Абняліся, сціснулі адзін аднаго ў абдымках, сказалі на развітанне тыя словы, якія і павінны нарадзіцца ў той момант.
У жыцці Антонія Залескага пачынаўся новы перыяд. Перыяд узнёсласці, творчасці і апантанасці.
……………………………………………………………
Да пана Залескага павінны былі з’ехацца госці.
Ён і не ведаў дакладна, колькі чалавек і хто збіраўся прыехаць. Наведвалі яго пастаянныя людзі, сябры і знаёмыя, а то і зусім невядомыя, ведаючы, што ў Антонія Залескага яны адпачнуць душой і целам.
Для многіх яго маёнтак стаў меккай і прытулкам людзей творчых, дапытлівых і неабыякавых да навакольнага жыцця, да тых з’яваў і падзей, што адбываліся ў занёманскім краі, далёка за Прыпяццю і Дняпром…
Пасля таго, як яго пасцігла няшчасце – памерла нечакана жонка, не маючы, здавалася б, ніякай хваробы, – пану Залескаму стала няўтульна пражываць аднаму ў маёнтку. І ён адчуў патрэбу ў людзях.
А так усё добра пачыналася. Пасля таго, як прыехаў з Рыма, ўзяўся за стварэнне ілюстрацый да шостага выдання мемуараў польскага палітычнага дзеяча семнаццацатага стагоддзя Яна Хрызастома Пасекі. Выданне рыхтавалі ў Вільні. Выдавец, дачуўшыся, што пан Залескі робіць выдатныя гравюры, вучыўся гэтаму ў акадэміі Рыма як вольны слухач, пабачыўшы яго працы, адразу заказаў яму ілюстраванне мемуараў.
І потым, у хуткім часе, а дакладней, у 1854 годзе, тое выданне ўбачыла свет.
Як радаваўся тады Антоній! Паступілі новыя заказы, і не толькі ад віленскіх выдаўцоў, але і з Пецярбурга, Масквы. Марыў ілюстраваць творы Адама Міцкевіча.
Падрастаў сын Міхал, бралася ў рост дачушка Міхаліна.
У іх знаходзіў шчасце і душэўную ўцеху.
Перад тым, як прапанаваць сваю руку і сэрца пані Алене, у яго было вялікае жаданне пабудаваць прыгожы палац, ну не палац. Сядзібу з паркавай архітэктурай. І ён даручыў гэтую працу вядомым архітэктарам.
Праз некалькі год у той сядзібе пасяліўся пан Залескі з маладой жонкай Аленай.
– Божачка, як прыгожа! – успляснула радасна пані Алена, калі яны выйшлі з карэты, калі яна акінула позіркам сядзібу. – Які цуд!
Закаханымі вачыма глядзеў на сваю жонку Антоній Залескі.
– Я шчаслівы, мая радасць, што табе спадабалася сядзіба! Давай агледзім яе разам?
– Не церпіцца мне гэтае зрабіць! – ружовіліся шчокі ў пані Алены. – І гэта ўсё па тваёй задуме, па тваім праекце?
– Трохі па маім, а збольшага архітэктары раілі мне зрабіць. Так бы мовіць, сумесны праект.
Яны хадзілі па роўных дарожках, абапал якіх буйна цвілі кветкі, хадзілі каля саджалкі, у якой плавалі качкі і лебедзі, зайшлі альтанку, афарбаваную ў блакітны колер… Алена прытулілася да яго, чакала, калі пацалуе яе. Ён абняў яе, дакрануўся да гарачых вуснаў.
Потым наведалі бровар і пейзажнага тыпу парк, перанітаваны сістэмай вадаёмаў. Яна прыкмячала кожную дробязь, давала сваю, жаночую, ацэнку. Пані Алена была збольшага знаёмая з архітэктурай, таму магла даваць амаль прафесійную ацэнку збудаванню.
Сядзібны дом пабудаваны ў адзін паверх, прамавугольнікам, прасторны, у якім было шмат пакояў і пакойчыкаў. Асобна для пана Залескага была прыбудавана веранда са шкляным дахам – майстэрня мастака. Яна была ў два паверхі. Увесь будынак быў пакрыты вальмавым дахам. Да яго, па падоўжанай восі, прылягалі сіметрычныя ніжэйшыя бакавыя крылы, аздобленыя каланадай. А ўся цэнтральная частка – з круглай залай – вылучана порцікам ў чатыры калоны, а завяршаўся атыкам.
– А гэта што, Антоній? – паказала пані Алена на будыніну, што стаяла асобна ад сядзібы.
– Гэта? Капліца-пахавальня. Мы, жывучы ў шчасці, павінны думаць і аб смерці. Калі адыдзем у іншы свет, то тут нашае другое месца… Сумна, але што паробіш.
– Сумна, Антоне.
Жонка спахмурнела, перавяла позірк на іншае. А потым не вытрымала, зноў паглядзела на каплічку. Готыка. Як яе яшчэ завуць – несапраўдная. Квадратнае збудаванне пакрыта дахам крыжовай формы, аздобленае пінаклямі, контрфорсамі, скульптурай, арнаментальнай лепкай. Праёмы стральчатыя. У інтэр’еры – зорчатае скляпенне з тымі ж несапраўднымі ляпнымі нервюрамі.
– Усё ў руках Езуса, – прамовіла, глыбока ўздыхнуўшы, пані Алена.
– Сапраўды так, – пацвердзіў пан Залескі і пайшоў следам за жонкай.
5.
Не адразу, спакваля, міжволі ў душы Ежы Ігнація Кучэўскага-Порая выспявала перакананасць і ўпэўненасць, што яму наканавана далучыцца да той вялікай працы, якая распачыналася ў краі. Лічыў, што нягожа быць простым сузіральнікам…
Читать дальше