— Нічога, на чорную кніжку дасць...— супакоіў Сліж.— Аддасі з палучак. Без працэнтаў... Для цябе асабіста будзе льгота, жызня мая...
Як збавенне для Васільца, як радасць пачуўся званок з першага ўрока другой змены — і ў настаўніцкую вярнуліся Міхаіл Апанасавіч і маладая настаўніца другога класа.
— Ну, не буду замінаць. Будзь здаровы і не кашляй! — нарэшце як схамянуўся, што заседзеўся, Сліж, пайшоў да дзвярэй.
— Абдумай па дарозе, што ты тут гаварыў... — сказаў яму на развітанне Васілец.— І выкінь усё гэта з галавы...
— Не! — матлянуў галавою Сліж.— Я на агітацыю не паддаюся! Я знаю, што гаварыў... Я знаю жыццё, браце...
І — вясёлы, шчаслівы — пайшоў з настаўніцкай.
— Я хачу схадзіць да вас на ўрок беларускай мовы,— павярнуўся Васілец да маладой настаўніцы.— Пакажыце, калі ласка, вашы планы, сшыткі дзяцей.
Як і ён некалі, у першы год работы, Вертуну ці Рагатку, так і маладая настаўніца з хваляваннем падала яму цяпер свой сіні тоўсты сшытак з планамі, сшыткі...
— Ну давай, мая мілая, скажам: добры дзень, Новы год! — як толькі па тэлебачанні скончыліся з Масквы навагоднія прывітанні, пачалі бумкаць Крамлёўскія куранты, сказала Таццяна Сяргееўна, узяла ў рукі адкаркаваную пляшку.
— Добры дзень! — усміхнулася Лілія Іосіфаўна.
— Кампанія без хлопцаў, канечне, не кампанія, але дзе дзенешся! — прамовіла Таццяна Сяргееўна, наліваючы ў крышталёвыя чаркі каньяк,— Хлопцы і цяпер дарагія, нарасхоп... Але свята ёсць свята, трэба сустракаць яго і без хлопцаў...
Лілія Іосіфаўна маўчала: яна ўсё яшчэ з учарашняга дня, калі закончылі вучобу за першае паўгоддзе, адгулялі ля ёлкі Новы год дзеці, калі пагулялі ў школе і яны, настаўнікі, не магла апамятацца, чаму іменна да яе папрасілася прыйсці сустрэць Новы год Таццяна Сяргееўна. Чаму не паехала ў горад, да сваіх знаёмых, чаму не пайшла тут, у Міланьках, да каго? Раней жа, нават яшчэ летась, сёлета ў першыя асеннія месяцы, Таццяна Сяргееўна мала зважала на яе. Яны не былі ў злосці адна да адной, але і вялікай дружбы ніколі не мелі.
— Няхай гэты год прынясе шчасце і нам, старым дзявулям! — пажартавала з самотнасцю ды з іроніяй Таццяна Сяргееўна, падняла чарку.
— За Новы год! — усміхнулася Лілія Іосіфаўна, дакранулася да яе чаркі сваёю, адчуваючы прыўзняты настрой: як-ніяк вось-вось настане Новы год, новае жыццё! — Ну і за шчасце, канечне!
Таццяна Сяргееўна ці то з іроніяй, ці то з жартам, сама сабе ўсміхаючыся, падняла чарку, зірнула скрозь яе на блізкую ёлку — на ёй свяціліся рознакаляровыя лямпачкі, падсвечваючы чырвоныя, жоўтыя, зялёныя шары.
Таццяна Сяргееўна была ў гэты вечар вельмі прыгожая. Яна заўсёды была прыгожая, а сёння твар яе быў бялейшы як калі, на галаве быў вабны чорны парык, на грудзях красаваўся залаты кулон. Таццяна Сяргееўна, уваходзячы ў сталыя гады, расцвіла, усё болей набірала жаночае хараство, як кветка пасля дажджу, пры добрым цяпле. Але, здаецца, і на яе прыгожым твары, і надта ў задумлівых вачах ляжаў адбітак нейкага смутку.
Лілія Іосіфаўна выпіла чарку каньяку, зморшчылася, пасля хутка паставіла чарку, зазяхала, памахала перад ротам рукою, зірнула на стол: што ўзяць у рот?
Таццяна Сяргееўна не гэтак мітусліва, як яна, а спакойна трымала ў левай руцэ відэлец, а ў правай нож, рэзала кілбасу і вельмі прыгонка, аж было замілаванне на яе пазіраць, ела.
«Даўно разам працуем,— падумала Лілія Іосіфаўна,— сядзім вось насупраць адна адной, маўчым і, мусіць, абедзве гэтак жа адчуваем, што ў нашай кампаніі не хапае яшчэ аднаго чалавека. Ці то дзяўчыны, ці то хлопца, гэта было ўжо ўсё роўна, але трэці чалавек трэба. Бо мы абедзве ніколі не гарнуліся адна да адной, жылі па-рознаму, вось і цяпер не можам зладзіць. Надта я. І чаму я такая сумная? Не магу завесці добрай гутаркі, паспяваць».
— Паўторым? — спытала, зірнуўшы на яе, Таццяна Сяргееўна.— То была чарка за Новы год, а гэта чарка будзе ўжо ў новым годзе.
— У мяне ўжо галава кружыцца,— прызналася Лілія Іосіфаўна.
— А ты не бойся,— сказала госця,— Век ты ўсяго баішся... Асмелься хоць раз — і нічога не бойся... І зусім іншае жыццё ў цябе пойдзе...
Лілія Іосіфаўна, з сорамам усміхаючыся за сваё сп'яненне, толькі прыклала чарку да губ, а Таццяна Сяргееўна лёгка, з ахвотаю выпіла ўсё. Прыкусіла.
— Спяём? — пасля запытала.
— Ды я не маю голасу,— засаромелася Лілія Іосіфаўна.— Хіба ты ўжо запявай, а я падпяваць, гудзець, як авадзень, буду.
— Давай тады патанцуем, як вось танцуюць яны... — сказала Таццяна Сяргееўна, кіўнула на тэлевізар,— Сумна ж так, лічы, моўчкі сядзець.
Читать дальше