– Скажаш такое, – ледзь прыкметна пачырванела жанчына, а пра сябе падумала: “Мне такіх слоў Адам ніколі не гаварыў… Ці не бачыў, што я сапраўды прыгожая? Якія салодкія словы ў змея… І яму ад мяне нічога не трэба, ён жа не чалавек, а словы яго такія ласкавыя…”
– Скажу-ууу! Нікому такога не казаў, – млеў удаў, – ад цябе адарвацца немагчыма, незямное стварэнне, Божае зорнае стварэнне…
Салодкімі былі жанчыне атрутныя словы спакусніка, таму яна прагла іх усё больш і больш. Але ж мімаволі зірнула ўбок Адама, убачыла, як ён памахаў зноў ёй рукой. І яна яму памахала.
Змей аціх. Жанчына падумала са шкадаваннем, што не пачуе больш яго чароўных слоў. Пакратала яго за лоб, пагладзіла па спіне.
– І ты прыгожы, Бог ведаў, каго сюды пасяляць…
– Праўду кажаш…
Змей прыўзняўся, выгнуўся дугой. Жанчына прытуліла яго да сябе, дакранался да яго маладымі і тугімі, быццам спелыя яблыкі, грудзьмі.
– А спіна ў цябе як размаляваная – пераліваецца так узорна… Прыгожы.
– Я – не прыгожы, жанчына, я – мудры.
– А мудрасць – гэта што? Розум?
– Ды не зусім так. Гэта – блажэнства, насалода, юрлівасць… Мудрасць – гэта калі пражываеш жыццё без памылак, калі хочацца рабіць дабро, кахаць да вар’яцтва, забыўшыся пра ўсё на свеце. І пры гэтым атрымліваць незямное задавальнне. Гэта яшчэ саладзей, чым тваё каханне з Адамам, калі вы праз тры дні будзеце дзяліць з ім свой ложак… Можна сказаць і інакш: гэта калі ўсё ведаеш і няма над табою нікога, хто б скоўваў бы тваю волю і жаданні, хто можа адняць у цябе радасці і насалоду ў жыцці…
– Упершыню чую такія словы. Сапраўды мудрыя, аж сэрца заходзіцца, ніколі такога са мной не было.
– Бо пастаянна побач з табой твой Адам. Усюды толькі адзін Адам.
Змей прыўзняў галаву, паклаў ёй на калена. Наблізіўся да лона жанчыны, зашаптаў яшчэ з большым захапленнем:
– О, якое ў цябе багацце! Пастараўся Бог, пастараўся. З розуму можна калдыбнуцца. Да тваёй прыгажосці Ён дадаў яшчэ такую раскошу. З-за гэтага будуць адбывацца на зямлі войны, перамогі і паразы, будуць гінуць і нараджацца дзяржавы, будуць здрады і каханне, жарсць і жаданне…
А яна не адчувала ні сораму, ні дакору. Бо не ведала, пра што гаворыць змей. Бог шмат пра што апавядаў, але такога ў Эдэмскім садзе яна яшчэ не чула. Цела яе дрыжэла.
– Скажы мне, цудоўнейш-шшш-ая жанчына, – прашаптаў хрыпла і працяжна ўдаў, абвіўшыся ўжо вакол тонкаствольнай смакоўніцы, звесіў галаву з галіны – каля твару жыхаркі рая, – якая птушка сядзіць на вяршыні таго далёкага дрэва?
Жанчына напружана углядвалася ў далячынь, нічога не заўважыла, і Адама свайго ўжо не ўбачыла, – мусіць, падняўся на гару і пайшоў да ручая.
– Не ведаю. Бо не бачу. А навошта табе тое?
– Ды так, правяраю цябе, ці сапраўды ты такая дасканалая, якой стварыў цябе Бог. Тады скажы мне, прыгажуня, а хто спускаецца вунь з той гары?
– Не бачу.
– А ці ўмееш ты чытаць думкі Адама, калі ён побач з табою? Ці ведаеш ты, калі ён хоча нешта зрабіць, каб ты не ведала?
– Не.
– Во бачыш сама, што шмат чаго ты не ведаеш. Бог, мусіць, забыўся цябе навучыць. А, можа, і не забыўся, пакінуў на “потым”, даверыў гэтую працу зрабіць мне…
Жанчына затоена пацікавілася:
– А гэта як, Змей? Ты не падманьваеш мяне?
Ён засмяяўся, заківаў галавой, уздыхнуў:
– Хацеў я схаваць тайну, ды, напэўна, ніяк нельга гэта зрабіць. Тым больш, што ты асляпіла мяне сваёй прыгажосцю. Што ні зробіш дзеля прыгожай жанчыны… Адкрыю табе сакрэт.
Жонка Адама з нецярпеннем ужо чакала, што адкажа змей.
– Хаця які тут можа быць сакрэт? Вось глядзі, што я раблю…
Удаў, раскрыўшы пашчу, сарваў з дрэва яблык. Праглынуў яго, зірнуў на субяседніцу.
Яна ж нічога не разумела, чакала тлумачэнняў.
– Яблык вельмі смачны. Вазьмі і ты з’еж яго, і адразу станеш мудрай і ўсёвідушчай.
Жанчына нахумурылася, спалохана пакруціла галавой, пачала адмахвацца ад яго:
– Не-не, нам з гэтага дрэва нельга есці плады. Забаронена. З усіх, што растуць у садзе, можна, а з гэтага, што расце пасярод сада, – ні-ні…
І тады змей зноў абкруціўся вакол дрэва, зноў звесіў галаву да самай зямлі, прашаптаў таямніча-затоеным голасам:
– А ты ўспомні, цудоўная мая жанчына, пазбаўленая мудрасці: а ці сапраўды дакладна так сказаў Бог: “Не ешце ні ад якога дрэва ў раі?”
Жанчыне б змоўчаць, а яна з запалам уступіла ў спрэчку:
– Не, не так гаварыў Гасподзь. Калі дакладна: “Ад усякага дрэва ў садзе ты будзеш есці; а ад дрэва пазнання дабра і зла, не еш ад яго; бо ў дзень, у які ты пасмакуеш ад яго, смерцю памрэш…” Так мне Адам перадаў словы Госпада.
Читать дальше