Жанчына застагнала, не ведаючы, што з ёю адбываецца. Адзначыла толькі пра сябе “нешта новае”, і гэта новае ёй вельмі да спадобы. Яна ўжо не хацела разлучацца з “гэтым”, жадала, каб яно працягвалася і працягвалася, а потым зноў прыйшло да яе і паўтарылася…
Уяўляла, што гэта Адам так абдымае. Жанчына адказвала яго абдымкам, прыціскала мацней да сябе, здзіўляючыся, як гэта ён нячутна падкраўся… Да скроняў падкаціўся незразумелы боль, жарсць ахутала ўсю яе плоць.
Ускрыкнуўшы, яна расплюшчыла вочы: Адама з ёю не было. І не здзівілася, і не задумалася над тым, чаму. Склала акуратна з яблыкаў горку – чатыры разам і адно зверху.
Адам прыйшоў і сеў побач. Найперш павесіў ёй, праз галаву, на шыю бліскучыя ўпрыгожванні. Да вушэй прымацаваў кропелькі блакітных каменьчыкаў. Яна ж не звярнула на іх увагі, паказала позіркам Адаму на сарваныя плады.
– Што гэта? – спытаў. – Адкуль яны ў цябе?
– Яблыкі. А што ты да гэтага іх ніколі не бачыў і не еў?
– Еў. Але яны былі ўсе жоўтыя, свяціліся на сонцы. А гэтыя нейкія чырвоныя і вялікія. З якога дрэва ты іх сарвала?
– А якая розніца, Адам? Галоўнае, што яны смачныя.
Яна зноў адкусіла бакавіну яблыка, пырснуўшы сокам на твар мужу:
– Смаката, Адам! Сапраўды, райскія яблыкі.
Адам зірнуў на плады, што віселі над галавой, паглядзеў на тыя, што ляжалі на зямлі.
– Ты што, жонка?! Што ты нарабіла? Што ўтварыла?!
– Ну, чаго ты так ускіпеў? Нічога страшнага не адбылося. Паспытай – растае ў роце… Не бойся, я ж жывая перад табой, не памерла.
Ён недаверліва і насцярожана ўзяў жончын пачастунак. Пакруціў пад промнямі сонца падставіў. Узгадаў пра наказ Бога, але невядомы і прыемны пах зацьміў думку. Рот напоўніўся слінай. Ён насцярожана надкусіў яблык…
У тое ж імгненне і ў яго спала палярына з вачэй, сусвет расчыніў перад ім дзверы: горы і смакоўніцы, даліны і кветкі, жонка набылі новыя фарбы, новае гучанне, новы выгляд …
Раней ён толькі адчуваў жонку, а цяпер убачыў і вачам сваім не паверыў…
– Жонка! Ты ж – голая! – закрычаў здзіўлена Адам.
– І ты таксама, – без асаблівай трывогі адказала, і нечакана пачырванела, адчуўшы сорам…
“А чаму мы раней не заўважалі гэтага? – падумалі адначасова. – І гэта добра ці кепска, што мы пачалі разумець, заўважаць тое, што раней не заўважалі … Чаму раней усё было схавана ад нас?”
– Божа! – усклікнуў, апамятаўшыся, Адам, адкінуў са злосцю ад сябе надкушаны яблык, ударам нагі раскідаў і астатнія. – Што ты нарабіла, жонка?! Бог нам не даруе гэтага… Грэх!
Ён упаў на калені, сагнуўся, дакрануўшыся ілбом да зямлі, шаптаў і шаптаў горычныя словы, уцяміўшы, што адбылося…
Жанчына перастала быць той, якой была да гэтага, – хітрасць і жарсць спакушальніка Гада напоўнілі яе істоту новым пажадлівым адчуваннем, унутраным спапяляльным агнём. Яна абняла Адама, прыціснулася, упершыся ў яго тугімі і вострымі саскамі, абпаліла яго як полымем – і яе агонь тут жа перадаўся і яму…
Гад назіраў за імі, стаіўшыся на ніжняй галіне смакоўніцы, – наталяўся асалодай перамогі, помсты самому Богу: ён аказаўся дужэй за Бога, умяшаўся ў яго тварэнне, цяпер чалавек і яго тварэнне.
– Бог не ўбачыць нашага сораму, – супакоіла жонка Адама. Яна падала яму лісце смакоўніцы. – На, вазьмі і зрабі апаяскі, прыкрыйся…
Хваляванне Адама аказаліся дарэмнымі – Бог быў заняты сваімі клопатамі і ў Эдэмскі рай не прыходзіў. Трывога Адама пакрысе аціхала, а потым і зусім пакінула яго.
Нічога не адбылося, і таму супакоіліся муж з жонкаю, пра страх свой забыліся. Працавалі ў полі з ахвотаю, пад промнямі сонца пачарнелі бы аліўкі, раз-пораз кідалі пажадлівыя позіркі адно на аднаго. І ўсё часцей і часцей клікаў муж сваю жонку на шлюбнае ложа, сам здзіўляўся з сябе, як такое магло адбывацца…
Змей ведаў, што, стварыўшы чалавека, Бог даў яму два шляхі – шлях жыцця і шлях смерці. Чалавек мог, ідучы за Богам, набыць бяссмерце. У Эдэмскім садзе чалавек мог жыць бясконца, не ведаючы, што такое дабрыня і зло, адначасова падапарадкоўваючыся ім, не заўважаючы таго. Гад змяшаў і парушыў ланцужок Божых задумаў і надзей.
– Якая ты прыгожая і прыцягальная! – здзіўляўся і радаваўся Адам прыгажосці жонкі, запрашаючы яе да зліцця целаў …
– Як доўга я, Адам, чакала тваіх слоў, – прызнавалася жонка, у яе ўсё больш і больш узрастала жаданне. – Чаму ты мне раней не казаў такіх слоў?
– Сляпы быў. Не бачыў цябе такой.
– І калі ж ты мяне “такой” ўбачыў? – тулілася пяшчотна яна да мужа, наліваючыся свербам, язычок прыкусіла, пранізвала яго паглядам, запальваючы яго …
Читать дальше