Стары Паўлюк, які сёе-тое ведае пра ix, які самому богу ў вочы сказаў бы, што думае, нібы пугаю смагануў:
— Ну ж i раз'еўся ты, падла, як тая карова на бразе!..
Пры панскай Польшчы.
Дзядзька прыехаў з суда, дзе яго зноў пакрыўдзілі. Вячэрае і, нібы на пацеху самому сабе, расказвае жонцы:
— От жа ж адвакаты рэзаліся — як сабакі!..
Старая бедная баба, выпіўшы кубак паранага малака, якога ёй прынесла суседка:
— Вось я i ачалавечылася!..
Калгасны брыгадзір:
— Мала людзей у мяне. Работа авалодала народам.
Згружаюць штосьці цяжкае:
— Во, брат, людзей,— мне, нясмеламу, i ўляпіцца няма дзе!..
— Даўно я ў сваёй вёсцы не быў. Прыехаў надоечы, гляджу — як малыя павырасталі: хто па пяску нядаўна лазіў — ужо на плоце сядзіць!..
У прыгарадным цягніку. Салдат купляе ў бабы яйкі. Няма куды падзець... Адчыніў чамаданчык.
Цётка— усцешана:
— Ох, мілы, у цябе ж тут яшчэ гэтулькі памяшчэння!..
— Жыве ён бедна — рабіць лянуецца. Можа, кажаце, п'е? Не, ён, па-мойму, i піць таксама лянуецца.
— Хто тоненька, хто тоўсценька, а я i зусім маўчу, дык мне прыходзіццa ў апошнюю чаргу.
На калгасным рынку. Вясёлая, бойкая маладзіца-ўдава:
— Куплю, падгадую, прадам i зраблю выварат!..
Цётка, прадаючы калгаснуга расаду:
— Яна ж у нас — як рыба. Мінутку на паветры пабыла — і звяла.
— Ой, бабачкі, гарачыня! З ранку да вечара — ані зміргне!..
— Дзеці ў яго — розных нацыянальнасцей: адно на адно ні крышку не падобныя.
—Якія табе дакументы, калі ў мяне i кішэняў няма!..
«Вільня патане, а Кромань устане».
Пачуў гэта на Наваградчыне, ад вясковай цёткі. Прыпомнілася славутае: «Горы i долы зраўняюцца».
Другая цётка:
— У нас калісьці казалі: «Каб ты ў Бабруйску рабіў!»
Чаму так пракліналі, не ведае. Цьмяна прыпомніў, што сустракаў недзе ў Герцана: «Лепш ужо Вятка, лепш Сібір, абы толькі не Бабруйск!..»
Мелася на ўвазе крэпасць.
Пажылы афіцэр, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, сапёр, які нядауна страціў зрок пры размініраванні алжырскіх палёў, гаворыць з трыбуны, перад поўнай залай піянераў:
— Смерць я, дзеці, доўга насіў на руках. Каб другія яе не бачылі.
— Сам ад сябе ў бутэльку не ўцячэш.
— Ён не дзівак — не будзе чакаць, пакуль праспявае трэці певень!..
Праваслаўныя дзядзькі крытыкуюць баптыстаў:
— Што гэта ў ix за прычасце — хлеба накрышыць у віно... Бацюшка, дык той ж a ўсё-такі часціцы з хлеба выразае...
Не менш урачыста гавораць самагоншчыкі:
— Ну, будзем дрожджы ў брагу апускаць...
Памёр ужо даўно не толькі цесць, васьмідзесяцігадовы дзед Сцяпан, але і зяць, няўдаліца-каваль Мікола. А вершык, складзены цесцем пра зяця, жыве i ходзіць па навакольных вёсках.
Цяжка соп Мікалай,
аж гудзела гарно,
майстраваў, майстраваў,
ну, а выйшла ...
Няхітры вершык, але часта прыдаецца.
Як дабірацца да сэнсу мянушак?
На дзядзьку кажуць Куныла. Чаму? Аказваецца, бацька яго вельмі любіў песню:
Вот скоро, скоро поезд тронет,
звонок уныло прозвенит...
Імя калгаса — высокае, а на працадзень выдалі па трыста грамаў.
Стары пячнік, вылачашчы п'янчужка, звоніць туды з сельсавета па тэлефоне: — Скажыце, калі ласачка, гэта калгас «Няпоўны фунт»?..
Імглістая, парная раніца.
На сівым, старым частаколе пры студні — росны круг павуціння. За плотам — цёпла-барвовыя, буйныя кветкі канюшыннай атавы. Над імі — у мокрым лісці — цяжкія, спелыя, малінавыя слівы...
Прыгадваецца Лермантаў. Што, хіба гэта не бяссмерце?..
На рыжскім калгасным рынку — вясёлая процьма кветак, а пад сталамі спакойна ходзяць «никем не обижаемые голуби»...
Простыя словы, а — разам з воблікам Кацюшы Маславай — запомніліся на ўсё жыццё. Вось ужо трыццаць год прайшло ад першага — можа, нават і не зусім свядомага яшчэ — захаплення.
Талстоўскі Познышаў сказаў калісьці: «Цяпер я на поўдзень. У мяне там домік i садок».
А я вось хаджу па ўскраінных вуліцах ды завулках Кіславодска, гляджу з акна электрычкі, едучы ў Пяцігорск, і радасна ўспамінаю ix, тыя, вельмі звычайныя, словы.
Якая дакладнасць, i што яна азначае ў вялікім майстэрстве!.. Скажы ён «дом i сад» — нічога не было б.
Перачытваў Багдановіча. I ўжо каторы дзень... ну, проста не выходзіць з галавы:
...Нават сорам на хатніх зірнуць:
ці не ўцямілі, хвароба на ix,
ад чаго мой тварык смяецца,
ад чаго маё сэрцайка б'ецца.
А мой Міхась Васілёк, у якога жыта парасло на старэнькай хаце, які так здорава расказвае пра паляванні на дзікоў, пісаў чамусьці i такое:
Читать дальше