Праз колькі хвілінаў яны вярталіся ўжо назад.
– Дзвесце дваццаць восьмыя, так? – спытала Жана.
– Ды не, дзвесце трыццатая…
– Што такое? – нахмурыўся Павел, недаўменна паглядзеўшы на дзверы. – Здзекваецца над намі капітан?
– Яго фокусы-мокусы. Вяртаемся назад?
Вярталіся ўжо моўчкі. Пайшоў і я разам з імі. Ішлі ўжо не ўпобачкі, а адзін за адным. А Павел пачаў пальцам дакранацца да кожных дзвярэй, пры гэтым шавяліў губамі, прамаўляючы лічбу…
– Шэсцьсот шэсцьдзесят адзін, шэсцьсот шэсцьдзесят два, шэсцьдзесят тры… – шаптала натуршчыца, засяроджана хмурачы лоб.
– Шэсцьсот шэсцьдзесят пяць, шэсцьсот шэсцьдзесят шэсць, – падсумаваў Павел.
– Супала, – абрадавалася Жана. – Прыйшлі.
– Вось яны, неабходныя дзверы, – прашаптаў ціха Павел ужо мне. – Тут, значыць, па нашых разліках, яго апачывальня… Ён тут…
– Разам пойдзем?
Яны адмоўна пахіталі галавой.
– Нам нельга. Толькі ты адзін можаш справіцца з Анатасам. Мы ж толькі твае персанажы, а ты – аўтар. Табе і карты ў рукі. Ты пачаў пісаць усю гэтую гісторыю – табе належыць і дапісваць яе. Дзейнічай!
– Але ж вы пачакаеце мяне?
– Не ведаем, усё будзе залежаць ад абставінаў. І – ад тваёй мудрасці.
Пры якіх абставінах і пры якой мудрасці – удакланяць не стаў.
Лёгенька дакрануўся ўказальным пальцам да дзвярэй, – і яны тут жа нячутна прачыніліся.
Мне толькі заставалася пераступіць парог апартаментаў капітана “Алкепа”…
……………………………………………………………
Старонкі з рамана “Якаў – брат Хрыста”:
“… пасля таго, як былі створаны Госпадам Богам неба і зямля, і не пачало яшчэ расці ніводнага кустарніка і палявой травы, а толькі пара падымалася ад зямлі, – стварыў Бог з пылу зямнога і чалавека, уліўшы ў яго дыханне жыцця. І стаў чалавек душою жывою.
І на усходзе стварыў Гасподзь Бог рай у Эдэме. І змясціў туды чалавека. З зямлі пачало расці ўсялякае дрэва, якое было прыемна воку і з пладамі смачнымі, для страўніка годныя. А пасярод рая пасадзіў дрэва жыцця і дрэва пазнання дабрыні і зла.
Пасяліў у садзе Эдэмскім чалавека, даручыўшы яму клопат аб працы на зямлі, каб пракарміць сябе. І каб хто не заблукаў выпадкова на тэрыторыю рая, варту вакол паставіў, наказаў чалавеку:
– Жыві, абрабляй зямлю, здымай багатыя ўраджаі. Будуць ісці дажджы, свяціць сонца, –верныя памочнікі твае. Усяго ў цябе будзе ўдосталь. Але запомні: ад усялякага дрэва ты можаш есці, а вось ад гэтага – пазнання дабра і зла, – не еж. Бо ў той дзень, і ў тое імгненне, калі ты пасмакуеш ад яго, смерцю памрэш…
– Зразумеў Цябе, Божа, зраблю ўсё, як Ты кажаш…
Гасподзь пасяліў чалавека побач з сабою, каб ён быў пры Ім. У сваім садзе. Каб тварэнне Яго жыло ў насалодзе. Месца тое знаходзілася на ўсходзе – вышэй усёй зямлі. Тую зямлю не маглі адолець ні бураны, ні вятры, ёй не пагражалі ні маланкі, ні пякельныя промні сонца… Паветра – чыстае, круглы год цвілі сады і расліны; усё пахла водарам жыцця і святла, і сам чалавек разумеў (а мо і не разумеў) і ведаў, – у раі жыве. І нікога не было побач, – чалавек, тварэнне Божае, жыў там адзін…
Бог клапаціўся аб ім, укладваў у яго розум і сілу, духоўныя пачаткі. Разуменне, што ён першы з людзей, і таму на ім ляжыць высокая адказнасць перад будучыняй, бо яму прызначана уладарыць над светам. Таму і ўвёў яго на зямлю райскую – свяшчэнную і адзіную, навучаў – быць больш чым дасканалым!
Адам быў дасканалым, нават вельмі дасканалым, але – не звыш. Гэта звыш з цягам часу ён павінна было адбыцца, калі ён дасягне духоўнага росту. Бог стварыў і пасяліў побач з чалавекам жывёлаў, а Адам тут жа даў кожнай вызначэнне – конь і бык, карова і каза, качка і гусь… Да спадобы было тое Госпаду. Адам не забіваў жывёлу, каб спажываць мяса, ён увогуле не ведаў смаку мяса, – яму было дастаткова таго, што расло на дрэвах, на зямлі, таму што Бог і стварыў яго з зямлі, – як гаршэчнік стварае з гліны гліняны посуд. Таму і сказаў чалавеку потым Гасподзь: “Вось што гліна – у руцэ гаршэчніка, то вы – у Маёй руцэ” (Іер. 18, 6). Асцярожнічаў, не хочучы, каб чалавек не ўздумаў пра сябе, што ён вышэй за ўсіх, абраны. Памятаў пастаянна, хто ён і адкуль ён, ні на імгненне не забываўся пра сваю сувязь з Творцам. Папярэджваў: “… бо прах ты – і ў прах ператворышся”. (Быццё. 3, 19). Інакш – з зямлі ўзяты, туды і вернешся.
Між тым сусвету стала вядомая трагедыя Люцыфера – д’ябла, які першапачаткова быў створаны як чысты дух. Але д’ябал аказаўся ганарлівым і паў (Зыход. 14,12). Каб не паўтарылася зноў тое, Бог, ствараючы з праху зямнога чалавека, жадаў засцерагчы яго ад пыхаў.
Читать дальше