— Ды лячыла яго гэты жывоцік,— сказала Ларыса, села на ложак, са стомаю апусціла галаву.— Хоць, можа, і жывоцік баліць. Бо сёння ўжо не адну, а дзве лыжачкі, яблычнага соку дала. Гэтак з ахвотаю выпіла... выпіў...
Каб у другі раз, пры добрым настроі, дык Васілец пажартаваў бы: ага, агаварылася, сказала не «выпіў», а «выпіла», дык будзе ў нас яшчэ і дзяўчынка. Ларыса тады з жартам замахнулася б на яго рукою і строга сказала б: «Не, што не, то не! Не будзе ў нас ніякай дзяўчынкі. Усё, хопіць!»
Васілец насіў сына, падкалыхваў, спяваў яму ўсе песні, што толькі ведаў, сам стаміўся, падарваў рукі, а сын усё не супакойваўся.
Неўзабаве Ларыса не вытрывала ляжаць, устала і зноў пачала сама насіць, гаварыць з ім, пытацца, што яму баліць, прасіць, каб ён заснуў, і тады яму палягчэе. Сын паплакаў яшчэ з паўгадзіны і ці ад таго, што стаміўся, ці ад таго, што яму пачало лягчэць,— неўзабаве заснуў у Ларысы на руках.
Яна ціхенька паклала яго, соннага, у каляску. На хвіліну затрымалася. І ён падышоў, зірнуў: ці будзе сын спаць?
«І толькі што, калі насіў яго на руках, і вось цяпер, калі ён спіць, калі ён зусім безабаронны, чамусьці ўдвайне адчуваю: мы не толькі бацькі гэтага дзіцяці: маем яшчэ такія вялікія клопаты пра гэтага чалавечка, што цяжка іх і ўявіць... Аж страшнавата: мы, толькі мы павінны зрабіць усё-ўсё, каб сын не хварэў, быў заўсёды накормлены, апрануты, каб быў разумны, шчаслівы... І брыдка: а я сёння больш думаў пра сябе, пра сваё шчасце. Значыць, трэба вучыцца жыць дзеля іншых, шмат чым сваім, можа, і вельмі дарагім для сябе, ахвяраваць...»
— Ну, хадзем спаць, а то заспім заўтра, дык спознішся ў школу,— сказала Ларыса, і яны хутка распрануліся, леглі на ложак, накрыліся мяккай коўдрай.— Ну, як гулялася, гулюн?
— Ды добра,— адказаў ён.
— Гуляў, а пра нас, мусіць, ні разу і не ўспомніў? — спытала Ларыса, прытулілася.
— Успамінаў...
— Каб успамінаў, дык мне хоць разочак ікнулася б... Весяліўся недзе, радаваўся, што вырваўся з гэтай хаты...
«Яшчэ нядаўна хацелася расказаць ёй пра ўсё, што сёння было,— падумаў,— але цяпер, канечне, не варта расказваць пра Маю Сцяпанаўну: Ларыса — стомленая, расхваляваная — можа не так усё зразумець, і ёй будзе яшчэ цяжэй...»
Ларыса неўзабаве заснула, нават усяго і не даслухала. А Васілец і заплюшчваў вочы, і адплюшчваў, слухаў, як дыхаюць сонныя жонка і сын, а сам не мог заснуць. Успамінаў, што было сёння...
— Прабач, браце, пачакай хвілінку. Мне трэба абязацельна схадзіць да дзяцей,— прамовіў Сліж, як толькі зайшлі з Васільцом у настаўніцкую, паставіў класны журнал на палічку і, не чакаючы, што адкажа яму Васілец, вышмыгнуў адгэтуль.
«Я ж думаў не адкладаць, цяпер жа пагаварыць пра Сліжаў урок, дзе толькі што быў. Аж крыўдна: не так трэба Сліжу схадзіць у свой клас, як ён хоча зусім іншага — каб я не гаварыў пра яго ўрок тады, калі будуць настаўнікі... Пра сябе, пра свой гонар, думае, а пра мяне не думае: мне ж дарагая кожная хвілінка. Трэба ж і да сваіх урокаў падрыхтавацца, і яшчэ на ўрок да Таццяны Сяргееўны схадзіць...»
Праз хвілін сем празвінеў званок, і ўсе настаўнікі падаліся ў класы.
— Што — не паддаецца Сліж? — усміхнуўся Іван Сямёнавіч. Ён на міг, выходзячы ўслед за ўсімі, прытрымаўся ў настаўніцкай.— Канечне, кепскі ўрок даў?
— Ды не пахвалішся, што моцны,— адказаў Васілец.
— Ведаю, які з яго спецыяліст... Але бяры, калега, бяры яго ў рукі, пераломвай і гні ў дугу...— усміхнуўся Іван Сямёнавіч,— Не глядзі, што сябра, равеснік... А то ён сядзе табе на шыю, і век будзеш з ім гараваць... Былі ў нас і раней падобныя на яго, але такога... Такога, здаецца, не было...
Іван Сямёнавіч пайшоў; Васілец застаўся ў настаўніцкай адзін.
«Напраўду,— падумаў ён,— мне са Сліжам вельмі цяжка: і Міхаіл Апанасавіч, і Міхась Рыгоравіч — нашмат старэйшыя людзі, лічы, бацькі мне, і Лілія Іосіфаўна, і Таццяна Сяргееўна — амаль равеснікі — прывыклі, што я завуч, слухаюцца, раяцца, просяць калі дапамогі, а вось Сліж ніколі не раіцца, не просіць дапамагчы, стараецца не дапусціць да сябе на ўрок, мець нейкі верх. Ходзіць толькі збоку ды дае парады. І пацешваецца, кепікі ўсякія строіць. Вось так было і пасля зімовых канікул, калі правяраў каляндарныя планы і планы самаадукацыі. Каму параіў нешта змяніць ці зрабіць лепш — усе згадзіліся, а Сліж, хоць і напісаў горш за астатніх, не хацеў правіць, перапісваць, моршчыўся, пасміхаўся, што ўсё ў яго добра. І, маўляў, ты «па-сяброўску» ўсё падпішы — і будзе ціха. І сам я тады, можа, і не змог бы прымусіць яго зрабіць так, як трэба, каб не Іван Сямёнавіч. Той пачуў нашу гамонку і сказаў: «Што ж ты, Уладзімір Пятровіч, падстаўляеш пад удар маладога завуча: прыедзе які інспектар, зірне на твае планы, дык не толькі будзе лаяць цябе, але і папікне завуча, мяне за халатнасць, слабы кантроль». Сліж паслухаў дырэктара».
Читать дальше