Калі прыходзіць, Антон? Учора, заўтра, сёння? Ты пакутуеш на караблі, куды трапіў і сам не ведаеш, як, не можаш вызначыць, як працякае час. Часу зусім няма! Як і няма бесперапыннага і вечнага ўзнікнення, знікнення, прыпынку, зацішша, усплёску… Падзеі не знікаюць, як і не з’яўляюцца. Усё існавала заўсёды. Таму, я думаю, ёсць толькі вечная сапраўднасць. Вечнае ўчора, як і вечнае цяпер, вечнае заўсёды, як і вечнае – ніколі… Ні ты, ні я гэтага зразумець не зможам, як і ахапіць, даць нейкую адзнаку ці ацэнку ўсяму гэтаму сваім абмежаваным і кволым розумам…
Ты можаш мне пярэчыць, спытацца: “Калі так, што ўсё ўжо існуе, і існуе далёкае будучае, а нашым думкам і пачуццям, імкненням і мары сотні і тысячы гадоў, – то гэтае азначае, што няма і жыцця, як і няма росту, няма эвалюцыі і няма распаду?..”
Усё ёсць, дарагі мой вучань, унук бабы Настазі – Антон! І нішто не можа змяніцца, усё існуе зараней, адвечна, пастаянна. Але ж усё і мёртвае, нерухомае, – у застылых формах, сярод якіх б’ецца толькі крынічка нашай свядомасці. Гэта яна, свядомасць, і стварыла сабе ілюзію нейкага вечнага руху. А яго, гэтага руху, насамрэч і няма. Ёсць толькі свет і – Сусвет, бясконцыя магчымасці. А ў ім свет бясконцых магчымасцяў. Усё ўнутры чалавека. Час – гэта не ўмоўнае існаванне акаляючага свету, а ўсяго толькі ўмова ўспрыняцця Сусвету нашай душой, нашай псіхікай …
Ну, не стаміўся ты яшчэ ад мяне, Антон? Думаю, што не… Таму працягвай знаёміцца з радкамі, крытычна ацэньвай, падвяргай сумненню, бо ніхто ніколі не гаворыць ісціну – яна заўсёды недасягальная…
Дык вось, ёсць унутранае і знешняе разуменне ідэі бясконцасці. На мой погляд, унутранае разуменне больш глыбокае і правільнае (якаснае), бо дае найбольш правільны падыход да ідэі звышчалавека. Калі ж бясконцасць існуе ў нашай душы, і мы можам дакрануцца да яе, “ныраючы” ў сябе, тады і “будучае”, і “звышчалавек” у нас. Патрэбна толькі абраць правільны шлях, каб адчуць, дажыць да гэтага. Калі ж чалавек пачне пошукі па за межамі сябе, знойдзе звыш- ці суперчалавека у самім сабе. Калі ж пошукі пачнуцца ўнутры сябе, то ён можа адшукаць яго… па за сабой.
Упэўнены, надыдзе Вышэйшага Розуму, які адкрые нам: чалавек – гэта зусім не тое, што мы пра яго думалі. І таму вымушаны будзем вярнуцца, так бы мовіць, зноў на кругі свае…»
Я адклаў убок сшытак.
Для першага разу дастаткова.
Асэнсую гэта, потым вазьмуся за астатнія радкі.
5.
Зноў чуецца пяшчотны голас майго анёла-ахоўніка:
“Адарвіся ад сшытка свайго былога настаўніка, Антон. Больш пільныя клопаты чакаюць цябе… Прыйшла пара ісці да яго. Ён спіць…”
Не адразу зразумеў, што да чаго.
“Хто спіць? Да чаго прыйшла пара, Яніна?”
“Няўжо забыўся? Да Анатаса?”
“Даруй. Куды ісці? Дзе ён знаходзіцца?”
“Згодна нумару тэлефона, які ён табе даў, табе неабходна, пачынаючы ад дзвярэй тваёй майстэрні, мінуць шэсцьсот шэсцьдзесят шэсць дзвярэй. Потым павярнуць направа, адлічыць ужо дзевяцьсот дзевяноста дзевяць дзвярэй. І зноў трэба павярнуць направа – прайсці шэсцьсот шэсцьдзесят шэсць дзвярэй. Такі нумар тэлефона, я не памыляюся?”
“Такі… А як саб’юся, няправільна палічу, ды не ў тыя дзверы пападу?”
“Не памылішся, табе будуць дапамагаць Жана і Павел…”
Каля парога і сапраўды стаялі мае памагатыя.
Яны ішлі папераду мяне, амаль датыкаючыся адно аднаго плячыма, – вялі лік дзвярам. Мінулі зялёны калідор з жоўтымі дзвярыма, потым жоўты – з зялёнымі. Павярнулі направа – крочылі ўжо ў пурпуровым колеры, толькі дзверы сталі шэрымі, быццам Анатас разрэзаў свой капялюш на шматкі і абклеіў імі дзверы.
Дзесьці на сярэдзіне шляху Павел спыніўся, пакруціў галавой, прамовіў, гледзячы на спадарожніцу:
– Трыста дваццаць шостая?
– Не, Павел, трыста дваццаць пятая.
– Дваццаць шостая, Жана, я добра лічыў… Ты памылілася.
І ў мяне атрымлівалася, як у Жаны, таму я нічога не прамовіў.
– Не, каханенькі-родненькі, гэта ты памыліўся… Гэтыя дзверы – трыста дваццаць пятыя.
“Ну, цяпер пачнецца, – падумаў я, успамінаючы, як яны, будучы глінянымі, прынцыпова спрачаліся між сабой. – І ўмешвацца мне нельга, каб усё не заблытаць канчаткова…”
Але, на маё здзіўленне, Жана саступіла ў спрэчцы:
– А, можа, Паша, гэта я збілася, не ведаю… Давай пачнем усё спачатку. А наш аўтар няхай пастаіць і пачакае нас.
– Добра! – ахвотна згадзіўся хлопец.
Яны пакінулі мяне аднаго. Павел атуліў Жану за плечы, нешта сказаў ёй, мусіць, смешнае, таму што дзяўчына рассмяялася, ды так гучна, што я спалохаўся, – хаця б не разбудзілі спакусніка.
Читать дальше