— Што ты, яшчэ зусім нармальная!..
— Скідай, скідай хутчэй! На, апрані чыстую. Несла спецыяльна дзвесце кіламетраў, з-пад самага Беластока!
— Пасля вайны будзем у крухмаленых хадзіць...
— Не лянуйся, апранай!
— Жывецца чалавеку як у мамкі за пазухай... Э-эх! — уздыхнуў малады партызан.
— Соль табе ў вочы! — агрызнулася задаволеная дзяўчына.
— Заслужы, будуць насіць і табе!
— Барташэвіч, навучы, браток!
Мы спаткаліся на вачах у людзей. Побач на возе ляжаў паранены і чакаў аперацыі. Хлараформу не было і медсястра дала яму спірту. За возам доктар тачыў нажоўку. Ля яго двое партызанскіх дзетак прабавалі, у каго мацнейшы лоб. Дзве дзеўкі круцілі жорны, малолі на хлеб муку і не спускалі з нас вачэй.
— Хадзем адсюль! — шапнула Зіна, калі я нацягнуў чыстую кашулю.
Агорнутыя ўзбуджаным хваляваннем, мы, хаваючыся за фурманкі і буданы, падаліся ад зямлянак у лес.
Сама адцвітаў ландыш. Паветра п'яніла пахамі разапрэлай на сонцы зеляніны. Шасталі па халявах сухія былінкі, пахрустваў пад падэшвамі мох, усланы сетачкай ігліцы, утыканы шышкамі. Ад балота цягнула прахалодай. Але мы нічога гэтага не бачылі, адно адчувалі, што адышлі яшчэ мала. Нешта дрыжачымі галасамі гаварылі. Абаім хацелася бегчы, і толькі стрымлівала сарамлівасць.
З дрэва капнула Зіне на твар расінка.
— Дождж! — схлусіла яна.
Гэтае прытворства якраз было патрэбна і мне. Я пабег за ёю.
Мы апынуліся ля густога сасонніку. Зіна стала плячамі да дрэўца, нібы схавалася ад дажджу, выдыхнула:
— Стань побач!
Яе кароткія пальцы з мужчынскімі пазногцямі пачалі нервова і бязладна рваць зялёныя іголкі, быццам іголкі гэтыя — мяккія лісточкі мяты. Сама яна аж задыхалася.
— Ваня, ну! — папрасіла з тугой пабялелымі вуснамі.
Але я ўжо паспеў астынуць і нібы прачнуўся. Раптам адчуў, што ў адносінах з Зінай даўно перайшоў граніцу і што трэба з гэтым канчаць, пакуль не позна. Паглядзеў на ўсё цвярозымі вачамі.
Ніякая сіла не магла цяпер прымусіць мяне зноў дакрануцца да Зіны. Вось ужо і забыўся, што на мне яе кашуля. А тую кашулю, што калісьці мне памыла над Віліяй Дануся, дык і цяпер памятаю, нават ведаю, дзе яна дома ляжыць. Калі бываю дома, абавязкова на яе пагляджу...
Я паспрабаваў успомніць, колькі дабра зрабіла мне Зіна, пераламаць сябе, каб не крыўдзіць дзяўчыны, хоць пацалаваць яе: не адсыхалі ж мае вусны раней?!.
Не. Гэта было б падвоенае ашуканства. Трэба з гэтым канчаць раз і назаўсёды. Зіна для мяне была як сястра і маці, ці можна без канца яе ашукваць, абнадзейваць, выкарыстоўваць яе пачуцці?
I яшчэ. Адзін крок — і, мне здаецца, я страчу сваю незалежнасць. Ва мне абудзіўся інстынкт самаабароны.
— Ну, што ты?! — шаптала яна.
— Не трэба, Зіначка! — папрасіў я і далікатна адпіхнуў яе.
— Чаму? — выдыхнула яна горача.
— Я табе даўно збіраюся прызнацца...
— У чым?
— Ведаеш... Некалькі год я закаханы ў аднаго чалавека... Толькі не крыўдуй на мяне,— узмаліўся я, не ведаючы, як мякчэй зрабіць прызнанне, каб не было ёй так балюча.
Здалося, што на момант усё на свеце замерла, такая наступіла цішыня.
Раптам у гэтай цішыні пачуўся зычны трэск, а ў мяне перад вачамі ўсё захісталася — Зіна з усяе моцы пляснула мяне па твары.
Хвіліну я стаяў як ачмурэлы.
Так. Першы раз у жыцці атрымаў я па фізіяноміі. I дзіўна. Не раззлаваўся, не пакрыўдзіўся. А гатоў быў падставіць шчаку яшчэ і сказаць: бі, Зіначка, калі табе ад гэтага лягчэй, на, бі, бі!
Зіна закрыла твар рукамі і захісталася ад роспачы.
— Ох, якая я дурная!.. А я ду-умала!..— застагнала яна цяжка.
— Я ж ні ў чым не вінаваты, усё гэта адбылося міжволі...
Гэтым я яшчэ больш распаліў дзяўчыну.
— Змоўкні, ты... не чалавек!.. Бо-ожа... Я ўся аддавалася яму і не ведала, што ў гэты час ён думае аб другой! Бо-ожа, завошта на мяне такая кара!.. Каб ты... Каб цябе...
Я зазлаваў. А ў чым я вінаваты? Выходзіць, каб прамаўчаў, было б лепш?!.
Каб супакоіцца, адышоў крыху ў лес.
Калі я вярнуўся, Зіна ляжала на траве і плакала, як толькі можа плакаць чалавек у вялікім горы. Яна ўся аж уздрыгвала ад болю і бяссілля:
— I навошта я такая нешчаслівая нарадзілася на свет?..
Я бездапаможна таптаўся на месцы.
— Хто яна? — насцярожана прыпаднялася Зіна.
— Ах, ты не ведаеш!
— Не, скажы!
— Што табе за карысць з гэтага?
— Не, ты скажы!
— Яшчэ невядома, ці засталася яна жывая пасля ўсяго, што здарылася за тры гады...
— Хто?
— Разумееш, яшчэ да вайны я вучыўся ў Вільні і закахаўся там у адну...
Читать дальше