“І секс? – сам не ведаю, чаму, перапытаў я ў яе. – Выбачай, але пры чым тут секс?”
“Не смейся, браце Антоне, – адхіліла пытанне і астудзіла мяне Яніна. – Гэты від людзей надта ўзбуджаны, узбуджаны ад працы мозгу. І, каб утаймаваць працу клетак, яны і шукаюць выйсце ў сексе. У любым выглядзе, але каб задаволіць як мага з большай асалодай палавое прыцягненне...”
“Левапаўшарнікі, як правіла, з пялёнак матэрыялісты і атэісты. Гэта – рэвалюцыянеры і палітыкі, лідэры партый і дзяржаўныя дзеячы, прэзідэнты і кіраўнікі розных палітычных плыняў, настаўнікі і выкладчыкі... Яны ўсе тут, на “Алкепе”. І жывыя, і тыя, хто ўжо сышоў у нябыт. У іх ва ўсіх паталагічная патрэбнасць да доўгіх прамоў, правядзення паседжанняў і сходаў, публічных выступленняў. Іх уласны голас служыць актывізацыяй іх уласнага мозгу... Пацвярджэнне таго, што я сказала, можа служыць Пісанне ад Мацвея ў шостым раздзеле:
“Глядзеце, не выстаўляйце праведнасьці вашай перад людзьмі, каб яны бачылі вас: інакш няма вам узнагароды ад Айца Вашага, Які ёсць на нябёсах.
Дык вось, калі даеш міласціну, ня трубі перад сабою, як робяць тое крывадушнікі ў сынагогах і на вуліцах, каб услаўлялі іх людзі. Праўду кажу вам: яны атрымліваюць узнагароду сваю.
У цябе ж, калі даеш міласціну, няхай не ведае левая рука твая, што робіць правая, каб міласціна твая была ў тайнасці, і Айцец твой, Які бачыць у тайнасці, аддасьць табе на яве.
... Ты ж, калі молішся, зайдзі ў пакой твой і, зачыніўшы дзверы твае, памаліся Айцу твайму, Які ў тайнасьці; і Айцец твой, Які бачыць у тайнасьці, аддасьць табе на яве”.
“Гэта пра левае і правае паўшар’і?”
“Так... А правапаўшарнікі больш вераць не словам, а сваім вачам і пачуццям, і пра другога чалавека мяркуюць і ацэньваюць па яго справах, а не па прыгожых прамовах. “Правыя” успрымаюць свет найперш на эмацыянальным узроўні – у гармоніі фарбаў, гукаў, пахаў – а потым ужо асэнсоўваюць яго. Гэта яны могуць сумнявацца, суперажываць, і толькі яны здольны на самаахвярнасьць у імя справядлівасці ідэалаў дабра”.
“Цікавыя ты мне адкрываеш рэчы, Яніна... І, каб пачуць гэта, варта было адправіца сюды?”
“А там, у рэальным жыцці, нам няма калі задумацца над простымі рэчамі, пагаварыць спакойна, забыўшыся пра ўсё. Мы спяшаемся, а куды – і самі не ведаем... Але сябе ніколі не выперадзіш, і, тым больш, не падманіш. Табе нічога новага, можа, і не адкрываю. Ты пра ўсё і сам добра ведаў, ну, няхай не ведаў, а толькі здагадваўся, але ... Але ў “правых” ёсць адзін недахоп. Іх высокая актыўнасць значна затарможвае працу моўнага цэнтра. Таму ў іх няма мітынговага свербу і дыскусійнай патрэбы. А іх плюс, што яны валодаюць прыроджанай багатай інтуіцыяй, і таму здольны адчуць дыскамфорт, нават сацыяльны, на ўзроўні непазнавальных сігналаў задоўга да таго, як выбухнула бяда. Многія папярэджвалі аб маючай адбыцца Чарнобыльскай катастрофе, але да іх голасу не прыслухаліся, абсмяялі іх, з савецка-бальшавіцкай перакананасцю... Калі ж тыя людзі спрабавалі стукацца ў дзверы высокіх інстанцый, аказваліся альбо ў “Псіхушцы-2”, альбо зусім знікалі з гэтай зямлі...”
Мой уздых глыбокі і працяглы.
Удзячны лёсу, які ўратаваў мяне… Шмат ад каго ўратаваў…
“Адрозненні, паміж тымі і другімі, тлумачацца не толькі функцыянальнымі, але і анатама-фізіялагічнымі асаблівасцямі арганізацыі іх нервовай сістэмы. І сёння на планеце Зямля звыш сямідзесяці адсоткаў біпалярнікаў, – гэта значыць, што яны маюць змешаныя гены – “правых” і “левых”... У Анатаса, напрыклад, акрамя гэтых ёсць яшчэ ніжнія і верхнія...”
Альшанская на нейкі час змоўкла, як быццам давала час асэнсаваць пачутае. Паўза нарадзілася пытанне:
“Скажы, ці можна “апрацаваць” чалавека, ператварыць яго ў зомбі? Гэты працэс, здаецца, так называецца – замбіраваннем? Якая пабудова мозгу паддаецца гэтай апрацоўцы?”
Ці то яна збіралася з думкамі, ці што ёй там, недзе, замінала нешта, бо адразу не адказала.
“Выбачай, тут заміначка адбылася... Апрацоўка вядзецца на самым высокім узроўні. І ніякага спецыяльнага абсталявання ці прыбораў. Возьмем школу. У класе дзеці розныя. З правым паўшар’ем і вучацца кепска, і настаўніцу не слухаюцца, карацей, горш паддаюцца “педагагічнай дрэсіроўцы”. А вось “левыя”, тыя наадварот, – хутка падпарадкоўваюцца, хутка засвойваюць правілы добрых паводзін – гэтак жа і кепскіх. У мозгу чалавека ёсць “моўныя звіліны” – у левай скроні. І гэтым наш мозг адрозніваецца ад мозгу жывёліны.
Читать дальше