— Но нам, не нам!.. А што мы — не людзі? Чаму гэта нехта можа цешыцца жыццём і маладосцю, а мы не можам? Што мы — робаты? Не...— разгарачыўся Сліж, прыслухаўся.— Але ціха... Здаецца, мая каралева ідзе. Пры ёй нічога лішняга не трэба... Ды і лепш, калі жонка ўсяго, як і тваіх думак, не ведае...
«Сам я вінаваты,— падумаў Васілец.— Ну, чаго мне было заходзіць да Таццяны Сяргееўны, за стол садзіцца, танцаваць? Убачыўся ля школы, пагаварыў — і хапіла б... Я-то болей нічога не задумліваў, ішоў як да калег, а вось людзі... І Ларысе абы-што могуць сказаць... Не пайду больш. Хопіць. Ды і чаго мне туды хадзіць?»
— Уставай! — патурзала за плячо жонка, прымусіла прачнуцца.— На аўтобус спознішся,— сказала і зноў падалася на кухню, дзе і дагэтуль тапталася ля гарачай печы — ляскала пасудаю ды гаршкамі.
Іван Сямёнавіч, прачнуўшыся, слабы, стомлены пасля сну, ведаў, што напраўду трэба хутка ўсхоплівацца, спяшацца на аўтобус, але ленаваўся паднімацца, ляжаў, цёр далонню твар.
Балела галава. Відаць, ад таго, што ўчора позна лёг і ноччу кепска спаў. Позна ўклаўся, бо вярнулася дамоў прастуджаная дачка. Дык распытваліся, дзе была, што рабіла, а пасля лячылі яе. Кепска спаў ноччу, бо прыслухоўваўся да даччынога дыхання, хваляваўся, калі яна моцна кашляла, бухаючы на ўсю хату, і — яшчэ трызніліся розныя сны. І сёння ноччу спілася яму вайна...
— Ну, уставай! — зноў зайшла сюды, у спальню, жонка, нагнулася і зірнула: спіць ён ці не.
Стаяла стомленая, з глыбокімі цёмнымі ўпадзінамі пад вачыма — відаць, гэтаксама і мала, і кепска спала.
— Ну, чаго ты? — як здзівілася яна, бачачы, што ён не паднімаецца, ведаючы, што звычайна ён устае рана, робіць гімнастыку ці ходзіць у блізкі лес і там блукае з паўгадзіны.
— Галава баліць: вайна снілася... Як зноў быў у партызанах, у акружэнне трапіў...— адказаў ён.
Яна прамаўчала, хоць, канечне, яго зразумела: не раз і сама расказвала, што і ёй сніцца ўсё яшчэ вайна — сніцца, як была сувязной, як ратавалася з дзецьмі ад карнікаў, сняцца знаёмыя, дарагія людзі, якія тады, у вайну, загінулі...
— Усю ночачку кашляла, бухала і бухала...— жонка наўмысна перавяла гутарку,— Во што даў яе паход... Каму-каму, а нам, бацькам, гора... Ёй горла ці лёгкія баляць, а табе сэрца...— прамовіла і падалася са спальні на кухню, але не заціхла, гаварыла яшчэ сама сабе,— Потым, калі будуць мець сваіх дзяцей, то і самі гэта ўведаюць... Уведаюць, як іх шкода і як крыўдна, калі яны не слухаюцца...
Іван Сямёнавіч устаў, заслаў пасцель, нацягнуў на сябе адпрасаваныя ўчора штаны і падаўся на двор мыцца.
Там было даволі холадна — ля лесу і на аселіцы нізка, пры самай зямлі, вісеў белы туман, які паволі распаўзаўся: угравала высакаватае ўжо сонца.
Калі пачаў мыцца, да яго зноў падышла жонка.
— А калі ён не захоча ісці ў школу? — спытала яна, думаючы пра сына, Васіля.— Тады, можа, і не варта настойваць? Хай працуе там, дзе падабаецца...
— Пагаворым жа. Спакойна, дзелавіта...— адказаў ён.
— Добра было б, каб хоць ён згадзіўся з намі жыць... І мы памаглі б яму больш і лепш, і нам весялей было б...
Пра гэта яны гаварылі ўжо шмат, і ён не захацеў гаварыць адно і тое ж, прамаўчаў, вярнуўся ў хату і выцерся ручніком, адчуваючы прыемную бадзёрасць.
— Вось гаварылі, што Васілец і Усціновіч не так паводзяць сябе, нічога ў іх не выйдзе...— сказала жонка,— Ажно вунь як у іх хораша. І жыць добра будуць, калі і пажэняцца.
— Вы ж першыя гаварылі, што з іхняга кахання нічога но будзе...— азвалася са спальні дачка.— Вы, мама...
— Ладна ты, падарожніца! Спі...— незалюбіла Вольга Піліпаўна.— Да добрых людзей ніякая гутарка не прыстае... Яшчэ і памагае. А ты вось ды Васіль... Гавары вам ці не гавары...
— Вы прывыклі вучыць і павучаць дзяцей у школе, таму і нас да сівых валасоў хочаце павучаць, не даяце нам самім пажыць,— зноў сказала са спальні дачка, і было крыўдна слухаць яе гэтыя словы, было крыўдна за свой клопат, за здароўе, што многа пайшло і на іх, на сваіх дзяцей. А яны вось як...
Яны прамаўчалі, хоць маглі папракнуць дачку, што і яна не раз не тое робіць, толькі псуе ім, бацькам, настрой ды здароўе.
— Я яечню спякла,— сказала яму жонка.
— Не хачу з раніцы есці,— адказаў ён.— Пайду. Сходзіш пасля ў школу і паглядзіш, каб яблыкі здымалі тэхнічкі. А Беленькай яшчэ раз напомні, каб назаўтра машыну выпісала. Не здадзім заўтра садавіны, то не будзе часу з ёю займацца, бо на днях ужо і канферэнцыя. А я зайду сёння на базу, пагавару з загадчыкам, каб узяў заўтра школьныя і нашы яблыкі.
Читать дальше