Трывожылі чуткі пра Ізяслава. Уцякач спачатку тапіў свой сум у віне, але Баляслаў Другі, які быў жанаты на ягонай пляменніцы, дачцэ Святаслава Чарнігаўскага, хутка ацверазіў родзіча — загадаў рыхтавацца ў паход на Кіеў. Ляхі не першы ўжо раз рашылі пагрэць рукі на пажары. Чакалася грозная раць з-за Буга.
Усяслаў вельмі стамляўся за дзень, але ўначы, калі клаўся на свой рдр, з тугой адчуваў, што ні макулінкі сну няма ні ў вачах, ні ў душы. Тады ён пляскаў у ладкі, і маўклівы Агафон, слуга-палачанін, прыносіў у апачывальню срэбны рукамый. Вялікі князь кідаў жменю-другую халоднай вады на твар, загадваў запаліць тоўстую вітую свечку, браўся за чытанне. Пад рукою заўсёды былі Псалтыр, Евангелле, пасланні апосталаў і Апакаліпсіс апостала Іаана, а таксама пергамены Пракопія Кесарыйскага, хронікі Малалы і Арматола. У думках ляцеў Усяслаў у далёкія часы, шкадаваў, што няма побач сына Расціслава, бо прывык дзяліцца з ім радасцю ад прачытанага. Расціслаў паехаў у Ноўгарад, не вытрымаўшы слёзных просьбаў брата Барыса.
Гарэла свечка, як бяссоннае вока вечнасці. Сплываў жоўты воск. Князева душа то замірала, то, здавалася, прыўзнімалася над ціхай начной зямлёй. А верныя людзі пісалі Ізяславу ў ляшскую далячынь, што узурпатар-палачанін водзіцца з нячыстай сілаю, у палацы кіеўскіх князёў сустракаецца з самім Чарнабогам. Шмат каго палохала нязвычнае позняе святло.
Неўзабаве Усяслаў зноў паставіў нагу ў стрэмя, пайшоў у паход..
Частка III
Ігумен Феадосій быў цвёрда перакананы, што Хрыстос абраў яго, каб ачысціць Кіеў, святую крыніцу, ад смярдзючага бруду паганства. Цячэнне падзей, як і цячэнне зорак у небе, спрыяла такому перакананню. Клір Сафіі разбегся, пахаваўся, адзін ён, Феадосій, застаўся навідавоку, хоць мог бы, нібы крот, затачыцца ў пячэрскую гару. Нікога іншага, а яго, Феадосія, полацкі князь ліслівымі словамі запрасіў на сустрэчу з паганскім ваяводам. Усё гэта цешыла самалюбства. Гардыня не да твару адшчапенцу свету манаху, Бог сурова карае за яе, але салодкі чарвячок не-не ды і шчыкатаў манахава сэрца.
Даведаўшыся, што Усяслаў пайшоў на полаўцаў, Феадосій рашыў дзейнічаць. Перш-наперш трэба было выгнаць з Берастова паганцаў. Ужо адно тое, што жылі яны побач з хрысціянамі і маглі перавабіць слабыя, незагартаваныя ісціннай верай душы ў сваё лясное дзікунства, не давала ігумену спакою. Ён быў чалавекам-кропляй, які няспынна б'е і б'е ў адным кірунку, калі паставіць перад сабой якую-небудзь мэту. Ні жалеза, ні самы цвёрды камень-плітняк не вытрымліваюць такіх удараў. Стаўшы ігуменам пасля мяккага, схаванага, як улітка ў самім сабе, Варлама, Феадосій вельмі горача ўзяўся за манастырскія справы. Лік браццяў-інакаў павялічыўся да ста чалавек. Узорам для сябе ігумен узяў жыццё рамейскага Студыйскага манастыра. Кожнага са сваіх браццяў хацеў ён выратаваць ад спакусаў грахоўнай плоці, свае казанні прамаўляў ціха, з мальбою, калі ж некага выкрываў, абвінавачваў — слёзы цяклі з вачэй. Часта абходзіў ён келлі, каб даведацца, ці не маюць манахі, акрамя агульных якіх-небудзь сваіх рэчаў, ежы або адзення. Калі знаходзіў такое, адразу кідаў у агонь. Нават ноччу бясшумна хадзіў ігумен па манастыры, слухаў каля дзвярэй келляў, што робіць кожны брат. Пачуўшы размову двух або трох, што сышліся ў адной келлі, грукаў у дзверы жазлом, а раніцою калоў іх самымі бязлітаснымі словамі. Епітым'ю ж, якой належала караць аднаго, раскладваў, за вялікую любоў, на трох і нават чатырох браццяў. Не любіў ігумен срэбра і золата, што слепяць чалавека ў зямным жыцці. Аднойчы прыбіўся да манахаў шавец, але быў непастаянны, як вясновы ручай, — то шчыра маліўся, то знікаў з лаўры на некалькі сядміц. Вярнуўшыся, паклаў усё запрацаванае сабою да ног Феадосія. Ігумен дужа разгневаўся, загадаў швяцу кінуць срэбра ў гарачую печ, у полымя. Калі ж не кіне, не быць яму чарняцом. Ілытаў шавец патаемныя слёзы, бачачы, як гарыць вялікае багацце.
Асабліва ён шанаваў і вылучаў з усёй браціі тых, што раз і назаўсёды адсякалі сябе ад белага свету. Гэта былі дрэвы без галін і без каранёў. Адзін кіеўскі купец, раздаўшы сваё багіно і брашно, прыйшоў да Феадосія і надзеў валасяніцу. Потым заказаў купіць казла, аблупіў яго і нацягнуў свежую казліную шкуру поўсцю на валасяніцу. Сем гадоў сядзеў ён у пячоры даўжынёю ў чатыры локці, кормячыся праз дзень адной прасвірай [Прасвіра — круглы хлябец з пшанічнай мукі, які ўжываўся ў хрысціянскіх абрадах], якую падавалі ў акенца. За гэты час казліная шкура высахла, ператварылася ў бубен, праз валасяніцу балюча сціснула цела.
Читать дальше