Лягчэй жывіце, людзі, весялей!..
...Тут часамі не толькі змаганне з галечай, адчайная барацьба за жыццё. Куды больш агідна стараннымі бываюць тыя, што ўжо маюць кавалак хлеба, i добры, але хочуць большага.
Старая мяшчанка, бацька якое меў калісьці тры выязныя тройкі, a ў самой — два трохкватэрныя дамы, цэлы пук, як радыскі, ключоў i ключыкаў ад розных каморак i шафаў... Страшнай зімой сорак першага — сорак другога года яна штодня, а то i па некалькі разоў на дзень — «пад ляжачы камень вада не цячэ» — бегала да гетаўскага дроту, каб «абмяняць» на некалькі бульбін яшчэ адно дарослае ці хоць дзіцячае паліто... Нават плакала над лёсам бедных яўрэяў, але ж прыносіла тое паліто i... бегла зноў,— нібы ратуючыся ад галоднай смерці!..
Дабрадушны, двухжыльны вахлак. На фронт, у мікалаеўскую вайну, ішоў ад дзядзькі з горада. Так разгубіўся, што пачаў, адыходзячы, хрысціцца перад вялікім люстрам у кутку, як перад іконай,— на самога сябе...
Цяпер, пасля другой сусветнай вайны, ужо стары, мнагадзетны ўдавец, расказвае мне, як малыя ў ix вёсцы бомбачку нейкую разбіралі, а яна ўзяла ды разарвалася... Суседняга хлопца забіла, а дзядзькаву малую толькі страшна пакалечыла.
— Так яно, браце. Скаціну, дык чалавек або прадаў бы, або дарэзаў бы, а з дзіцем што будзеш рабіць?..
Ад люстра было мне калісьці смешна.
Цялер — да болю, да жудасці — горка...
Бяда з культурнасцю.
У местачковай чайной, абедаючы з паважанымі гасцямі, былы настаўнік, якога нядаўна скарацілі з-за недахопу адукацыі, грунтоўна i дабрадушна расказвае:
— Прымерна, ведаеце, быў у мяне парсючок. Хварэў тожа паносам. I я пачаў лячыць яго сырымі яечкамі, Упатрабіў і — пачаў папраўляцца!..
I такая ж пры гэтым нявінная усмешка!..
У клініку з глыбіннай партызанскай вёскі прывезлі пасля вызвалення падлетка з прастрэленай дыяфрагмай. Бледны, нямоглы, i рана задаўнена.
Стары прафесар, рухавы сангвінік, зрабіў яму аперацыю, вельмі складаную i — удала! Гаварылі: «Дзевятую ў свеце, другую ў СССР!..»
Хлопец стогне, трызніць. Бабка не спіць пры ім каторую ноч...
А прафесар, як бог — у белым акружэнні анёлаў-студэнтак — грыміць радасна каля ложка:
— Дзякую, хлопчык, дзякую, мілы мой, за тое, што ты мне прывёз такую цікавую хваробу!..
Былы афіцэр-франтавік, пасля студэнт, дырэктар сярэдняй школы, цяпер — старшыня адсталага калгаса. Мужчына энергічны, падцягнуты, як спартсмен. Новы домік, асобны пакой, які ён лічыць сваім кабінетам, хоць сядзець тут яму не даводзіцца, Даволі цікавая бібліятэка, нават з рэдкімі кнігамі.
Лёгка можна падумаць, нават i напісаць:
«Ах, які культурны, які сучасны старшыня калгаса!..»
А гэта — добры настаўнік, які — заядла намагаючыся падняць грунтоўна разваленую гаспадарку — вось ужо чатыры гады, з кожным годам мацней, тужыць па сваёй сапраўднай працы.
Сябры едуць дахаты, з далёкай камандзіроўкі. Адзін вязе хваляванне другога. Вялікае. Учора яшчэ даведаўся, жонка пазваніла па міжгародняму, што сябрава дачка папала на вуліцы пад машыну. «Цэлая ўся, але траўма вялікая». I везці гэтую таямніцу — нялёгка. Асабліва гледзячы, як ён нічога не ведае i смяецца... Найцяжэй стала ўранні, калі ўжо блізка было. Сябар ідзе, памыўшыся, па калідоры вагона, смяецца, гледзячы, як дзяўчынка цікуе ў акно:
— Вось хто хвалюецца, відаць, найбольш! За ўвесь вагон!
А той, хто сапраўды хвалюецца — відаць, за ўвесь цягнік,— маўчыць, ківае галавой, згаджаецца. Нават з усмешкай...
— Аркестр, увага — Шапэн!..
Маладыя, вясёлыя хлопцы, салдаты, іграюць. Замкнутая ў нотах музыка зноў ажывае, падключаецца да новага смутку і жалю...
Цябе выносяць. Ідуць пад труной сябры. Сонца свеціць на твой, ужо адсутны, твар.
I ўсім гэта відно — апроч цябе...
Страшна бывае ад думкі, што родныя, сябры, што твой цудоўны сынок — толькі сустрэчныя на бязмежнай дарозе часу, паміж небыццём, што было, i небыццём, што будзе. Што мы не бачыліся з сынам, з другам мільёны год, i хутка зноў не будзем бачыцца — ніколі!..
Якія жудасна шчаслівыя гады i дні нашай любві, дружбы, i як жа часта мы марнуем ix на пустое!..
Ноч каля вогнішча над ракой. Камары, холад, птушыны канцэрт, i гутарка, i роздум — можна сказаць — філасофскага ўхілу.
Ох, недарма чалавек даўно ўжо назваў сябе толькі госцем на гэтай зямлі, i не соладка было яму прыйсці да гэтай думкі!..
Успамінаецца адзін з нядаўніх вершаў Маршака, дзе ёсць мудрыя і, відаць, таксама ж у пакутах народжаныя радкі (не памятаю даслоўна): «Калі мне было чатыры гады, калі я быў яшчэ несмяротны...»
Читать дальше