Глядзелі яны так на зняволеных, а сэрцы поўніліся пыхлівым гонарам.
Іншым разам сышлося іх гэтак з пару дзесяткаў. Прыглядваліся цераз драты, гергеталі і нарэшце паклікалі пятнаццацігадовага Васіля. Кім хлопчык быў і адкуль родам, ніхто так мне і не мог сказаць, толькі вядома, што ўзялі яго ў палон з апошняй групай абаронцаў Брэсцкай крэпасці. У лагеры любілі яго — ведаю ад даўняга сябра, сёння нябожчыка — гродзенскага стаматолага, Вячаслава Васільевіча Гарызон-тава, якому нейкім трафам пашэнціла прайсці тое пекла і выжыць. Шчасліўчыкі, каго выводзілі за драты ў горад на работы, прыносілі хлопчыку хто кавалак хлеба, хто сухарык, а хто моркаўку, і ён быў менш-больш пры целе.
Калі пабачыў зараз, што менавіта яго клічуць, Вася інстынктыўна адчуў небяспеку. Першым рэфлекторным імкненнем малога было — нырнуць у гушчу палонных. Але ж немец з добранькай і прыязнай усмешкай паказаў канцястую, бы цагліна, буханку хлеба. Хлопчыка пацягнула да яе, як магнітам, і малы нічога ўжо не мог з сабой зрабіць — да немца пайшоў.
За дратамі толькі ён утапіў зубы ў скарынку ды пачаў аплятаць хлеб, як той самы немец буханку раптам выбіў ды здзяліў яго ботам. Вася адляцеў, але на нагах утрымаўся. Затым хлопчык нырнуў туды, дзе яму здалося, салдат менш.
Немцы з жывёльным рогатам адкінулі малога назад ды пачалі ім іграцца, бы з футбольным мячом.
Неўзабаве гульня ім абрыдла. Ахвяру выпусцілі з кола. Хлопчык узрадаваўся ды з усіх ног драпануў у поле.
Дарма малы стараўся.
Па рухомай, жывой цэлі пачалі біць з пісталетаў. Іхнія «вальтэры» і «парабелумы» змайстраваныя былі дасканала, бой мелі старанна адладжаны, а кулі буйнакаліберныя неўзабаве падзюравілі падлетка на рэшата.
Прыкладваў старанні, каб сваім салдатам скрасіць службу і галоўны камендант «Крыгсгэфангэн-Штамлягэр-307, блок В». Гэты немец выкідваў яшчэ больш адмысловыя фіглі.
З лагера выводзіў з дзесятак яўрэяў і столькі ж палонных славян ды выстрайваў адных супроць другіх. Славянам раздаваў вінтоўкі з адным патронам і загадваў страляць у яўрэяў. Тыя адмаўляліся. Тады ён вінтоўкі загадваў перадаць тым, хто стаяў насупраць, і каманду паўтараў.
Немец потым вельмі ж цешыўся, калі які-небудзь рускі страляць адмаўляўся, а яўрэй яго забіваў — рагатаў аж заходзіўся. Затым расстрэльваў ўсіх да аднаго ды загадваў валачы новую дзесятку рускіх і грузін.
Як вядома, канчаткова згаладнелыя чалавечыя істоты трацяць усялякія нормы людскіх паводзін. Яны тады без агіды ядзяць тое, на што людзі звычайна і глядзець не могуць, бацьку невыносна цяжка падзяліцца кавалкам хлеба з сынам, маці з дачкой, і над усё — такія тады звярэюць.
Аднойчы выстраіў свой гарнізон камендант уздоўж дратоў ды праз рупар аб'явіў — палонныя зараз атрымаюць харчы. Няшчасныя ўмомант выпаўзлі з абжытых нораў, ямаў, бярлог ды збіраліся каля варот у шматтысячны натоўп. Выдзеленыя фельдфебелем вахманы к таму часу прыгналі фурманку, заладаваную бручкай, галоўкамі капусты і бульбай. Каня з прывязанай да хваста пакляй правялі праз вароты і паднеслі да паклі запальнічку.
Калі прыпякло, жывёліна рынулася наперад.
Некалькі хвілін ашалелы конь насіўся па лагеры, покуль не ўграз у натоўп. Даведзеныя да дзікага стану чалавечыя істоты, сярод якіх спатыкалася ўжо нават людаедства, зараз палезлі адзін на аднаго, каб хоць што-небудзь схапіць.
Покуль палонныя адбіралі адныя ў другіх агародніну, а потым раздзіралі на кавалкі каня, за паводзінамі «унтэрмэншэн» [ 16 16 Людзей непаўнацэнных (ням.)
] з-за дратоў сачыла ўся ахова.
Немцам, бачыце, было ж надта весела. Некаторыя ледзь паспявалі шчоўкаць «лейкамі». Іншыя для большай пацехі, ускідвалі аўтаматы ды пасылалі чэргі ў суцэльную масу звар'яцелых ад галоднага азарту людзей.
У яму таго дня звалаклі тысячы целаў.
Як вядома, разумная чалавечая дзейнасць вядзе нас да адрознення дабра ад зла, карысці ад шкоднага, прыстойнага ад нягоднага. Розум наш не прымае здавальнення, што выцякае толькі ад імкненняў да заспакаення жывёльных інстынктаў.
Вы як сабе хочаце, а я нават у словах малапісьменнай манашкі Марыі, якімі пераказвала мне думку апостала Паўла, знаходжу элементы чалавечай прыстойнасці. Не скажу, як выглядае справа з навуковага пункту гледжання, бо з жыццёвага вопыту ведаю напэўна — цывілізацыя нарадзілася перш за ўсё з рацыі тлумлення жывёльных інстынктаў, з падспуднай чалавечай прагі к дасканаласці і душэўнай гармоніі. Менавіта таму гітлераўцаў называць цывілізаванымі людзьмі язык не паварочваецца.
Читать дальше