У хляве ціха стагналі свінні i цяжка дыхала карова. Нечакана галасіста запеў певень. Здаецца, ніколі я не чуў, каб ён так моцна гарланіў.
— Ужо другі,— прамовіў бацька.
Рана, ціха, цёмна i страшна, думаю я. A ў лесе...
— Спушчу сабаку, пабяжыш з ім,— кажа бацька, нібы адгадвае мае думкі.— Трымай за ланцужок. Смялей будзе.
Ён ідзе да будкі і, пазвоньваючы зашчапкаю аб дрот, адвязвае i прыводзіць Шарыка.
— Не бойся,— заспакойвае мяне бацька.— Цяпер ціха... Прабяжыш. Ну...— Ён дае ў мае рукі халодны ланцужок i падштурхоўвае ў спіну.
Сабака нюхае зямлю i цягне мяне, я падаюся за ім, нічога не бачу, але трапляю выйсці з варотаў, падацца за хлеў. За ім — дарога да лесу.
У полі холадна: цягне стылым ад зямлі i павявае вясновы колкі вецер. Снегу ўжо няма — счарнеў за сакавік, растаў на ваду i сцёк. Мясцінамі, дзе ніжэй, трымаецца толькі лёд — стары, яшчэ асенні, скамянелы за зіму,— блішчыць днём на сонцы i нехаця слязіцца — танчэе i асядае; маладзенькі, вясновы лядок, што сабраўся ноччу на лужынах, тонкі, нямоцны, хрумсціць, як папера, i ломіцца пад нагамі. Днём паднімеш кусок, танюсенькі i празрысты, як шкло, i доўга не патрымаеш: хутка растае ў цёплых руках, i халодныя, аж пякучыя, кроплі цякуць у рукаво, халодзяць...
У лесе яшчэ цямней, я не бачу сцежкі, бягу, куды вядзе сабака. Але дарогу адчуваю добра: помню кожную ямінку, узгорачак, камень, ля якога абтапталі пясок. Летась аб адзін такі валунец тут, ля Ваўкавенькі, за выгібам, які будзе скора, я збіў палец.
У бары ціха, толькі чуваць мae крокі i ціхенькае рэха, якое коціцца следам за намі. Страшна, вельмі страшна. Здаецца, за кожным кустом стаіўся воўк, каб схапіць мяне i завалачы ў пушчу. Хоць i цёмна, я заплюшчваю ад страху вочы i імчу за сабакам, ды так хутка, што часамі наступаю яму на ногі. Але думаю, што бягу памалу: уперадзе яшчэ многа дарогі, далека да бабулі, а маме цяжка... Стараюся бегчы яшчэ хутчэй, каб прамінуць гэты лес, за якім будзе бабуліна хата.
Калі нарэшце прыпыняемся ля бабулінай хаты, мне няма чым дыхаць. Адчуваю, што памлелі i ногі.
Я пастукаў кулаком у дзверы — бабуля тут жа пытаецца, хто гэта, i пускае мяне ў сенцы. Здаецца, i не здзіўляецца, што я так рана прыбег да яе.
— Ест што ці яшчэ няма? — толькі запытала яна.
Я зусім не разумею, пра што яна пытаецца, паціскаю плячыма.
— Ну, дзіцяці яшчэ няма?
— Не,— гавару я.
— Пабяжым тады,— кажа бабуля.
Яна качаргою раскідала ў печы дровы, якія ўжо ўгарэліся, заліла агонь, узяла вузялок, што ляжаў на стале, патушыла газоўку, i мы выйшлі на двор.
— О божа! Як ты толькі бачыў дарогу? — здзіўляецца яна,— Я сваімі старымі вачамі дык нічога не бачу, не паспяшу такою цемраю.
Я i сам ведаю, што яна не можа хутка ісці: пажылая, хваравітая, ды перад самаю вайною яшчэ зламала нагу, цяпер ходзіць з палачкаю.
Бабуля распытвае ў мяне, што рабіла нядаўна маці, а пасля нечакана кажа, што ў нас сёння «прыбавіцца сям'я — дасць бог хлопчыка ці дзяўчынку».
Цяпер я прыпамінаю, што маці з бацькам даўно дапытваліся ў мяне, ці хачу, каб «купілі сястрычку». Я гаварыў, што «не трэба яна нам». Добра, смяяліся яны, не будзем збіраць на яе грошай.
Цяпер я задумаўся: дык адкуль жа возьмецца сёння ў нас малое?
— Ты вырас ужо, дзяцюк,— кажа бабуля,— сем годзікаў маеш. Па-добраму, пара даўно мець i другое. На гэтым жа свет стаіць... Але як будзеце жыць, не ведаю. Ратоў прыбаўляецца, а яды... Ды маці нікуды надта не адвернецца, будзе сядзець ля калыскі. Каб не гэтая вайна яшчэ... Такая бясхлебіца...
Калі мы, спяшаючыся, дайшлі да нашай хаты, пачало выплываць чырвонае сонца, калюча i холадна асвяціла небакрай. Мы тупалі i бачылі ўжо дарогу. Ногі мае закарчанелі ў гумовіках.
Маці ляжала на тым жа ложку, толькі цяпер была нейкая вялікая, на ўсю пасцель, глянула на нас, калі мы ўвайшлі, i зноў заплюшчыла вочы. Я заўважыў, што ў яе бледныя вусны, сухія, аж патрэсканыя, як зімою ў мароз.
— Ну, што тут? — спытала бабуля ў бацькі.
— Ды во! — сарамліва ўсміхнуўся ён i паказаў рукою на маці.
Бабуля падышла да пасцелі, нагнулася, разгарнула невялікі белы скрутачак, паглядзела i сказала:
— Ну, во i добра, дзяўчынка...— Пасля паклікала мяне: — Ідзі глянь, i ты некалі гэтакі быў, тож так у руках трымала...
Я падышоў i ўбачыў загорнутае ў чысценькае прасцірадла маленечкае дзіця, здзівіўся: адкуль яно ўзялося?
— Не зачыніў учора коміна,— папракнуў мяне бацька,— вось i ўкінуў нам бусел дзіця. Раз не дапільнаваў, то будзеш цяпер гуляць з ім.
Я разгубіўся, стаяў i лыпаў вачамі.
Читать дальше