Таня гаварыла праўду: ніяк не магла ўжыцца ў вёсцы, прывыкнуць да Міланек, кожнага дня думала, што трапіла сюды выпадкова, не магла дачакацца, калі можна будзе выбрацца адгэтуль. Думала так і ішла наперадзе, чула, як у аголеныя рукі, шыю і ногі прыпякае сонца, як жаўціць, аж коле сваёй яркасцю вочы, яе жаўтаватая кароценькая сукенка. Ішла босая; спачатку, як толькі прыехала ў Міланькі, не магла хадзіць без туфляў, вельмі баялася жорсткага пяску. І, можа, не так пяску, як таго, каб не папсаваць сабе ногі. Але пасля адчула, што вельмі прыемна хадзіць босай па цёплай зямлі, і не асцерагалася. Следам за ёю цяжкавата тупала Іра, гэтаксама босая,— ногі ў яе, надта ў пальцах, шырокія, мазолістыя, дужыя — несла ў руках напакаваную сумку.
— Вёска як вёска,— нарэшце азвалася марудлівая Іра,— і жыць тут можна. Як і ўсюды.
— Бо ты, мая мілая, век свой толькі гэта і бачыш...— сказала Таня,— а я не магу прывыкнуць да таго, што табе здаецца добрым. Я сумую тут без тэатра, кнігарняў, без шуму машын, вялікіх чэргаў, тэлефона, ванны... Ды і праца мне не падабаецца надта. Маленькая школка, даю калі добрыя, калі сярэднія ўрокі матэматыкі, якая надта і не цікавая дзецям, але якою зарабляю на кавалак хлеба. Гаворка толькі пра міланьскія навіны, заўсёды ва ўсіх на воку, заўсёды незадавальненне гэтым і мара пра нешта лепшае...
— А мне здаецца, што мы тут такое ні робім, як і людзі ўсюды — у горадзе, у другіх вёсках,— сказала Іра, відаць, любячы вёску, тутэйшую школу.
Яна, Іра, вельмі радая, што паступіла ў інстытут, што цяпер працуе ў школе, хоць і піянерважатай, вельмі хоча быць настаўніцай, таму вось так і заступаецца за вёску і школу. Таня ж не надта радая, што стала настаўніцай, што і цяпер, і некалі трэба быць толькі з дзецьмі,— яна часта думала, што не зусім добра выбрала сабе прафесію, трэ было вучыцца на ўрача ці на актрысу. Не адчувала яна, каб яе цягнула да дзяцей, затое добра бачыла, што яна іх, дзяцей, мала разумее.
— Для цябе, мая мілая, гэта, можа, і ёсць лепшае...— прамовіла Таня.— Можа, і ёсць дарога ў жыццё... Але я бачыла, як і дзе людзі жывуць, таму і ведаю, што тут мне не сама лепш...
Яны па вузкай утаптанай сцежцы сярод кустоў і травы прыбліжаліся да ўлюбёнай палянкі. Трава на ёй была памятая ад іх штодзённай лежатні, так і не асільвала — высокая, гнуткая — падняцца. Прыйшоўшы сюды, Таня прыпынілася, сцягнула цераз галаву сукенку, зусім не саромеючыся, што нехта можа падцікаваць. Не прысядаючы, паправіла на сабе купальнік, любуючыся сваім лёгкім, стройным і крамяным целам. Іра ж прысела, тады ўжо раздзелася — ад таго, што яна прысела, ногі яе і сцёгны пашырэлі, здаліся зусім поўнымі.
— Ну ў цябе і плечы! — усміхнулася Таня.— Як у штангіста. Не кожны і хлопец мае такія плячышчы.
— Бо таты не было, дык працавала многа з мамаю,— крышку саромеючыся і крыўдзячыся, адказала Іра,— вось і стала такая плячыстая...
— Ты як абдымеш — то не кожны вытрывае...
Іра прамаўчала пакрыўджана, паднялася, разаслала на свежым месцы коц, легла на жывот, шырока раскінуўшы малазагарэлыя ногі, і пачала чытаць кнігу. Таня апусцілася побач, але гартаць сваёй кнігі не ўзялася, пазірала на сонечнае, густа-блакітнае неба з ахапкамі белых воблакаў.
— Увогуле паляжаць вось так някепска! — сказала яна, легла на спіну, раскінула рукі, падняла адну нагу, другую, яшчэ раз палюбавалася іх стройнасцю, а тады ўжо заплюшчыла ад задавальнення вочы.
Пасля вобмацкам знайшла сумку, падцягнула яе да сябе, дастала цыгарэты і запалкі. Закурыла, думаючы, што дыму вельмі не любіць Іра, але не зважала на гэта, курыла.
Ляжала так доўга, пакуль не сасмаліла цыгарэціну, адчувала, што Іра ўжо ўчыталася і, відаць, хацела вельмі дазнацца, ці «сыдуцца» героі. Яна дзеля гэтага, канечне, прапускала тыя мясціны ў кнізе, дзе пісалася пра прыроду, сачыла толькі за закаханымі.
— Іра, чуеш? — таўханула яе Таня локцем.— Ці варта мне прыгледзецца да яго?
— Да каго? — незадаволена, што яе адарвалі, мусіць, ад надта цікавага чытання, мармытнула тая.
— Ну, да нашага Васільца...
— Не ведаю,— каб не пачынаць размовы, не надта думаючы, што гаворыць, зноў буркнула Іра.
— А ён варты, каб я на яго зірнула?
— Канечне.
— Як ты думаеш: возьме ён Ларысу?
— Хто — ён?
— Ну, Васілец,— нецярпліва адказала Таня. — Ён толькі заляцаўся да яе ці напраўду думае ажаніцца з ёю?
— Адкуль я ведаю,— паціснула плячыма Іра, адарвалася ад кніжкі.— Я ведаю пра гэта тое, што і ты. Бачылі, што яна вельмі чакала яго, дзеля яго ні разу на танцы ці ў кіно ў клуб не схадзіла. Хваліла яго, што надта добры характар мае, разумны, начытаны.
Читать дальше