Прыходжу ў бліндаж — а там бацька, у афіцэрскіх пагонах, за адным сталом з Залонскім. «А вось i герой ваш!»
Так гэта ўявілася, што на нейкі момант паверылася, нібы сапраўды бацька прыехаў. Вярнуўся ў бліндаж — а там іншае. Адчыніў дзверы — i зноў пачуў смех, гэтакі ж, як у салдацкай зямлянцы. Смяяўся прапаршчык Дакука, трымаючы газету. Ротмістр Ягашын кінуўся да яго.
— Вам чаму смешна, прапаршчык? З чаго смеяцеся? З Указа гасудара? З патрыятызму народу?
— Я смяюся ад радасці за вас, пан ротмістр,— сур'ёзна адказаў прапаршчык i прачытаў вершы:
— И вечный бой! Покой нам только снится. Сквозь кровь и пыль...
Афіцэры прыціхлі, быццам няёмка зрабілася ім. Дакука чытаў яшчэ нешта, чаго я не запомніў. Але чары вершаў кончыліся, больш ніхто не слухаў — рыхтавалі стол на святочнае снеданне. Ён, Дакука, сярод людзей зноў быў адзін, як у тую ноч, калі мяне ўпершыню прывялі ў бліндаж. Цяпер я разумеў прапаршчыка, бо часам i сам аставаўся вось такім адзінокім сярод гэтых людзей. Hi віно, ні яда яго не цікавілі. Доўгі, нязграбны, ён сядзеў у кутку i ціха-ціха кранаў струны гітары; яны не спявалі — жаласна стагналі. Мяне ўбачыў не адразу, хоць я i круціўся тут, зноў падхоплены хваляй афіцэрскай радасці, зноў забыўшыся на размову ў салдацкай зямлянцы. Убачыў мяне Дакука — здзівіўся чамусьці.
— Гэта ты — вялікі патрыёт?
Зноў насцярожыліся паны афіцэры. Але прапаршчык зноў прачытаў вершы, здалося мне, знаёмыя — як песня, якую спявалі ў нас:
«А когда ж мне, дитятко, Ко двору тебя ждать?» «Уж давай мы как следует Попрощаемся, мать».
I дадаў:
— Жыві, атроча. Я вып'ю за цябе.
Але выпіць яму не далі. Раптам узлаваўся Залонскі, пачырванеў, ціха-ціха, нібыта спакойна, але рашуча загадаў Дакуку пайсці змяніць дзяжурнага афіцэра Антонава, спевака, выпіваку, рагатуна.
Прапаршчык не сказаў ні слова, здалося мне — пайшоў ахвотна, аднак усё адно стала шкада яго: паспрабуй пад такім дажджом пасядзець у акопах! Калі дзверы за ім зачыніліся, нехта сказаў:
— Белая варона.
Але ніхто не падтрымаў: ці таму, што прысутнічалі мы — дзеншчыкі, кухар — ці таму, што ніхто з паноў не хацеў лічыць сябе чорнымі варонамі.
«Прайшоў агонь, ваду, медныя трубы». Кажуць, прайсці медныя трубы — гэта прайсці цераз славу, самае цяжкае выпрабаванне. Была ў мяне слава, пазней, у сталыя гады, сапраўдная, заслужаная. Ды ніколі ўжо так не кружылася галава, як закружылася тады, у чатырнаццаць гадоў. Не, не ў той дзень, калі прыйшлі газеты i афіцэры запівалі царскія ўказы. У той дзень на мяне не звярталі ўвагі: павіншавалі — i забыліся. У той дзень у мяне больш смутку было, бо адчуваў я сябе адзінокім, як той прапаршчык Дакука. I раздвоеным: хацелася пайсці да Івана Свірыдавіча, да салдат, але чамусьці было боязна, праўду баяўся пачуць, ці што. Чалавек часам цягнецца да праўды i баіцца яе.
У славу я акунуўся на трэці дзень. I панесла мяне, браткі, за воблакі.
Залонскі зноў павёз у мястэчка, у штаб дывізіі. Там доўга круцілі мяне ажно тры вайсковыя краўцы i да вечара скроілі мундзірчык — парадны, як належыць георгіеўскаму кавалеру. Пасля ўсе разам — Шувалаў, Залонскі, Ягашын, афіцэры ca штаба — паехалі на конях да станцыі, адтуль цягніком — у Мінск. Упершыню ехаў я па чыгунцы, бо ад нас яна далека — вёрст сорак. Ужо ад аднаго гэтага галава кружылася.
А пасля — Мінск з гмахамі, якія вясковаму хлопцу здаліся бог ведае якімі вялікімі, з конкай, з такім мноствам людзей, што ўвесь горад здаўся вялізным кірмашом. Колькі паноў у капелюшах! Колькі паняў i паненак у футрах! I вайскоўцаў — больш, чым на фронце. Здзівіла, помню, мноства міласэрных сясцёр. Усіх жанчын у форме я лічыў тады за сясцёр, пазней даведаўся, што большасць з ix аціраюцца ў розных штабах ды камітэтах.
Крыж Георгіеўскі ўручылі мне ў бялюткай зале, з бліскучай i слізкай падлогай, па ёй боязна было хадзіць. Паўз сцены стаялі афіцэры ў парадных мундзірах i пані ў шыкоўных сукенках. Яны дружна пляскалі ў далоні. Угары, недзе над галавой, іграў ваенны аркестр.
Генерал (пасля я даведаўся — камандуючы фронтам Эверт) гаварыў прамову аб патрыятызме народу i маім подзвігу. Яго часта перапынялі воплескамі.
Спачатку мяне апаноўваў страх, а потым у нейкі міг (бываюць такія пераскокі) я зрабіўся спакойны i ўпэўнены, нават, калі хочаце ведаць, трохі нахабны — гэткая сумесь кароткай лакейскай вывучкі i сялянскай хітрасці: за ўсім назіраў пільным вокам, усё запомніў, каб нічога не прапусціць i выхапіць што-небудзь смешнае, што можна расказаць салдатам; я ўжо ведаў, што салдаты любяць смешнае пра генералаў i паноў. Калі ад'ютант прычапіў мне на грудзі Георгія чацвёртай ступені, а генерал нахіліўся i халоднымі вуснамі чуцьчуць дакрануўся маёй скроні, Залонскі, які стаяў непадалёк, кіўнуў галавой, i я закрычаў звонкім голасам — ажно рэха адбівалася ад узорыстай столі:
Читать дальше