Я гэтага не зрабіў, не перайшоў на іхні бок, не перавёў іх, бо не ведаў, што тут гэта абавязковы звычай. Падышоў неўзабаве іншы, мясцовы мужчына.
І камора наша, і нарвежская вуліца прыгадаліся мне адно за адным, убачыліся праз пяцьдзесят шэсць і праз чатырнаццаць гадоў — у Тугласа. Першае, калі чытаў апавяданне «Каханне летняй начы», другое — калі «Гутарку са сляпым». Гэтым пачаўшы свой новы дзень.
* * *
Народнае. Блізка ўбачанае і высока адчутае:
Асовае карыта
поўна вады наліта.
Пчолкі ножкі памылі,
а дзеўкі ваду выпілі.
* * *
Чытаю Расела. Галілей, Капернік... А стары загорскі Артамей казаў, што каб Зямля круцілася, дык яго хата на крутым узгорку даўно ўжо абярнулася б. І гэтай логікі яму цалкам хапала.
Сын ягоны, падлетак Іван, які рос сіратою, быў высокі, дужы і адметны. З'еўшы тоўстую лусту хлеба з вялікай, са снараднай гільзы, конаўкай малака, ён збіраўся спаць. Але ж трэба было і яшчэ адно зрабіць, і ён прасіў: «Тата, памалеце мяне!» Бухукала і жмінда Артамей гаварыў уголас пацеры, а Іван за ім паўтараў.
Са школы, дзе мы вучыліся разам, бо ён быў пераростак, на чатыры гады старэйшы за мяне, памятаю адно Іванава вынаходніцтва: чарніліцу ён чапляў пятлёю з суканай ніткі за вялікі гузік каптана, і яна матлялася, калі ён калыхаўся сваёй мядзведжай хадою.
Калі і ён, услед за старэйшым на пяць гадоў братам Паўлюком, стаў кавалерыць і купіў сабе «батарэйку», ліхтарык, бацька гудзеў на печы: «Куртуля! Батарэі! Адзін свеціць Жэні, другі Аксені!..» Сыны хадзілі на вячоркі па ўзросту, кожны ў сваю кампанію, у розныя хаты.
Іван загінуў на вайне. Паўлюк вярнуўся з ордэнамі і медалямі, не паранены. Таксама здаравенны, але яшчэ і працавіты, і вясёлы. Мы з ім прыязна сустракаліся, калі ён прыязджаў у Мінск, а я бываў у Заторы. Я і браў з яго, у «Забалоцце» (і для вобраза Гаўруся Каляды, і для Міхася Ждановіча), у запісы. Вельмі ж яму запомнілася, не раз успамінаў, як я павёў яго ў цырк... Гадоў некалькі таму назад я спытаўся, што ж ён не зойдзе ніколі, бываючы ў Мінску. «Ваня, дочкі ж там у мяне, туды трэба!..» І не адзін ён так не заходзіць, хто і заходзіў, і начаваў раней. Цяпер Паўлюк абязножыў і пакутуе, дажывае пры сыне, шафёры калгаснага грузавіка.
Во куды павяло ад Раселавай тугой філасофіі!..
* * *
Успомніўся з палону гродзенскі Цырук, рабочы куфлевага завода, пацешны хлапчына, якога я браў для характару Мішкі Веніка ў «Птушках і гнёздах». Аднойчы ён, Цырук, паказваў на «арбайтс-камандзе», як таму з нас, хто ўцячэ і дойдзе дахаты, давядзецца пабываць на допыце.
«Шпіён?!» — спытаецца бальшавік. І пісталецішча з халявы — рраз!..» Паказаў ён гэта з такой мімікай і жэстам — на той пістоль, які чамусьці, нібы разбойніцкі нож, у халяве,— што смех і сёння мне загучаў. Ад тое сілы таленту. І не толькі...
* * *
Гутарка з пажылым, спакойным хірургам. Між іншым, ён расказаў пра разадраны нос калгаснай даяркі, якую хацеў згвалціць сакратар партыйнай арганізацыі... Назаўтра яму, тады не мінскаму, а сельскаму хірургу, пазванілі «откуда следует», што трэба напісаць у гісторыі хваробы: «Падала і зачапілася носам»... Простае, народнае ў гэтага чалавека: «І я з такімі буду ў партыі?!»
* * *
Плюсам сабе запішу дзве сустрэчы з жонкамі арыштаваных таварышаў. У пяцідзесятым годзе з жонкай паэта Айзіка Платнера і ў пяцьдзесят сёмым з жонкай Барыса Ржэўскага [ 60 60 Ржэўскі Браніслаў (Барыс) Андрэевіч (1905—1980) —выкладчык гродзенскага педінстытута. Засуджаны ў канцы 1957 года за «беларускі нацыяналізм», выпушчаны з лагера ў 1961-м, рэабілітаваны ў 1992-м.
].
Абедзве яны сказалі мне, што здзіўляюцца, як гэта я не баюся вітацца з імі, так доўга стаяць, распытваць... З першай — каля той школы на Камароўцы, у якой тады размяшчаўся інстытут замежных моў, дзе яна, ціхая, недабітая горам інтэлігентная яўрэйка, працавала талковай (ад жонкі сваёй ведаю) выкладчыцай. З другой, гродзенскай заслужанай настаўніцай, сустрэліся мы на дварэ бальніцы.
Успомніў гэта, чытаючы «Нікі» Цібара Дзьеры, дзе ён падобную смеласць назваў «вызывающей».
* * *
Як гэта нізка — чакаць узнагароды ад тых, каго не паважаеш, бачачы іх некампетэнтнасць у справах роднай культуры, сытую абыякавасць да яе, а то і проста варожасць. А то яшчэ і гуртам выпрошваць значок для кагосьці ў яго прыгорбленай прысутнасці, як гэта было нядаўна ў ЦК. «Христа ради — Героя!..»
Асуджаю другіх, але ж і сам быў не заўсёды, не назусім свабодны ад жадання быць адзначаным, узняцца над гэтым у духоўную незалежнасць.
Читать дальше