– Якая, Аляксандр Іванавіч?
– Тое, што дэкларуеце своечасовасць паўстання. Вось і Бакунін настойвае на тым, што заўтра раніцай неабходна рушыць у бой. З кім? З чым? З якой зброяй? З якімі ідэямі і хто іх з простага народа чуў? Я, напрыклад, не лічу, што “Зямля і воля” здольная ў дадзены момант падняць сялянства на паўстанне. Тым больш, што гэтаму ніяк не садзейнічала і агульнапалітычная сітуацыя ў Расіі.
– Там жа моцныя арганізацыі, – паспрабаваў пярэчыць прадстаўнік Варшаўскага ЦК.
– Моцныя? Тое, што ў Расіі створаны першыя ячэйкі арганізацыі, у тым няма ніякага сумнення, але гэта толькі валокны, нітачкі, якія заўважны простаму воку… З гэтых нітак ці ніцей, вузлоў магла ўтварыцца пад час цішыні і часу шырокая тканіна – усё гэта так, сапраўды так, але яе не было, і таму кожны моцны першы ўдар пагражаў знішчыць працу на цэлае пакаленне і разарваць першапачатковыя карункі таго павучыння…Такія адказныя і сур’ёзныя справы не вырашаюцца за адну ноч ці дзень.
– Так і перадаць вашую думку Цэнтральнаму камітэту?
– Так і перадайце. У мяне ўсё.
…Напярэдадні паўстання, яшчэ ў 1862 годзе, Агароў звярнуўся да камітэта рускіх афіцэраў у Польшчы. Ён растлумачваў свой погляд на будучыя падзеі і вызначаў пазіцыю, якую, па яго меркаваннях, павінны заняць афіцэры рускай арміі.
Ён пісаў: “Мы разумеем, што вам нельга не далучыцца да польскага паўстання, якім бы яно ні было; сваім учынкам вы выкупіце грэх расейскага імператара; ды звыш таго, пакінуць Польшчу на пабіенне без усялякага пратэсту з боку расійскага войска таксама мела б свой шкодны бок маўкліва-пакорнага, амаральнага ўдзелу Русі ў пецярбургскім катаванні…”
І Герцэн услед за сваім сябрам паўтараў сваю думку польскім патрыётам аб несвоечасовасці паўстання. Падлеўскі стараўся нават пераканаць яго, апіраючыся на сваё веданне Пецярбурга, але Герцэн і ў перамовах, а затым і праз “Колокол” (№ 147 надрукаваў лісты выдаўцоў Цэнтральнаму польскаму камітэту і рускім афіцэрам у Польшчы) цвёрда і рашуча заявіў : “На Русі, у цяперашні момант, наўрад ці можа ўспыхнуць паўстанне!”
Даводзіў, што рускія афіцэры павінны павінны зрабіць усё, каб Польшча не выступіла да таго, як да падобнага выстыплення будзе гатова Расія:
“У нас нічога не гатова. Моцнае кола афіцэраў існуе, як нам вядома, толькі ў вас…”
Вельмі хацеў Аляксандр Герцэн, каб кіраўніцтва ЦПК прыслухалася да яго парад.
І Мікалай Агароў, як і яго паплечнік, рашуча выказваўся пра тыя згубныя вынікі заўчаснага паўстання:
«Польшча, відавочна, загіне, а расейская справа ўтопіцца ў пачуццях народнай нянавісці, якая ідзе ў сувязі з адданасцю цару, і адродзіцца толькі пасля, доўга пасля, калі ваш подзвіг пяройдзе ў такое ж паданне, як 14 снежня, і ўсхвалюе розумы пакаленняў, цяпер яшчэ не распачатага…»
Не прыслухаліся, не пачулі ці не хацелі пачуць.
Няўзброеныя, не навучыўшыся тактыцы бою, на разварушыўшы нацыянальны гонар за сваю радзіму, спадзеючыся толькі на «авось», рушылі на царскія штыкі, кулі, гарматы…
…Памешчык Антоній Залескі з’яўляўся суседам Ежы Ігнація Кучэўскага-Порая. Заможным памешчыкам лічыўся, сам сабе на ўме. Што паставай, што розумам, выдзяляўся сярод усіх, – адметнай быў асобай.
Да яго вунь і з Вільні, з самога Пецярбурга прыязджаюць знатныя людзі, вядуць разумныя размовы, малюнкі яго разглядваюць. А то і просяць намаляваць нешта, грошы вялікія за тое абяцаюць…
Як маладым быў, доўгі час швэндаўся па Еўропе. Нідзе доўга не затрымліваўся – ні ў Францыі, ні ў Нямеччыне, ні Іспаніі. А вось калі дабраўся да Рыма, то ніяк не мог пакінуць гэты казачны і славуты горад. Ды не на пагулянкі ездзіў малады памешчык у тыя краіны, не спальваў сябе ў бяздзейнасці, а выкарыстоўваў, як мог, кожны дзень… Ён меў душу мастака, а мастак і на свет глядзеў па-свойму, з душой паэта і мецэната.
Калі ж наведаў аднойчы плошчу святога Сабесцьяна, убачыў, як працавалі мастакі, а заадно расстаўлялі побач з сабою гатовыя малюнкі, зразумеў, што ён ператвараецца зусім у іншага чалавека. Ён рашыў занатаваць для сябе відовішчы горада, яго людзей з дзіўнымі касцюмамі, атмасферу таго часу, незвычайную мелодыю жыцця Рыма. Антоній прыладкаваўся збоку ад мастакоў, каб не замінаць ім, каб яны і не бачылі, што ён малюе…
Праз колькі дзён да яго нечакана падышоў чалавек і спыніўся побач. Моўчкі паглядаў на тое, што ён стварыў, на маладога і невядомага мастака.
– З якіх краёў прыехалі да нас? – папытаўся незнаёмец, павярнуўшыся да Антонія.
Читать дальше