заўсёды цікавіў мяне, але прыгарнуцца да яго я не мог — калючы ён быў. Афіцэры яго не любілі. I салдаты таксама не вельмі любілі, бо не разумелі: часам ён быў залішне гарачы i крыклівы, а часам абыякавы да ўсяго i на простыя пытанні адказваў незразумелымі кніжнымі словамі. Але ў тую раніцу, магчыма, салдаты палюбілі яго. Расказвалі: калі ніхто не кінуўся следам за ім у атаку, падпаручнік споўз назад у акоп, смачна мацюкнуўся, але на салдат не крычаў, не называў быдлам. Сеў на дно акопа, сказаў:
— Бастуем? Чорт з вамі. Але спачатку застрэльце свайго ротнага. Я не хачу, каб з-за вас мяне павесілі. Вы не хочаце паміраць — i я не хачу паміраць. Але калі хто з вас думае здацца немцам —атрымае кулю ў спіну. Майце на ўвазе. Калі хто мае такі намер, няхай спачатку застрэліць мяне. I афіцэраў. Унтэры! Заняць месцы каля кулямётаў. Страляць па немцах, калі яны контратакуюць, i па сваіх, хто паспрабуе здацца ў палон.
Немцы не пайшлі ў атаку. Над нашымі акопамі не ўзняўся ніводзін штык з белай хусткай. Як заўсёды, агрызнуліся нашы кулямёты. Не першы дзень i не першы тыдзень мы стралялі менш, чым немцы, — не хапала патронаў. Таму, здавалася, дзень набыў сваю акопную звычайнасць. У акопах i ходах запахла крупнікам — неслі з кухні сняданак.
Читать дальше