Хоць яшчэ не адышлі рукі, калоцяцца, цягне сапраўды марсянуць адсюль, пабегчы на рэчку, пакупацца ды спакойна паляжаць, але я падняўся i стаў зноў круціць тачыла, нагінацца i заплюшчваць ад стомы вочы, бачыць жоўта-зялёныя іскры, ад якіх кружыцца галава. I ўсяляк стараўся не паказаць бацьку, што мне цяжка, а то ён не дапусціў бы мяне болей да тачыла, круціў бы i тачыў сам...
...Ніхто не ведае маёй радасці, калі я бачу, што сякеру мы ададралі, яна стала белая, вострая. Але я ведаю, што работа з ёю яшчэ не скончана, зараз мы зноў пойдзем у кузню, я буду паддзімаць агонь, круціць кола i не чуць сваіх памлелых рук, а бацька ўсадзіць сякеру ў жар, будзе грэць, пасля выхапіць з агню i стане шоргаць у пясок, апускаць пакрысе ў ваду — гартаваць.
Пасля яшчэ трэ будзе вастрыць яе...
5
...Снежань выдаўся люты: яшчэ ў лістападзе скавала зямлю, ажно яна трэскалася, насыпала снегу вышэй платоў, а пасля сцішэла. Паціснулі маразы — трашчалі вуглы хат i хлявоў, густа лажыўся за ноч іней, выбельвау стрэхі, дрэвы, нават, здаецца, i неба. Раніцай, калі ўзыходзіла вялікае чырвонае сонца, нельга было выйсці з хаты. Ад холаду, здаецца, гарэлі шчокі. Сталі мерзнуць куры, нават у байцаватага нашага пеўня, які не дасць спакойна прайсці па двары, счарнеў, зваліўся набок грэбень.
Пакуль я заходзіў у школу, намярзаўся так, што не мог на першым уроку пісаць: пальцы былі як калочкі, зусім не трымалі ручку.
Удзень мароз крыху адпадаў: прыгравала сонца, нізка вісела i цёпла свяціла; неба было густое, блакітнае, па ім плылі белыя воблакі, а снег зіхацеў, аж калола ў вочы. У зацішку было зусім цёпла, нават капала са стрэх вада.
Калі наставала пара вяртацца са школы дадому, сонца зніжалася, чулася слаба, зноў браўся мароз. Шарэла неба, падхопліваўся ветрык — i пачынала круціць, гнаць па полі снег. I сонца яшчэ свяціла, але было ўжо так холадна, што нельга трываць. Са стрэх пераставала капаць вада, замярзала i звісала тонкімі празрыстымі ледзяшамі.
У адзін такі дзень я змарозіў рукі. Маці папрасіла купіць у вясковым магазіне газы, дала бляшанку. Пакуль магазіншчык адпусціў людзей, пайшоў у склад i наліў мне «карасіны», сябрукі мяне не пачакалі i пайшлі дамоў. Я нёс гэтую халодную бляшанку i змёрз. I рукі мяняў: адной нясу, другую грэю ў кішэні, i дзьмуў на пальцы — нічога не памагло. Калі зайшоў у хату, пальцы зусім зайшліся. Я не вытрываў i заплакаў, ды так моцна, што ажно напалохаў маму.
Акалееш ты, дзіця,— пашкадавала мяне мацІ,— Hi валёнак, ні рукавак добрых... Хоць не пускай цябе ў гэтую школу. Ды во i кажушок моль паела, свіціцца, як рэшата. Каўнер аблез... Купі за што... Ці бацькаў шынель распароць ды падшыць?..
Калі рукі адышлі, пачырванелі i сталі гарачыя, маці дала мне есці. Папалуднаваўшы, я злазіў на гарышча і, як прасіла маці, прынёс стары бацькаў шынель. Maцi атрасла яго ад пылу, агледзела i пачала распорваць.
Як распусціла шынель на кускі, зняла з мяне мерку (на ўсё набаўляла — каб яшчэ i другую зіму панасіў), адразу пачала шыць паліто. Праз колькі дзён яно было гатовае, неставала на ім толькі каўняра. Маці перабрала ў шафе «ўсё рыззё», але так i не знайшла, што ж пусціць на каўнер. Тады сказала, што выкраіць i пашые суконны, які будзе мулкі, але які «трэба для красы».
— Хлопец добра рабіў у кузні, то яму трэба людскі каўнер,— паслухаўшы яе, сказаў бацька i ўзяўся злавіць зайца.
Ён штодня ставіў петлі ў гумне ля сена i лубіну, але зайцы ў ix не лезлі, абміналі.
Маці перастала спадзявацца на «ўдачу» i пашыла суконны каўнер, але бацька не дазволіў прышыць яго: перад самым новым годам нечакана паў наш сыты, аж бліскучы ад тлушчу, з густой белавата-чорнай поўсцю кот.
— Добрая скура...— агледзеўшы ката, сказаў бацька.— Някепскі можа быць з яе каўнер. Мяккі ды i пекны... Не горшы за зайчыны.
— Гаворыш ты, аж слухаць не хочацца,— запярэчыла маці.— Ды i людзі смяяцца будуць.
— Не бяда,— стаяў на сваім бацька — Калі ўжо вельмі прыставаць будуць, скажам, што каўнер з заморскага звера...
— Не такія ўжо дурныя людзі, каб не пазнаць... Не саром хлопца,— папраўдзе злавалася маці, не дала прышыць гэты «заморскі» каўнер, a прыладзіла той, з цвёрдага, мулкага шыняля.
— I файна, i цёпла было б, маці,— сказаў бацька.— Што пасмяяліся б — то i не страшна... Са смехам лягчэй жыць. Некалі, як пабагацелі б, лепшы купілі б. Студзень жа на дварэ.
...Ішла трэцяя пасляваенная снежная i марозная зіма...
1
Чуў я раней у сваім налібоцкім краі, як знаёмяцца чужыя людзі:
Читать дальше