Вечарамі, калі быў у канюшні, дзядзька садзіў мяне на рахманага Ангора, i мы ганялі на раку паіць коней. Пакуль коні вярталіся — ішлі яны панурыя, цяжкія ад вады, апусціўшы галовы, не брыкаліся i не гулялі, як хвілін колькі таму,— валасы ля пыс абмярзалі, звісалі тоненькімі лядзяшкамі, якія дакраналіся адна да адной i ціхенька пазвоньвалі...
...Я пабег за возам, стаў крычаць i махаць рукою. Каб летам, то мог бы яго i не дагнаць, але цяпер, бездарожжам, цяжка нагружаны конь цягнуўся паволі, i я хутка дагнаў яго.
Дзядзька прыпыніўся i злез з калёс, прывітаўся ca мною за руку, спытаў:
— Што скажаш добрага?
— Сёння нам бусел дзяўчынку прынёс,— сказаў я.
— А! — дзядзька ўсміхнуўся, ускалашмаціў свае валасы.— Ёсць адзін такі бацян, ён ніколі не адлятае на зіму, a разносіць па хатах дзяцей. Правароніў юшку зачыніць?
Я апусціў галаву: сапраўды ўчора не зачыняў, бо дагледжваў грубку бацька — тоўк галавешкі, разгортваў жар. I бацька, i дзядзька вінавацяць толькі мяне...
Дзядзька Янусь падхапіў мяне на рукі, пасадзіў на дровы, i мы паехалі да нас. Калі зайшлі ў хату, я ўбачыў, што бацька дастаў за гэты час з вышак калыску, абцёр яе ад пылу. Знайшоў недзе маленькі сеннічок i паспеў ужо напхнуць яго сенам.
— Я не бачыў, што ты, малец, выскачыў на двор,— усміхнуўся ён.
— Цяпер цябе, пляменнік, будуць часта не бачыць,— прамовіў дзядзька.— Цяпер будуць калаціцца па ёй. Што смачнейшае, лепшае — усё будзе ёй, а не табе...— ён нагнуўся, глянуў на дзяўчынку, здзівіўся: — О, якая брыдкая! Ну што, малец, язык высалапіў? Не ўгледзеў?.. Калышы цяпер.
2
Зусім мяне растрывожыў дзядзька. Я стаў прыглядацца, чым жа смачнейшым будуць карміць малую? Што мне застанецца? Дасюль, калі трапляліся якія цукеркі-падушачкі, то былі мае. А цяпер, выходзіць, дастануцца ёй.
Праз колькі дзён я ўбачыў, што маці яе нічым яшчэ не корміць, дае толькі грудзі. Я не вытрываў i спытаў аднойчы, калі будуць даваць малой есці i што-небудзь іншае.
— Падрасце — будзем падкормліваць,— адказала маці.— Пакалышы, а я схаджу ў хлеў.
«Глядзі во яе!.. Няма як пабегчы да Антоніка, нагуляць»,— думаў я, гойдаючы гэтую капрызу: калі тармасіў калыску — спала, толькі адыходзіўся, хацеў выйсці да свайго сябрука — кугакала на ўсю хату. Я ўсё болей разумеў, што цяпер давядзецца мне меней гуляць — трэба глядзець малую.
— Мама,— спытаў я аднаго дня,— a ці забірае бусел маленькіх дзяцей назад?
— Чаму ты хочаш гэта ведаць? — усміхнулася яна.
— Хай забірае, не трэба яна нам...— сказаў я, успомніўшы, як на днях бабуля прынесла салодкі пернік, то маці адламала мне толькі маленькую скібачку, а астатняе схавала «даваць Ганьцы».
— Чаму ты хочаш аддаць сястрычку? — дапытвалася яна.
Я прамаўчаў, але хацеў сказаць, што яна, мама, была дасюль да мяне добрая, ласкавая, а цяпер на мяне мала глядзіць, палюбіла гэтую маленькую дзяўчынку, болей думае пра яе, як пра нас з бацькам. Але нічога не сказаў, толькі насупіўся.
— Буслік мой! — прытуліла маці мяне да сябе.— Бадян дзяцей назад не забірае. Ен яшчэ нам браціка прынясе. Хочаш?
— Не,— крыкнуў я.
— Чаму, сынок? — здзівілася маді.
— Не хачу.— Я не сказаў, чаму не жадаю яшчэ i хлопчыка, хацеў толькі запытаць, ці любіць яна мяне яшчэ, але стрымаўся.
— Ох, мае вы дзеці! Некалі будзеце радавацца адно аднаму,— прамовіла маці, але я не зразумеў, што яна хацела сказаць, не пераставаў думаць пра браціка i баяцца яго.
Рашыў, што трэба ўсяляк не дапусціць да коміна бусла: зноў укіне дзіця. Я штохвіліны прасіўся на двор i, колькі дазвалялі мне, быў там, паходжваў i выглядваў, ці не ляціць бацян.
Пакажацца — праганю, няхай вяслуе да суседзяў, у ix даўно няма маленькіх дзяцей... Але бусла не было, i я зразумеў, што не дапільную яго. Укіне яшчэ адно малое, калі адвярнуся куды, i давядзецца гэтаксама калыхаць яго. I не толькі гушкаць...
Вечарам маці расказала бацьку, як хацеў я пазбавіцца ад сястрычкі. Ён слухаў яе, пасміхаўся, а пасля пачаў дакараць мяне:
— Пара ўжо табе, Стаська, сталейшым быць. Скора ў школу ісці, а ты ўсё дзяцінішся. I чаму ты не хочаш яшчэ i браціка? Весялей жа будзе.
— Нам i так мала есці,— сказаў я.— Лусту хлеба мама цяпер дзеліць на чатыры кавалкі, а тады будзе рэзаць на пяць...
— Ты i праўда ўжо сталы.— Бацька перастаў усміхацца, сеў за стол.— Колькі яшчэ, маці, у нас засталося жыта?
— Сам жа ведаеш, чаго пытается? — адказала яна.— На раз змалоць. A ўперадзе — лета... Пакуль тое новае...
— Да новага далека...— уздыхнуў бацька, пацёр далоняю лоб, пасля глянуў на мяне, ды так пільна, як на дарослага.— Дык не хочаш гуляць з маленькаю? Не? Тады будзеш штодзень хадзіць са мною ў кузню памагаць зарабляць хлеб...
Читать дальше