Той жа ліфт упусціў нас у сваё чэрава. І з шалёнай хуткасцю панёс у невядомае.
Адмовіўся ад застолля, чым здзівіў Анатаса.
– Адпачыць хачу, – сказаў, апраўдваючыся, – столькі звалілася на маю галаву за апошні час, асабліва сёння... Няма сілаў і кроку ступіць.
– Ладна, адпачывай, – дазволіў капітан Нэма. Наперадзе апошні сеанс пазіравання, і – урачыстая вечарына ў твой гонар... А пасля праводзіны цябе на зямлю. Наш сціпленькі, алкепаўскі шабаш. Калі ўдзельнічаў у ім расейскі творца Міхал Булгакаў, яму дужа спадабаліся скокі і песні…
– Ты і яго зацягнуў да сябе?
– А як бы ён тады без нас напісаў бы свайго “Майстра і Маргарыту”?
Я кіўнуў галавой у знак падзякі і згоды.
Стомлены духоўна і фізічна, прысунуўся ў сваю каюту.
На тумбачцы стаяў той жа французскі каньяк. Не адкаркаваны. Лімоны на сподку. Нават букет рамонкаў з вялікімі галоўкамі – як маленькія сонейкі з белымі промнікамі. Да рамонкаў далучаны і блакітныя васількі...
Да каньяка не дакрануўся. Мусіць жа, Анатас назіраў за мною, і той жа каньяк адыгрываў нейкую сваю ролю ў агульным спектаклі. Што ж, спектакль, дык спектакль. Адкаркаваў бутэльку, адрэзаў колькі скрылікаў лімона. Напоўніў да краёў шкалік, уліў каньяк у рот. Але не каўцянуў. І тады нешта гухнула за сцяной і аціхла, як адчапілася ад мяне. Праз хвіліну выплюнуў горкую вадкасць у вазу з рамонкамі.
Каб заглушыць смак каньяку, пачаў жаваць. Калі стала кісла ў роце, выплюнуў і рэшткі цытруса.
Прылёг на падушку.
…Праз нейкі час адчуў каля вуха павеў прахалоднга ветрыку, і нешта зашамацела – як хто прагульваўся па першым апалым лісці.
“Вечар добры, Антон!”
“Добры вечар, спадарыня Яніна!.. Рады чуць твой голас”.
“І я твой. Як пачуваеш сябе?”
“Агульная млявасць і абыякавасць да жыцця. Мяне як усё роўна паляруш разбіў. Пасля падарожжа да Анатасавых нетрыскаў. А дзе, дарэчы, ён цяпер?”
“Спіць... Усе спяць.. А мо і не ўсе...”
“Як выбрацца адсюль, падкажы?
“Памагу табе, што з табой паробіш... Такая ўжо мая доля. Толькі ты не адступайся ні на крок ад свайго плана...”
“Не адступлю. Чаму і як усё гэта са мною здарылася?.. Зможаш растлумачыць?”
“Пастараюся... Прачытаю табе невялічкую прамову. А мо і лекцыю – як лектар таварыства “Веды”. Мы з Анатасам тое і робім, што чытаем табе лекцыі. Як змагаемся з ім за цябе, за тваю душу. Значыць, мы з ім змагаемся…”
“Так яно і выглядае...”
“Скажу табе так, як гэта тлумачаць спецыялісты: твой мозг паддаўся апрацоўцы. З першай нават секунды, як Алкепаў пераступіў парог тваёй майстэрні...”
Ляжаў, не шавяліўся, паказваючы ўсім сваім выглядам, што сплю – хай запісвае Люцыферава патаемная відэакамера, калі яна піша, што я, выпіўшы каньяк, заснуў. А слых мой напручаны і настроены на хвалю і голас маёй збавіцелькі...
“Сёння ніводная галіна ў навуцы, якая непасрэдна вывучае функцыі чалавечага мозгу, не здольная ў катэгарычнай форме заявіць, што сакрэт яго дзейнасці вывучаны, даследаваны і раскрыты. Не здольная сёння навука адказаць – як накапліваецца інфармацыя ў кары галаўнога мозгу, – ад убачанага, прачытанага, пачутага; у якім аддзеле ці аддзелах яна захоўваецца, і як доўга; ці можа яна праз арганічную структуру, тыя ж храмасомы, пра якія табе казаў капітан, перадавацца нашчадкам. Накшталт таго, як капіруецца цялесная форма фаўны і флоры, і, калі тое магчыма, пры якіх умовах накопленая радаслоўная інфармацыя здольная праявіцца ў яе нашчадкаў з “калькі на белы аркуш паперы”? У пытанні функцыянальных магчымасцяў кары галаўнога мозгу пытанняў нашмат больш, чым лагічных адказаў. Калі ўзяць псіхалогію і праз яе прызму разгледзець пытанні ўспрымання і асэнсавання інфармацыі, то яна прапаноўвае свае тэхналогіі і падыходы ў разуменні аналізу, захоўвання і ўспрыняцця аб’ёму інфармацыі. Ёсць такое паняцце, як кагнітыўныя метады. Адзін з іх – пазнаванне. Гэтае слова цяжка нават растлумачыць... З пункту гледжання агульнага структурыравання і ацэнкі функцый успрыняцця быцця, меркаванняў і мовы. Калі навакольны свет у выніку дысфункцыянальнага пазнавання ўспрымаецца скажоным, перавернутым, то, па канонах кагнітыўнай тэорыі, узнікаюць псіхічныя парушэнні, адхіленні ад таго, што мы лічым нейкай нормай...”
“Як у выпадку са мной?”
“Можа і так, выбачай...”
“Ты вялікі псіхолаг, Яніна... Ці псіхатэрапэўт?”
“Я ж вывучала псіхалогію ў Сарбоне. Потым – Кэмбрыджскі ўніверсітэт... “Сучасны псіхіятр не здольны пракаментаваць кнігу “Дзеянні апосталаў”. У кнізе закладзена вялікая тайна. У кожнага з нас, простых людзей, адно паўшар’е развіта больш, чым другое. Псіхатыпы левых і правых паўшар’яў вельмі розняцца. “Левыя” маюць абстрактна-лагічнае мысленне, і яно вышэй над пачуццямі, – і таму яны найбольш хіляцца да тэхнічных навукаў. Гук для іх – раздражняльнік, без якога яны не могуць існаваць.. Гудзенне, крыкі, процьма народу іх ніяк не стамляе, – гэта іх родная стыхія, як для рыбы вада. Яны пакутуюць, калі застаюцца адны. Затое не ведаюць сумненняў і дэпрэсій, не схільны да высокіх пачуццяў – кахання, у іх радасці грубыя, задавальненне – скажонае, як і секс...”
Читать дальше