Проста ў палёце я засынаў, і тады браты па чарадзе, тыя, што не спалі, клапатліва і асцярожна давалі мне месца ўсярэдзіне чарады. Я спаў, але не спалі мае крыллі, уздымаліся і апускаліся, уздымаліся і апускаліся, апіраючыся аб неба.
Потым нешта ўздрыгвала, шчоўкала ўва мне, са слабым трэскам раздзіралася цёмная плёнка сну, я зноў бачыў неба, зоркі, суседзяў-буслоў і асцярожна выкіроўваўся на самы край чарады, дзе гуў начны вецер. Бусел, што стаміўся, займаў маё месца.
Усё новыя бусліныя чароды прыбіваліся да нас. Неўзабаве чакалася мора, і ўсе буслы гуртаваліся ў адну велізарную чараду, каб лягчэй было адолець парывісты марскі вецер. Ужо ляцелі тысячы буслоў, бела-чырвона-чорнае воблака.
I тут з'явіліся першыя арлы. Я ніколі не бачыў арлоў і з вялікай цікавасцю глядзеў на іх.
— Мы — каралі птушак! — пагрозліва і хрыпла закрычаў-заклекатаў іхні важак. — Дайце нам дарогу! Пацясніцеся ўбок, балотнае племя!
Наша чарада ўзяла трошкі лявей, хоць маладыя буслы, і я ў іх ліку, дрыжалі ад гаеву і абурэння. Мы ўжо ляцелі над морам, далёка ад берага, і трэба было ашчаджаць сілы, бо не сядзеш на віхурную марскую хвалю.
— Гэта наша неба і наша мора! — зноў закрычаў арліны важак.
— Неба створана для ўсіх, у каго ёсць крылы, — спакойна і разважна адказаў наш важак. — У небе хопіць месца арлам і буслам, усім птушкам.
— Замоўкні, жабаед! — ярасна шчоўкнуў дзюбаю, трасянуў вострымі крывымі кіпцюрамі арол. — Неба належыць толькі арлам! Толькі нам! Нездарма зямныя ўладары, імператары і каралі арлоў і нашых бяскрылых родзічаў ільвоў носяць на сваіх сцягах. Скажы — хто дзе бачыў на якім сцягу ці на якім гербе палахлівага дурнога бусла?
Ён зарагатаў, і разам з ім зарагаталі ўсе арлы. Іх станавілася ўсё больш і больш, яны вылётвалі з-за хмар, яны акружылі з усіх бакоў нашу чараду.
— Будзем некалі і мы на сцягах, — горда ўсміхнуўся наш важак. — Людзі паразумнеюць і замест драпежных дзюб і кіпцюроў уславяць мудрую развагу, мірны розум, а тваіх нашчадкаў, прабач мне, скінуць са сцягоў, як абскубаных нікчэмных курыц.
— Што?! — раз'юшана растапырыў сталёвае пер'е арол. Ён з усяго маху ўдарыў дзюбаю нашага важака, той адказаў ударам на ўдар, і пачалася вялікая бітва. Арлы, упэўненыя ў сваёй перамозе, не раздумваючы, рынуліся на бусліную чараду, гатовыя раздзерці нас на крывавае ашмоцце, але адразу ж некалькі з іх каменем рухнула ў мора. Яны не чакалі такога, закрычалі, зашыпелі ад ярасці, жоўта-шэрыя вочы зрабіліся чырвонымі, пер'е ўзвілося дыбком. Пад намі было мора, уверсе — плоскае неба, усё наўкол запаўняў парывісты нястомны вецер. Гэты вецер ламаў наш баявы строй, раскідваў нас у бакі. Арлам таксама было нялёгка, нават цяжэй, чым нам, бо яны загадзя лічылі сябе пераможцамі, а тут давялося абараняцца ад магутных удараў, аблівацца ўласнай крывёю. Усё часцей з роспачным хрыпам, склаўшы крылы, валіліся яны ўніз, а там чакала іх мора, а на моры астраўкі, скалы, камяні — цвёрды зямны касцяк. Буслы паміралі моўчкі, толькі адзін, маладзенькі, што ляцеў у свой першы вырай, закінуў назад галаву, самотна заклекатаў у перадсмяротнай тузе. Велізарная рана-яміна злавесна чырванелася ў яго на грудзях, пер'е разам з мясам было вырвана арлінай дзюбай.
Позна ўвечары скончыўся бой. Знясіленыя, упалі мы на астраўкі, побач, на суседніх скалах і камянях, астуджвалі пад усплёскамі ветру свае крывавыя раны арлы.
— Добра, — толькі і сказаў наш важак і глянуў на мяне адзіным ацалелым вокам. — Ты не клянеш неба, што нарадзіўся буслом?
— Не, — пакутуючы ад болю, выдыхнуў я. У мяне было надломлена левае крыло, і я з жахам думаў, што болей не ўзлячу.
— Не, — адказаў я зноў. А праз ноч, раніцою, закіпела яшчэ болын ярасная бітва. Я ўсё-ткі ўзляцеў. Падалі ў мора буслы і арлы дзесяткамі, сотнямі...
— Вы не клянеце неба, што нарадзіліся бусламі?! — крыкнуў важак.
— Не! — дружна адказалі буслы, старью і маладыя.
На трэці дзень арлы не вытрымалі. Спачатку, сарамліва і вінавата азіраючыся, уцякалі нямногія, а потым уся парадзелая, пашкуматаная чарада раптоўна развярнулася і, з апошніх сіл махаючы крыламі, паляцела туды, дзе ў густым тумане шчарбаціліся высокія горы.
— Мы перамаглі! — радасна крыкнуў важак. I адразу ж нешта зламалася ўсярэдзіне, і я рухнуў уніз, у страшнае мора, бо неба ўжо не трымала мяне. Свістаў вецер, круціліся ўваччу хвалі і скалы, а я ў адзін міг успомніў дрэва на зялёнай роднай зямлі, гняздо, хатку ля падножжа дрэва, светла-русага ціхага чалавека і ягонага сынка. «Ці вернешся, бусел?» — даляцеў аднекуль голас хлопчыка, шчаслівы і адначасна спалоханы. А потым была чырвоная цемра, сталёвая цемра, і ў глыбіні гэтай цемры, пакуты і самоты падала, падала бязважкае птушынае пяро...
Читать дальше