Антоній Залескі атрымаў рэвалюцыйную пасаду начальніка акругі Трокскага павета, а Ежы Ігнацый стаў памочнікам ваяводскага, хаця, як ён ведаў, ваяводы як такога яшчэ не было...
7.
Хто не ведаў у Вільні літаратурны салон Кіркора? Хто не ведаў самога Адама Ганоры Карлавіча Кіркора? У Пецярбурзе з цікавасцю чыталі яго творы, у Маскве дапытваліся, дзе знайсці напісаныя ім кнігі ці артыкулы.
Ян са Слівіна, Ян Валігурскі, Сабары, Яцак… Гэта ўсё яго літаратурныя псеўданімы. Асоба незвычайная. Каларытная. Магутная. Этнограф, археолаг, публіцыст, выдавец, гісторык літаратуры, грамадскі дзеяч ліберальнага кірунку. Працаздольнасць у яго была незвычайная – мог суткамі сядзець над нейкай навуковай працай, пакуль не лічыў, што выклаў асноўныя тэзы задуманага. А потым ужо дарабляў, перапісваў, шліфаваў…
Ведаў пра тое Уладыслаў Сыракомля, ведаў, ды ўсё ніяк не мог адважыцца завітаць да Адама Кіркора, чамусьці пераносіў сустрэчы надалей.
Абрамавіцкі завулак, куды выходзілі вокны, быў ціхі, зрэдку калі даносіўся які голас. Ад дома непадалёк знаходзіўся евангельска-рэфармацыйны касцёл, – але званы яго не перашкаджалі, наадварот, супакойвалі, улагоджвалі яго душу боскай мілатой. Уладыслаў пазнаёміўся з пастарам Клішэўскім, і той прапанаваў яму наведаць бібліятэку касцёла. Паэт дакрануўся да вокладак рэдкіх выданняў – XVI-XVII стагоддзяў, – адчуў, як задрыжэлі пальцы. Ніколі не трымаў у руках такога багацця. Тады ён, мусіць, адчуў справядлівасць свайго прызнання ў першых лістах з Вільні да свайго сябра: “Не меў я сілы праз мае горкія ўспаміны жыць далей у вёсцы, у мясціне, дзе калісьці жыццё працякала болей шчасліва, перанёсся я ў горад са спадзяваннем, думаючы, што, дзе больш людзей, больш кніг, там мне будзе лепш і працаваць, і адпачываць…”
Так, у Вільні было больш народу, болей кніг, болей прастору для творчасці.
Вінцэсь Каратынскі перагаварыў з Доўнарам, папрасіў, каб дазволіў гаспадар збірацца на кватэры людзям творчым і таленавітым. Доўнар не толькі дазволіў, а нават выдзеліў для гэтага яшчэ адзін дадатковы прасторны пакой. Сам прысутнічаў калі-нікалі, бо любіў паэзію, мастацтва, радаваўся, калі парог дома пераступалі людзі вядомыя не толькі ў Вільні, а і далёка за яе сценамі…
– Братка Вінцэсь, – дзяліўся думкамі з сакратаром Уладыслаў Сыракомля, – гэта так добра, што ты арганізаваў нешта накшталт літаратурнага салона! Раз на тыдзень мы маем магчымасць бачыцца з людзьмі і размаўляць з імі, абменьвацца творчымі задумамі. Калі мясцовая арыстакратыя траціла на адзін вечар да паўтысячы рублёў, то нам дастаткова на гэта ўсяго тры рублі. І грамада збіраецца разнастайная, і для кожнага знойдзецца цікавы занятак. І ў нас усё проста і натуральна, кожны вольны гаварыць што хоча, паводзіць сябе як хоча…
Каратынскі ўсміхаўся, радуючыся, што даспадобы Уладыславу ўсё тое, што ўдалося зрабіць.
А з памяці Сыракомлі не выходзіла тая адзіная сустрэча з невядомай прыгажуняй, – яркай знічкай успыхвала часта, то ў сны прыходзіла, чаравала, смяялася нечага. Ці не з яго, Уладыслава, смяялася, што ён такі нясмелы, не папытаўся нават у яе, як завуць… Невыпадковай была сустрэча, ой якой невыпадковай. Але ён не імкнуўся адшукваць яе, распытваць у каго, тым больш даручыць такі клопат свайму сакратару, – смешна выглядала б тое, вельмі смешна…
Яшчэ пад час першага салона Уладыслаў Сыракомля заўважыў, што людзі сабраліся нейкія адасобленыя адзін ад аднаго, трымаюцца купкамі, групоўкамі. Калі нешта прапаноўваў адзін, то астатнімі ўспрымаліся “ў штыкі”. Усе пагаджаліся, што так жыццё працягвацца далей не можа, а вось шляхі і кірункі, як яго памяняць, перайначыць, – да адзінай высновы не прыходзілі…
Падчас гарачых спрэчак асабліва не вытыркаўся, бо недзе ў душы адчуваў, што ён, як бы там не было, пакуль што чалавек вясковы.
– А што думае на гэты конт спадар Сыракомля? – вывеў яго з задумення малады паэт Вітальд Дабравольскі, які прачытаў перад гэтым свае вершы і чакаў прысуду.
– А што мне думаць? Што сказаць на першыя спробы? Шмат працаваць трэба над радкамі. І не згодзен я хіба толькі з тым, што ў вершы адсутнічае цеплыня і спадзяванне, а нагнятанне толькі чорнага і скажонага… Але гэта мае прыватныя думкі, спадар Дабравольскі, прыватныя...
Вітальд як не чуў яго слоў:
– Я знаёмы з вашымі вершамі, спадар Уладыслаў. Але, на мой погляд, думкі вашыя, выказаныя ў вершах, утапічныя, нерэальныя... Не крыўдуйце, вы – майстра, а я пачынаючы, таму магу і памыляцца...
Читать дальше