Найбольш, здаецца часамі, актуальная праблема ў многіх — «дзе дастаць дражджэй?» Самагонка, «сталічная», нават каньяк. П'юць вельмі многа.
У мястэчку перад «забягайлаўкай» наглядаў сварку настаўніцкай пары.
Ён, п'яны, яшчэ ўсё рваўся да чаркі і груба лаяўся — прывычна ўжо, нават здаволены сабой.
Яна крычала, як звяглівая баба, выварочваючы «перад усёй грамадскасцю» хатні, сямейны бруд.
А дзве дзяўчынкі, што за чатыры кіламетры прыйшлі сюды па сшыткі, прагна прыглядаліся, прыслухоўваліся да гэтай «педагагічнай дыскусіі»...
Былы падлольшчык, адукаваны, сімпатычны рабацяга, таксама настаўнік, зусім сур'ёзна даводзіў мне, што алкаголь... карысны.
У старшыні калгаса — перадавога, раструбленага на ўвесь свет — нос сіні і ў цяпле. Адзнака асноўнага занятку, сімвала веры...
Спіс гэты можна прадоўжыць, хапіла б толькі ахвоты.
Трэба штосьці рабіць!.. А я яшчэ думаю: ці варта даць месца гэтай балючай i вельмі сучаснай праблеме ў артыкуле, які мяне прасілі напісаць пра новае ў вёсцы...
Жывучая ж яна — прывычка загладжваць!..
Не скажу, што я прыехаў сюды, у вёску, «вывучаць жыццё». Бо зацягалі, забрудзілі мы гэтыя словы. Я прыехаў пажыць у родным свеце майго маленства i маладосці, пажыць ca сваімі людзьмі, пра якіх мне заўсёды найлепш пісалася. I мне, зноў акунуўшыся ў гэты свет, ва ўпор убачыўшы яго плюсы i мінусы, зноў бывае горка ад гладкапісу, ад несціханай, безадказнай балбатні некаторых дакладаў, артыкулаў, кніг...
Два паэты ідуць па палявой дарозе. Бабы i дзеўкі жнуць. Пасляваенны калгac благенькі, але настрой у паэтаў выдатны. Адзін пачаў дэкламаваць, прыпомніўшы чужы і даўні верш:
Зваявалі жнеі сваё ліха-гора,
Вострымі сярпамі зваявалі.
Жняя, бойкая маладзіца, пачула i ў тон яму, адагнуўшыся, дадала:
Ваявалі жнеі, ваявалі,
А ім хлеба не давалі, не давалі...
Пайшлі нашы хлопцы — стуліўшыся.
Калі «знаходзіць новае», «заглядваць у будучыню» так, як раяць некаторыя «рамантыкі», калі сёння пісаць пра заўтрашні дзень, заўтра — пра паслязаўтрашні i г. д., дык хто ж напіша пра наш час?..
Успамінаецца талстоўскае:
«Нам патрэбны літаратары з буйным талентам бытапісальніка, a ў нас толькі выдумшчыкі».
Мы ix часамі называем лакіроўшчыкамі.
Горка мне слухаць такое:
— Зрабіўшы вылазку ў жыццё, ты вернешся ў сваю кабінетную крэпасць i з-за магутных сцен яе будзеш далей ілгаць, бо адчуеш сябе ў поўнай бяспецы, бо ў гэтым — твой хлеб. I не падумаеш, мусіць, што слухаць цябе па радыё i чытаць бывае проста моташна...
Модная паэтэса пыталася на дачы ў гаспадыні:
— А скажыце, калі ласка, як гэта курачка нясе яечка?
Зусім сур'ёзна, вывучаючы жыццё.
У двух з сябрам у творчай камандзіроўцы. Навалачыліся па калгасах, а цяпер, у раённай гасцініцы, думаю перад сном:
«Як мы будзем дзяліць «мастацкія дэталі»? Як дзеляць, палазіўшы з таптухай, рыбную драбязу?..»
Няўжо такая беднасць, няўжо мы так адарваліся ад народа, што кожнае звычайнае слова якой-небудзь працавітай бабкі здаецца адкрыццём?..
Халаднавата ад гэтых думак...
Нарысіст — «для ўзмацнення канфлікту» — зрабіў героя свайго нарыса інвалідам вайны, з пустым рукавом. Сустрэліся потым — герой i кажа:
— Вось як трэсну вам гэтым пустым рукавом!..
I тыцкае пад нос пісаку здаравенны кулачышча.
«Веласіпеды, нікеляваныя ложкі» — як гэта шаблонна ўжо i як абрыдла у нашых творах пра калгасны дабрабыт!
Вельмі прыемна спажываць набыты сумленнай працай кавалак радасці,— калі там, дзе ты яшчэ ніколі не быў, цябе ўжо ведаюць па тым, што ты зрабіў.
Жонка «гаспадара раёна» расказвае:
— Летам да нас Тхаронак прыязджаў. Ведаеце — рэдактар з Мінска? Паехалі мы з ім да Сцёпкі... Ведаеце — старшыня «Чырвонага коласа»? Два дні гулялі там. А потым Тхаронак прыслаў да Сцёпкі сваіх карэспандэнцікаў, каб калгас яго апісалі...
Тон такі — у зусім нядрэннай жанчыны. Забываецца нават, што і я ж таксама «карэспандэнцік». Тон — запазычаны.
Рэмбрант. Ратэрдамская галерэя.
Многа партрэтаў важных, у той час знакамітых персон.
Сёння забаўна: ім здавалася, што яны робяць ласку мастаку, што не ён, а яны застануцца!..
Калісьці нехта выдумаў сякеру, песню, казку... Сам застаўшыся безыменным. Калісьці кітайскія літаратары пускалі ў жыццё свае творы без подпісу, ананімна.
Чытаў я пра гэта ў юнацтве i недаўмяваў, А цяпер ужо нібыта пачынаю разумець... Нядаўна нават усцешыўся, сустрэўшы ў Галчынскага:
Читать дальше