Ой, час-пара дадоманьку...
У старых жанок рукі баляць,
У маладзічак дзеці плачуць...
Наша блізкасць з Язэпам пасля знаёмства ў Мінску і ў Рызе, на дэкадзе беларускай літаратуры ў пагодлівым верасні шасцідзесятага, падмацоўвалася ў дружбу, так сказаць, на польскай глебе: разам бывалі мы тройчы на міжнародных з'ездах перакладчыкаў польскай літаратуры. Добры, сардэчны ён хлопец, і падумалася ў той наш жалобна-ўрачысты вечар, што балазе ў мяне толькі што выйшла новая кніга,— ёсць што паслаць.
Таксама і Янісу Плотніеку, блізкаму сябру незабыўнага Ояра Ваціеціса, перакладчыку Максіма Танка, знаёмаму з той славутай дэкады, якую мы з ім прыемна згадвалі.
І Лія Брыдака знаёмая з тых дзён, з нашай вясёлай, маладой паездкі перш за ўсё па маляўнічай Латгаліі. Сказала мне цераз стол, што даўно ўжо купіла кнігу маіх мініяцюр і часта па ёй гаварыла са мною. Выступаючы, я згадаў і пра тое, што кожны раз, апынуўшыся ў Рызе ці ў Юрмале, я перш за ўсё званіў Ванагам. «Цяпер, калі ласка,— сказала Лія,— адразу званіце мне». І пазнаёміла з сястрою, ужо не з паэтэсай, а з празаікам — Маяй Свірэ.
Андрыс Веян, на жаль, адлятаў у Баку, на юбілей Вургуна, і пагаварыць нам, паўспамінаць яго Латгалію прыйшлося вельмі мала. Нават на гэты раз, хоць і жалобны такі, не згадалі любімую песню ягонага старога бацькі:
Як піць, дык піць
і кароўку прапіць,—
няхай гэта воўча мяса
у хлявочку не стаіць!..
Нашу, вядома, у арыгінале ды адтуль, з яго родных мясцін.
Мілда Янаўна захацела і дамаглася, каб Юлій быў пахаваны паблізу магілкі іхняга сына, які толькі намякнуў ім пра шчасце мацярынства і бацькоўства, недалёчка ад магілы яе маці і, толькі крыху воддаль, ад Яна Райніса, пры дарозе, каб ёй было зручней туды прыходзіць...
Юлій яе даглядаў, яшчэ ўсё дужэйшы. У той апошні вечар, перад выступленнем Гарбачова з Рэйк'явіка, памыў талеркі, як звычайна, бутэльку пасля кефіру (рэжым!), даў ёй цікавы артыкул у газеце «За рубежом» (яна ж таксама гуманітарый, журналістка былая), а сам сеў у крэсле, чакаючы выступлення.
І тут яна пачула: нешта стукнула. Ён ляжаў на падлозе. І ўжо не апрытомнеў. Тры малайцы з «Хуткай дапамогі» зачыніліся ад яе ў Юліевым кабінеце, намагаючыся ратаваць,— масаж сэрца ў разрэзаных грудзях. Яна бегала па кватэры і па лесвічнай пляцоўцы, а ў суседняй кватэры, таксама пісьменніцкай, грымела юбілейнае свята...
«Пасядзіце яшчэ, я вас прашу! Да каго ж я вярнуся дамоў?..» Расплакалася, і мы, ужо далёка не ўсе, яшчэ пасядзелі. Праспявалі нават ваенную песню на словы Юлія, урачыста памаліліся «Путвейнам»...
І Юлія Пятровіча няма, і яшчэ на адным участку майго сяброўскага круга — звужэнне. І трэба жыць, рабіць сваё, без мітусні, без лішняй спешкі, але ж і без вялай маруды. Бо, чаго добрага, Бог возьме ды пашле лёгкі канец, як і нашаму мацаку, нястомнаму работніку за пісьмовым сталом, рыбаку і паляўнічаму,— на хаду, знячэўку.
Яшчэ адно не так вульгарна, як у нас: аркестр духавы, ва ўсёй сваёй вахлацкай будзённасці не грымеў. Дзве валторны і вакальны мужчынскі квартэт стаяў на могілках трохі збоку і прыход чалавека да месца супакаення сустрэў нягучнай народнай песняй. Калі апускалі ў магілу — таксама песня пад валторны, іншая.
Трэба ж было, каб такое раскошнае бабіна лета закончылася якраз напярэдадні пахавання. Язэп на могілках сказаў: «Прырода плача па тым, хто яе так любіў!..»
А сёння вось — дзевятая гадзіна раніцы — сонца зноў адсвечвае ў вокнах дома насупраць майго гасцінічнага стала...
* * *
Учора ўспомнілася прачытанае тыдні два таму назад у «Życiu literackim» пра beatyfikacje [ 59 59 Beatyfikacja — залічэнне ў божыя ўгоднікі.
], якімі папа Іаан Павел ІІ павінен быў заняцца ў Польшчы ў час свайго трэцяга прыезду на радзіму.
Першы кандыдат на святога — біскуп Міхал Козаль, у 1943 годзе замучаны гітлераўцамі ў Дахаў. Другая — шаснаццацігадовая вясковая дзяўчына Караліна Кузка, якая ў лістападзе 1914 года, недзе на Тарнаўшчыне, не далася царскаму салдату згвалтаваць яе, вырвалася, некалькі разоў параненая шабляй, уцякала балотам, дзе і памерла ў дрыгве. Пахаваная каля касцёла, яна стала ў народзе святой, у вершах пра яе называнай «зоркай народа» і «кветкай польскай зямлі».
Рэлігія з палітыкай, вастрыём і на захад, і на ўсход, без даўнасці, актуальнае і з другой сусветнай вайны, і з першай. З першай — ці не больш актуальна. Як і будаўніцтва мноства касцёлаў на мяжы з бязбожным усходам.
Читать дальше