— Не слухай, сынок, бацька насміхаецца. Гэта твая сястрычка,— ціха сказала маці.— Паглядзі, яна на цябе i падобная.
Бабуля апусціла ніжэй гэтае не пекнае дзіця, але я, разгублены, блізка не падышоў i добра не зірнуў на сястрычку.
Так i не дабіўшыся, каб я прылашчыў хоць позіркам малое, бабуля адышла ад мяне, палажыла дзіця, сказала бацьку прынесці ночвы, выпаласкаць ix i наліць цёплай вады. Я пастаяў, патоўкся пад рукамі i, калі ўбачыў, што лішні, ніхто на мяне не глядзіць, нікому я не трэба, выйшаў на двор. Не ведаў, што буду рабіць там, але падаўся за хлеў, на поле, далей ад дому. Таптаў на лужынах тонкую намаразь, коўзаўся па старым лёдзе, быў неспакойны, не рады, што вырваўся з хаты. Але вяртацца ў яе не хацелася.
З лесу пачулася, як заляскалі па прымерзлай зямлі колы, зарыпелі гужы ды драбіны. Я ведаў, што едзе мамін брат, дзядзька Янусь, такі ж высокі, дужы, як i мой бацька.
Дзядзька Янусь добры, ён увесь час жартуе, расказвае цікавае ці прынясе які ласунец. Ён амаль штодня катаў мяне на калёсах, садзіў ля сябе i даваў «кіраваць». Я моцна трымаўся за лейцы, ехаў i здзіўляўся, чаму такая вузкая дарога: конь кідаўся з абочыны на абочыну. Дзядзька пасміхаўся i гаварыў, што канём не трэба кіраваць, тузаць яго — ён i сам умее выбіраць дарогу.
Цяпер, як бачылася, дзядзька спяшаўся i не думаў заязджаць да нас. Раней, бывала, заскочыць, паставіць ля хлява каня, падкіне яму сена, зойдзе ў хату, паснедае i паедзе далей.
Сёння ён не заехаў, павярнуў ля сажалкі, што была за паўвярсты адсюль, i выехаў на дарогу-сыпанку, якая вяла да суседняй вёскі, Ніўнага.
У Ніўным ужо з паўгода быў калгас, i нашы хутарскія мужчыны часта хадзілі туды глядзець, як жывуць «калгоснікі». Дзядзька Янусь таксама бываў, памагаў свайму брату-ніўнянцу — вазіў з іхняга калгаснага лесу дровы да «хаткі», дзе варылі калгасным цялятам i коням бульбу, каб падмяшаць яе ў сечку. Я часта ездзіў з ім у Ніўнае, заходзіў да другога свайго дзядзькі, Антуся, які працаваў конюхам.
Дзядзька Антусь — не карэнны ніўнянец. Сям'я яго, жонка i двое дзяцей, жылі да нядаўняга часу ля нас у зямлянцы. Але дзядзька Антусь, як толькі вярнуўся з вайны, не захацеў жыць болей на хутары, схадзіў да ніўнянскага старшыні калгаса, дамовіўся з ім i пераехаў туды, уступіў у калгас i стаў працаваць на канюшні: вельмі любіў коней, ён i на вайне быў кавалерыстам.
Дзядзька Антусь, відаць, расказаў старшыні, што мой бацька каваль, бо на днях той, высокі, вусаты, у ваенным адзенні, але без пагонаў, з адным пустым рукавом, якое было заткнута за рэмень, прыязджаў да нас i ўгаворваў, каб i мы перабіраліся ў Ніўнае, прасіў бацьку працаваць кавалём, перавозіць туды i нашу «кузеньку», агораную ўсёй бацькавай раднёю яшчэ да вайны.
Я слухаў i глядзеў на старшынёву, некалі зялёную, а цяпер пабялелую, гімнасцёрку з медалямі, здзіўляўся, як ix многа, з зайздрасцю аглядаў яго выцвілую фуражку, на якой не было зорачкі, а бачылася толькі на яе месцы плямінка i дзірачка. Старшыня быў заклапочаны, худы, зусім не смяяўся, пільна глядзеў на бацьку i гаварыў: «Каваль нам надта трэба, бо даюць трактар, сеялкі, плугі, a правіць ix няма каму, бо ўсе кавалі нашы на вайне паклалі галовы... А ты што тут, на хутары, будзеш рабіць i што заробіш? Хутаранец многа табе не заплаціць, калі ты яму які серп склеплеш».
Бацька згадзіўся, што тут яму няма чаго рабіць i заработкі малыя, ён не супроць працаваць у іхняй калгаснай кузні. Ведаў, што там яму будзе «разгарненне», але бедаваў, што тут у яго стаіць яшчэ дзедава хата, i будзе многа клопатаў, калі яе раскідаць, перавезці, злажыць: паспрабуй крані толькі — пасыплецца ўся. А памагчы надта няма каму: сваякі самі будуюцца. Ды ўвогуле мужчын мала, усе будуюцца, не хочуць жыць у зямлянках.
— Можа, буду хадзіць пакуль што да вас на работу, калі прымеце,— сказаў бацька.— Тут недалёка, вярсты тры. А кузню перадам ужо свайму калгасу, бо i ў нас жа, відаць, скора будзе...
Старшыня шкадаваў, што не можа цяпер памагчы пераехаць i пабудавацца, хоць бы, гаварыў, ніўнянскім уловам агораць якія хаціны, але прасіў прыходзіць i кавальнічаць.
Я, калі бываў у Ніўным, то спярша заварочваў на кашошню, да дзядзькі Антуся. Памагаў яму карміць коней — разносіў па загарадках сена, вотруб'е, найболей стараўся даць чаго-небудзь смачненькага жарабяткам, але дзядзька не дапускаў да ix: баяўся, каб мяне не ўбрыкнулі кабылы. Даваў мне лёгкую работу: прайсці па калідоры i пазакладаць жэрдкі ў стойлах, a ў загарадках самых памаўзлівых коней забіць над жэрдкамі ў дзюркі калочкі.
Читать дальше