Падзяліўся сваёй думкай з братам. Той аднёсся да яго слоў спакойна:
– І я хачу ўступіць у тайную арганізацыю. Што для гэтага трэба?
– Пакуль што толькі твая згода. Падрабязнасці – пазней.
Ежы разумеў: трэба знайсці і падключыцца да нейкай канкрэтнай справы, а для гэтага пазнаёміцца з людзьмі, сваімі аддаленымі суседзямі, наладзіць з імі стасункі, высветліць іх перакананні, погляды, а потым ужо ім можна давяраць, весці ў наваколлі агітацыйную працу…
Бліжэйшы суседы Ежы – памешчык Антоній Залескі. Заможны памешчык, моцна трымаецца на зямлі, але не скнарнага характару, не злы, памяркоўны, да сваіх сялянаў адносіцца добразычліва. Пра гэта Ежы сам чуў ад людзей. Антоній мог з’ехаць на няпэўны час.
Сяброўства цеснага Ежы не меў, аб чым шкадаваў, пазнаёміўся з ім колькі год назад на штогадовым кірмашы, – проста паціснулі адзін аднаму рукі, сказалі па некалькі слоў.
А вось цяпер трэба было ехаць да яго без папярэдняй дамоўленасці і без запрашэння, хаця, як помніцца, тады пан Залескі гаварыў: “Будзеце праязджаць паўз мае межы, зазірніце, буду рад…” Не так даўно ў яго памерла жонка.
Калі Ежы пад’ехаў на брычцы да металічных рашотчатых варотаў, яны былі расчыненыя, – і гэта магло азначаць, што да пана Залескага мог завітаць любы чалавек, можа нават і без запрашэння.
Каля галоўнага ўваходу – пазнаў адразу – гуляў Міхась з сястрычкай. Дзяўчынка весела смяялася, уцякаючы ад брата, паказвала яму растапыраныя пальцы. Спыніўся каля іх, калі павітаўся, спытаў найперш:
– А ці дома, мае дарагія, пан Антоній Залескі?
– Татачка дома, і ў яго шмат людзей, – патлумачыла Мальвінка, папраўляючы на галаве бялявыя коскі, – а вы хто будзеце?
– А я ваш сусед – і завуць мяне Ежы. Вам мае падарункі. Лялька для Мальвінкі, а кніга “Шляхціц Завальня” – для малога пана Міхала.
Дзяўчынка абрадвалася, адразу прыціснула ляльку да грудзей. Міхась жа толькі паглядзеў на вокладку, ледзь заўважным кіўком галавы падзякаваў.
На ганак выйшаў, мусіць, убачыўшы праз акно, што да яго завіталі госці, пан Залескі.
– О, пан Ежы! – усклікнуў, пазнаўшы свайго суседа, прыветна гаспадар. – Як добра, што вы прыехалі! Мы збіраем мужчынскі гурт, хочам праехацца па прасторах Вялікага Княства. Запрашаю і вас далучыцца!
– Дзякую, пан Антоній, за запрашэнне! З радасцю прыму яго.
– Добра, што вы праведалі мяне, вельмі добра. А цяпер праходзьце, пазнаёмлю вас са сваімі гасцямі і жыхарамі, што жывуць у мяне.
За прасторным сталом, сярод вялікай залы, сядзеў добры гурт людзей.
– Будзьце знаёмы, сябры мае, перад вамі – Ежы Ігнацій Кучэўскі-Порай! – паклаў Залескі руку на плячо Ежы. – Мой бліжэйшы сусед… Жывем непадалёку, а сустракаемся рэдка. Вось сёння амаль першы візіт да мяне.
Прысутныя схілілі ў знак ветлівасці галовы.
– А цяпер я вам прадстаўлю нашую кампанію – з усіх канцоў Літвы. Ежы Ляскарыс – выдатны паэт, любіць і апявае наш край. Ён пражывае пастаянна ў маім маёнтку Касцюшышкі. Побач з ім – мастак Міхал Эльвіра Андрыёні… Таксама ў мяне жыве, разам з ім ствараем нашы бессмяротныя творы… Спявак Банольдзі – будзем слухаць ягоныя спевы. Уладыслаў Дмахоўскі – марыць быць рэвалюцыянерам, каб скінуць ненавісны царскі прынёт над краем Літвы і Беларусі… Але ён яшчэ жывапісец-жанрыст і графік. Ён сын Вікенція Дмахоўскага – пейзажыста і тэатральнага дэкаратара, яшчэ – выдатнага ілюстратара. Якія выдатныя малюнкі зрабіў Вікенцій да “Пана Тадэвуша”! Цуд! Таксама да мяне наведваецца.
Антоній абходзіў вакол стала і называў кожнага, хто сядзеў за ім.
– Генрык Дмахоўскі – псеўданім у яго Генры Д.Сандэрс… Барада ў яго магутная, капялюх як у мексіканца. Удзельнік паўстання 1830-31 гадоў. Скульптар. Жыў у Францыі, ды не так даўно вярнуўся на радзіму. У Амерыцы, як жыў там, стварыў бюст Тадэвуша Касцюшкі і Тэда Джэферсана для Кангрэсу ў Вашынгтоне. Ён стваральнік медаля “Апафеоз Касцюшкі” і бюста нашага праслаўленага вясковага лірніка – Уладыслава Сырыкомлі. Хутка пад’едуць і яшчэ госці… А цяпер прашу садзіцца….
Ежы адразу адчуў сябе сваім сярод гасцей і сяброў Залескага. З першых слоў завязалася размова з роспытамі і аповядамі, з жартамі і гумарам. Гаспадар распарадзіўся адвесці брычку на двор, каля канюшні, пакарміць каня.
– А мы тут, пане Ежы, стратэгіяй займаемся, – падвёў Ежы да другога стала Міхал Андрыёні. Мы ўсе сталі генераламі і будзем праводзіць тактычныя вучэнні па перасячэнні мясцовасці. Жартую, васпане!..
Читать дальше