* * *
Не ведаю, ці да канца я маю рацыю, але ўсё думаецца час ад часу, што кідаць кветкі пад ногі тым, што бралі ўдзел у вайне і дагэтуль жывуць — нешта гэта не тое, не так. Лепш на магілы або да Вечнага агню. І не кідаць таго, што трэба сціпла, урачыста класці.
* * *
Пры кожнай змене палітыкі ад пісьменнікаў патрабуюць пісаць перш за ўсё пра сучаснасць. З тым самым падтэкстам у гэтым патрабаванні. Падтэкст гэты паясніў быў Хрушчоў, з уласцівай яму прастадушнасцю:
«Мы столькі добрага, выдатнага робім, а вы пра гэта не пішаце!..»
* * *
Пра нашу прозу можна ўжо не толькі гаварыць, але і памаўчаць: няхай гавораць людзі. І гавораць!
Гаварыў пра гэта ў Варшаўскім універсітэце, на сустрэчы са студэнтамі беларускай і ўкраінскай філалогіі.
Там жа, адказваючы на пытанні, сказаў, што перад праўдай і я вінаваты: у тым, як калісьці пісаў сёе-тое нібыта сам і не поўнасцю сам.
* * *
Часам здаецца, што ніколі раней так, як цяпер, не адчуваў сябе толькі часцінкай народа, які не толькі быў і далей будзе без мяне, але і сёння без мяне абыдзецца, і ў маіх гэта, як гаворыцца, інтарэсах, дый перш за ўсё — далучыць і свае магчымасці да яго стваральнай працы.
* * *
Чаадаеў пісаў Пушкіну па-французску, а падаецца яно ў перакладзе:
«Будьте здоровы, мой друг. Пишите мне по-русски; вам не следует говорить на ином языке, кроме языка вашего призвания».
* * *
«У вас тут проза ці ўспаміны?» Такое пытанне паэтычнай рэдактаркі і здзівіла мяне, і здалося крыўдным. Бо цану ўспамінам, як прозе, я чым далей, то больш упэўнена спасцігаю. Тая проза, якое ў нас, на жаль, на сум ды раздражненне гэтак мала — побач з вялай ды прыблізнай белетрыстыкай, што не можа ўдосталь нагаварыцца.
* * *
Учора і пазаўчора разбіраўся ў яго пасмяротных блакнотах. Такое адчуванне, што нібы блізкага чалавека мыеш апошні раз, калі ў яго ўжо няма ніякіх таямніцаў, усё адкрыта, а ў цябе ёсць братняе ці сяброўскае права на такі агляд.
* * *
...Пазваніў Сідаровіч — у Міхася [ 61 61 Стральцова.
] пачалася агонія... Дзяжурства пры тэлефоне. Увечары прыйшоў Карамазаў, ад Міхася, каля якога прасядзеў дзве гадзіны. Высокая тэмпература, трызненне, «глядзіць бялкамі, нічога не адказвае»... Прасядзелі з Віктарам за поўнач. Назаўтра зноў дзяжурства. І ў палавіне чацвёртай Лена пазваніла, плачучы, што закрыла яму вочы...
6-га я быў пры ім. Калі, вітаючыся, пацалаваў яго ў лоб і, заплакаўшы, апаў вачыма ў падушку, расхваляваўся і ён. Калі развітваліся, ён сказаў: «Мне без вас нельга». А ў гутарцы нашай нялёгка было трымацца на нейкім аптымізме. Перад тым, як ехаць у Бараўляны, пазваніў Віктару, і ён параіў папрасіць Лену на спатканні пакінуць нас з Міхасём адных. Віктар думаў, што Міхась захоча, можа, сказаць мне штосьці важнае для яго. Лена разумна згадзілася, мы пабылі ўдвух з паўгадзіны, потым яна ўвайшла, і Міхась папрасіў яе быць з намі. Пры ўсёй складанасці іхніх адносін яна яму патрэбна была вельмі, і яна з пяшчотнай мужнасцю жанчыны справу сваю рабіла як след. Распластаны, парэзаны, падключаны да кропельніцы, да гноесцёку, да гумавай трубкі кармлення, бездапаможны, як дзіця. Асабліва бачыліся мне, упершыню ў жыцці, яго босыя ногі... І пры ўсім гэтым — ягоная ўсмешка. Праз усе пакуты. А колькі ж, Божа наш, адзіноты! Якое нашаму брату хапае і так.
На могілках зноў успомнілася, адчулася з новай сілай народнае: «Не плач, яго ўжо няма, гэта ўжо не ён». Тое, што ідзе ў зямлю.
А ён ад нас адарваны з крывёю. Мне горка ад таго, што я замала, засуха адказваў на яго прыхільнасць. А пра яе мне і Віктар сказаў, калі мы з ім сядзелі ноччу.
Вось так пра гэта,— праз тыдзень, зноў у вёсцы,— як не самому сабе, а для кагосьці, пратакольна
* * *
Трагічнай самотнасці ніколі, мусіць, не бывае ў кагосьці замнога, больш чым ва ўсіх. Учора перачытваў дзённік Чорнага і зноў адчуў яго адыход, яшчэ больш заўчасны, чым у Караткевіча, у Стральцова, нават у Бечыка, а трагічны зноў жа па-свойму,— як вынік тых катаванняў, якія ён перанёс пяць гадоў перад канцом.
Чытаць такое — лягчэй, чым перажываць яго. Асабліва таму, хто быў разлічаны на вялікае...
* * *
І сваё, і чужое з любімага добра перачытваць перакладзеным на іншую мову. Неяк па-новаму гучыць, з нейкай іншай падсветкай.
Так вось у кнізе Рэнэ Слівоўскага пра Чэхава чытаю пісьмо Грыгаровіча і адказ Антона Паўлавіча. Божа наш, грэшных, колькі чалавечага высакародства! І як здорава гэта гучыць па-польску: «Za tą serdeczność, którą okazał Pan mojej młodości, niech Bóg ześle Panu spokojną starość». Ледзь не заплакаў я тут, ужо разумеючы, што гэта значыць. Захацелася паўтарыць тыя словы ў арыгінале. «Как Вы приласкали мою молодость, так пусть Бог успокоит Вашу старость...»
Читать дальше