Можа, i гэты мой запіс — яшчэ адна ўспышка на дагаранні вогнішча жыцця i пэўнага таленту, пра што не вельмі сумна думалася днямі?..
* * *
Дачытаў Аўгусціна. Добра даведвацца, напрыклад, пра такое, што Петрарка малафарматны спісак «Споведзі» меў заўсёды пры сабе. Пра гэта ў «Приложении». Кнігу, з увагі да мінскай хатняй цясноты, пакідаю тут, а наогул беручы, яна назаўсёды стала, займела сваё месца ў маёй удзячнай памяці.
* * *
Тупіковыя моманты, калі становіцца ясна, што ты не ўсё прачытаў, што варта прачытаць, што можа быць цікавым i патрэбным у пажыццёвай вучобе, абавязковай для літаратара.
Так я, каб не пакутаваць ад пустаты душы, успомніў прывезеныя Хрысцяй Лялько экземпляры яе часопіса «Наша вера», уступна ды павярхоўна прагледжаныя ў тыя дні, калі ў мяне сабралася многа чаго чытаць, i пастаўленыя на паліцы на «крыху пазней». Успомніў перш за ўсё артыкул Уладзіміра Конана пра ксяндза Адама Станкевіча. З цікавасцю прачытаў яго, успамінаючы Валянціна Таўлая, ягоныя апавяданні мне пра гэтага незвычайнага чалавека, да якога Валянцін ездзіў у Вільню як супрацоўнік Купалавага музея i вяртаўся не з пустымі рукамі. Так засеў у маёй памяці рукапіс «Паўлінкі», прывезены ад айца Адама. Пэўна ж, прывозілася i яшчэ штосьці, як былі i апавяданні пра тыя сустрэчы, няхай сабе i забылася многае ў падрабязнасцях, але ж адчуванне значнасці, змястоўнасці тых сустрэчаў паэта са святаром, закаханых у роднае слова, у слова Купалы, у памяці маёй жыве.
Бывае i так, што нешта ў часопісе або ў газеце апускаеш таму, што здаецца неабавязковым для прачытання. Так з двух апошніх «ЛіМаў», прывезеных разам, я прамінуў артыкул Алеся Бадака пра творчасць Віктара Гардзея, а цяпер, апынуўшыся ў даўно знаёмым стане чытацкага тупіка, пачаў i гэта чытаць, a ўчытаўшыся, i задумаўся пра Віктара, сёе-тое прыгадаўшы.
Скажам, тое, як я, гасцюючы ў Калеснікаў, па Валодзевай рэкамендацыі чытаў Гардзеевы вершы, да таго часу малавядомыя мне, i мы гаварылі пра ix з уцехай старэйшых. Запомніліся з аднаго верша таленавітыя радкі, якіх даслоўна не памятаю, але вобраз, які яны нясуць, удзячна помніцца. Штосьці так: калі мама насіла мяне пад сэрцам, хтосьці перайшоў ёй вясковую вуліцу з поўнымі вёдрамі. А ён жа, як піша Бадак, без мамы застаўся ў маленстве, i гэта для мяне, пачутае цяпер, горка пераклікаецца з поўнымі вёдрамі шчасця...
Раніца мая нечакана запоўнілася цікавым чытаннем, з якога вартым светлай памяці ўбачыліся святар i паэт у адным выпадку i два паэты ў другім.
* * *
Уранні, раней чым выйсці ў пасёлак, заглянуў у падараваны Кудраўцом шыкоўны том «Познія яблыкі», прачытаў першы раздзел «Сачынення на вольную тэму». Нікуды не дзенуся, буду перачытваць.
...Дзіўна, што робіцца з памяццю?!
Пакуль маладая ўдава не спус-цілася з уціснутага воза сена ў рукі суседа, пакуль ён не данёс яе да бліжэйшай капы, а яна не зашаптала, тулячыся да яго: «Ой, Ігнат... I даюся, i баюся...», мне ўсё думалася, як жа гэта так здарылася, што я не чытаў такога рамана?.. Поўная ўпэўненасць, што чытаю першы раз. I толысі пасля гэтай сцэны з тымі «даюся — баюся», што нібы ключык ад усяго, у памяці стала разварушвацца іншае, тое, што пайшло пазней, з паваротам да раскалупвання ў памяці i ранейшага.
Збоку камусьці можна было б i сказаць: а што ты хочаш, столькі за век прачытаўшы, можна i пазабываць. А тут жа, мяркуючы па даце пад творам, толькі пятнаццаць гадоў прамінула i — такое... Ці ў гэтым есць тое, што называецца проста: яго не толька чытаць, але i перачытваць можна i хочацца?..
...Успомнілася Верачка Палтаран,— як яна хораша, шчыра цешылася з удачаў. У Пташнікава — Алімпіяда, у Кудраўца — Вапшчэткі. Як пра жывых гаварыла. Назаўсёды жывых.
...А можа, яшчэ i так: чаму ўласціва перачытвацца, тое мае i ўласцівасць легка забывацца?..
...У ціхага, слаўнага Толі мова такая сапраўдная, наша. Прыкладаў мноства я на палях паадчыркваў,— i ў «Сачыненні...», i на іншых старонках,— а яны ўсё яшчэ ды яшчэ — залацінкі. «Ці гэта ты, Ігнат, ці так сабе хто?» «Гурбячок зямлі, нашаткаваны кратом». «Смяецца, расперазаўшы зубы на ўвесь рот»...
* * *
Пачуцці, у тым ліку i пачуццё чалавечнасці, у палітыцы не шануюцца. Ix называюць эмоцыямі, як каханне сексам.
«Нельзя отталкиваться от эмоций».
Чытаю гэта ў газеце i недаўменна, у думках пытаюся: ад чаго ж адштурхоўвацца трэба,— што ў нас вышэй?..
* * *
Параненаму ў Дагестане юнаку-салдату далі пагаварыць з мамай па тэлебачанні. З забінтаванымі рукамі, у чысценькай пасцелі ён пачаў гаварыць, збіўся з тону i расплакаўся. Як мог бы расплакацца мой унук-салдат i мноства іншых юнакоў.
Читать дальше