* * *
Гаворыцца: «Дакор усім нам». За тое, што рабілася ў жахлівыя гады. Калі дакоры за ўсіх прымаць шчыра, а не «холодным рассудком» — будзе занадта балюча.
* * *
І мы вінаваты, і нам вінаваты, і вы, што папракаеце нас, будзеце вінаваты перад наступнымі.
* * *
Пазабіваныя людзі ўсё роўна памерлі б?.. Аднак жа колькі і жаху, і болю, і плачу на ўсёй зямлі, у тым ліку і на нашай, на працягу неапісаных, сяк-так апісаных і па-сучаснаму апісаных, таксама няпоўна, прыблізна, дзесяцігоддзяў, стагоддзяў гісторыі!..
* * *
Раней нам далдонілі пра ідэйнасць, а цяпер пра праўду. Да таго дагаворваюцца некаторыя, што талент, мастацкасць, першаасновы творчасці лічаць нечым не вельмі абавязковым. Абы праўда? Як быццам яна ў нас не аднабокая. Скажам, Афганістан, дзе мы яшчэ ўсё сядзім, або паміранне вёскі, пра што мы гаворым не на ўвесь голас.
* * *
Па тэлевізары з Масквы — «круглы стол па нацыянальным пытанні». Сякая-такая стандартная гутарка. І маўклівая ўсмешка культурнага эстонца Бекмана, які можа быць спакойны за свой народ. Сказаў потым, што яны, эстонцы, перакладаюць практычна з усіх братніх моў без падрадкоўнікаў, а ў падтэксце сказанага — і роля рускай мовы, і цвёрдасць здаровага патрыятызму, якога нам, беларусам, так страшна, ганебна не стае.
* * *
«Білінгвіст» Айтматаў — ці шчыра, ці то са славутай «азиатской хитрецой» — націскае на такое вырашэнне нацыянальнага пытання: «русский язык и национальный». А для мяне мой «язык» не нацыянальны, а родны. І ўсім нам, нацыяналам, трэба кожнаму свой родны, а рускі — братні, для міжнацыянальнай сувязі. У такім парадку.
* * *
Па прывычцы правярацца, знайшоў у Талстога («Два старика») патрэбны абзац:
«Поел мужик немножко, и старуха поела, а девочка с мальчиком и чашку всю вылизали и завалились обнявшись спать».
Гэта — калі падарожны, які ішоў «да прошчы» ў Ерусалім, зайшоў у мазанку ў ахопленай голадам украінскай вёсцы і накарміў зняможаную сям'ю.
А падкрэсленае мною помніцца — боская моц! — з зімы 1932-1933 года, калі я чытаў гэта ў патрапанай кнізе народных апавяданняў Льва Мікалаевіча. І часта яно ўспамінаецца, калі накормленыя мною, а то і не мною, унукі хораша, ціха ды мірна гуляюць.
Так уражвае слова, якое ідзе ад жыцця, ад належнага бачання.
* * *
Янка сеяў — людзі жалі,
А зязюлька кукавала.
Які цудоўны падзел працы! Выпадкова сустрэўшы гэты верш у яшчэ адной публікацыі, працытаванае — як быццам упершыню заўважыў. Такое бывае з сапраўднай паэзіяй.
* * *
У «Полымі» — слабая юнацкая аповесць Караткевіча «Пад снегам драмае вясна», якую сам ён не палічыў патрэбным друкаваць.
Дарэчы, што за драмае? З любові да Валодзі маладыя ўляпіліся за набытыя ім на вучобе ў Кіеве ўкраінізмы. Распавядаць — ад росповідати, ад чаго ў іх пайшоў і распавед, і прыкры наватвор аповяд, і распавяду, а то і такое ў маладой, шыкоўнай паэткі са сцэны: «Я вам распаўю свой верш...» Нібыта ён, шануючы вас, саграшыў у пялёначкі. Няўжо пойдзе ў шырокі абыходак і драмае? Няўжо наш вясёлы Ладысь не ведаў такога, народнага (зноў жа шануючы вас):
Ці не спіш, Акуліна,
ці не дрэмлеш ты,
ці не прыйдзе табе ліха —
ці не п... ты?..
Апошні радок — з унутранай рыфмай.
* * *
Заўсёды блытаю: здаецца, што трэба казаць не цішэй вады, ніжэй травы, а наадварот, бо вада ж наогул найніжэй, а трава шуміць не так, як нестаялая вада.
* * *
Па радыё «Славное море, священный Байкал...». І, як заўсёды, калі чуў ці спяваў гэтую песню, хвалюе, радуе спалучэнне высокай, вольнай паэзіі і самай нізавой, будзённай прастаты: «...парни снабжали махоркой».
* * *
...У які складаны, цяжкі, небяспечны час жылося, які шчаслівы лёс вызьмейваў і цябе паміж небяспекамі, які касталом трэба было прайсці, якія страты перажыць, як,— можа, і на здзіўленне — штосьці ўсё-такі зрабіць!.. Захаваць свой агеньчык, пранесці яго сяк-так праз такія гады, і яшчэ яго адчуваць, і баяцца за яго, каб свяціўся сваім святлом — ва ўсёй складанасці часу, ва ўсёй яго мітусні ды глыбокай трагічнасці, якую не заўсёды бачыш, усведамляеш...
Зрэшты, інакш, відаць, і нельга, а то можна было б і звар'яцець.
Паратунак непамятаннем? Але ж яно і прытупляе нас, робіць абыякавымі, прывучае да гэтага...
* * *
За мяжу, дзякуючы Сталінскай прэміі, я ішоў не галавой наперад, не душой, што змоладу імкнулася да святла, прагна дзівілася на жыццё, а прыблізным словам савецкага неафіта, які, вучачыся, залішне верыў іншым, а не сабе.
Читать дальше