Канстанцін зноў не вытрымаў, далікатна ўставіў сваю заўвагу:
– Таварыш Ежы, пра гэта мы добра ведаем і ўчора яшчэ асудзілі іх пазіцыю, і з-за іх мы яшчэ будзем мець непрыемнасці. Але ў нас абмеркаванне трошкі іншых пытанняў. Адкажыце тады канкрэтна – вы за тое, каб падняць заўтра паўстанне, ці лічыце, што гэта рабіць зарана?
– Адкажу. Лічу, што мы не выкарысталі ўсе магчымасці падрыхтоўкі да паўстання. Мы не ведаем, колькі народу падтрымлівае нас, а колькі не, колькі ўвальецца ў шэрагі паўстанцаў, а колькі будзе супраць... Мы не ведаем, колькі будуць ісці з намі вылучэнцы з царскіх войскаў. Для таго, каб выступіць супраць царызму, неабходна некалькі год падрыхтоўкі...
– Але ж за гэты час у некалькі разоў узмоцняць свае сілы жандармерыя і войскі...
– Можа быць і так, але яблык падае тады, калі ён выспявае...
Канстанцін Каліноўскі не вытрымаў, падняўся з-за стала. Кідаў позіркі на кожнага прысутнага, быццам хацеў убачыць у іх вачах падтрымку словам Ежы ці асуджэнне. Не ўбачыў ні таго, ні другога.
– Мне здаецца, што мы так не прыдзем да ўзаемазгоды, – выказаў са шкадаваннем сваё меркаванне Каліноўскі.
– Канстанцін, – звярнуўся да яго Ежы, – у мяне ёсць прапанова. Мы павінны асобна дамовіцца між сабою, а потым выказаць на паседжанні агульную думку. Мы трацім шмат часу на абмеркаванне. Мы павінны прыйсці на наступнае паседжанне з гатовым рашэннем ці прапановай. Перад гэтым усё ўзважыўшы і ацаніўшы.
– Я згодзен, Ежы.
Каліноўскі пакінуў паседжанне, спаслаўшыся на кепскі стан.
Размова далей пайшла не так напружана, але больш бязладна.
– Я за неадкладнае паўстанне! – пачуўся голас з кутка пакоя. – Адкладваць нельга, падрыхтоўка праведзена даволі вялікая...
– Неабходна правесці рэвізію сваіх радоў, накапіць сілы, раставіць вопытных кіраўнікоў паўстання... Інсургенты трыццатых гадоў згодны аказаць нам дапамогу, навучыць правілам барацьбы, каб не паўтараць іх памылак...
Гэта словы Ежы, ён настойліва стаяў на сваім.
– А памылак было ў іх шмат. Нелагічна нам гаварыць аб накапленні сілаў, бо як жа распачынаць паўстанне без людзей. Давайце задамося такім пытаннем: дык якое мы хочам зрабіць паўстанне? Дваранска-мяшчанскае? Я разумею Каліноўскага, які заўсёды з народам, ён як ніхто бліжэйшы да простага люду і давярае яму, і гатовы аддаць за яго жыццё, але... Трэба прытрымлівацца строга праграмы Рэвалюцыйнага камітэта, у якой надавалася галоўнае значэнне ўсёй нацыі. Таму мы з Каліноўскім прынцыпова блізкія гэтай пазіцыі, разыходзімся толькі адносна сродкаў. Наша сіла ў прапагандзе нацыянальнага духу, у мацаванні нацыянальных інтарэсаў, у пераконванні сялянства ў неабходнасці паўстання, якое дасць ім тыя альбо іншыя выгады – духоўныя, эканамічныя і сацыяльныя. А для Кастуся падыходзіць любы сацыяльны стымул, галоўнае падштурхнуць да хваляванняў, давесці сялянства да выбуху, не клапоцячыся пра тое, якімі будуць вынікі...
Нестар Дзюлеран перабіў яго:
– Ежы, дык ты, атрымліваецца, адмаўляешся ад барацьбы?
У вачах здзіўленне ад нечаканага пытання, вочы расшыраны, рот прыадкрыты.
Ён напруціўся, спахмурнеў, а адказ прагучэў спакойна і разважліва:
– Не трэба так ставіць пытанне. Ты ж, Нестар, не кінешся адразу ў рэчку, каб пераправіцца на другі бераг. Ты найперш разведаеш глыбіню, а потым пусціш свайго коніка наперад, стараючыся не замачыць штонікі...
Прысутныя засмяяліся. І гэта, бадай, быў першы смех за тры дні, калі стомленыя людзі абрадваліся нейкай разрадцы ў нялёгкай размове.
– Таму яшчэ скажу некалькі слоў. Каліноўскі мае вялікі вопыт яднання з народам, і ён шукае ў пакутах і бачыць у ім адзіную сілу, якая здольна на вялікае паўстанне. Бачыць сябе рыцарам. Адчувае біццё сэрца сялянаў як Польшчы, так і Літвы, як Беларусі, так і Расеі... Для гэтага ён і пачаў выдаваць “Мужыцкую праўду” на сялянскай ці мужыцкай мове. Ці дойдуць яго ідэі да кожнага селяніна, не ведаю... Яшчэ. Паўтараю – я рашуча стаю на прынцыпах той працы, якая намечана праграмай, і таму вельмі няправільна мы зробім, калі парвем з тым кірункам, які быў вызначаны і зацверджаны, і для ажыццяўлення якога, на вялікі жаль, не зроблена ніводнага кроку. Калі ж ідэя праграмы – барацьба за незалежнасць агульнымі сіламі, то патрэбна, каб увесь – паўтараю: увесь народ! – не толькі пранікся гэтай ідэяй, а і паверыў у свае сілы, паверыў – і перамог! Вось такія мае думкі, панове-таварышы.
Усталявалася маўчанне. Больш ніхто не захацеў браць слова. Нестар Дзюлеран, узяўшы на сябе часовае кіраўніцтва паседжаннем, прапанаваў:
Читать дальше