— Мой зяць быў разам з ім у Варшаве,— уздыхнуў стары.— Зяць яго і пахаваў там на Макатове...
Бедны Альбінас!
Увесь час ён клапаціўся аб тым, каб забяспечыць сябе кавалкам хлеба. Мы не маглі нават замацаваць нашу дружбу. I вось назаўсёды сышоў з майго жыццёвага шляху яшчэ адзін блізкі мне чалавек.
Пан Войцех даў мне адрас дачкі старасты, Яніны. Беднай гімназістцы выбухам першай нямецкай бомбы ў пачатку вайны адарвала ногі.
5
Мяне ўразіла запусценне і бязладнасць, якія панавалі ў кватэры былога мажнага чыноўніка.
У пакоі ляжала дачка-інвалід, якой пашкодзіла яшчэ асколкамі і пазваночнік, а яе маці лесціла мне і ўніжалася. Ад няёмкасці я не ведаў, куды падзець вочы. Гэтыя людзі, выхаваныя на легендах часоў Ягелы і Баторыя, на ідэі Польшчы «ад можа да можа», парабіліся бездапаможнымі авечкамі, калі гісторыя тыцнула іх насамі ў рэчаіснасць. Бацькі Яніны нават ва мне бачылі таго чалавека, у чыіх руках іхні лёс.
Нарэшце мне ўдалося пабыць адзін на адзін з Янінай. Яна ляжала на ложку з мноствам падушак. Дзяўчыну нельга было пазнаць. На худзенькім і бледным тварыку павыступалі вяснушкі. Такія самыя кропінкі былі на руках — худых і страшных, якія прасвечваліся як халадзец. Замест нястрымнай рагатухі і каравокай какетачкі я ўбачыў расчараваную няшчасную істоту.
— Сядайце! — паказала яна на матрац.
— Я ўсё тырчаў, аслупянелы, сярод пакоя.
— Што, не пазнаеце?
— Мала...
— Аднак гэта я! Некаторыя пазнаюць мяне толькі па зубах, калі засмяюся... Сядайце, ну!
Крэслы былі завалены вопраткай і рэчамі. Куды тут прыткнуцца?
— На ложак давайце, я не заразная!
Каб не пакрыўдзіць паненку, я сеў. Сеў якраз там, дзе павінны знаходзіцца яе ногі. Толькі цяпер па-сапраўднаму да мяне дайшла трагедыя гэтага чалавека.
Агорнуты жаласцю, я маўчаў, разглядаючы пакой. Гэта было няветліва, але я меў такую звычку. На крэсле ляжаў альбом.
— Калі ласка! — Яніна працягнула руку і падала яго.
Стаў я гартаць старонкі. На іх было шмат фатаграфій генеральскай сям'і. Яніна выняла адзін здымак і прачытала на адвароце Данусіны словы:
Gdy w życiu Cię kto zrani,
A w sercu pozostawi bliznę,
Pamiętaj, że więcej cierpiała
Polska – Twoja Ojczyzna.[ 18 18 Калі цябе хтосьці ў жыцці параніць, на сэрцы пакіне рану, то памятай, што яшчэ больш цярпела Польшча, твая радзіма (польск.).
]
Прайшла мінута няёмкай цішыні.
— Спаткаеце, перадайце, што перад смерцю пра яе думала і жадала вам абаім шчасця,— вымавіла Яніна скрозь слёзы.— О, як вас Данка кахала, як кахалі яе вы!.. Мяне ніхто ніколі не кахаў... Я вам так зайздрошчу...
— Яніна, мы яшчэ разам з вамі...
— Мяне вы бачыце апошні раз! — цяжка ўздыхнула яна.
У вачах дзяўчыны з'явілася нешта сталае, і я зноў перастаў яе пазнаваць.
— Спаткаемся, няхай толькі ўсё ўляжацца...
— Не. Я вырашыла не мучыць сябе і бацькоў. Толькі мама хавае ад мяне ўсё вострае...
Суцяшаў я паненку і адчуваў, што словы мае гучаць непераканаўча.
6
Бачыў я тады і Станеўскага.
Былога шпіка дэфензівы я спаткаў у кампаніі выфранчаных гультаёў. Яны хадзілі па горадзе і пасмейваліся над салдатамі з мангольскімі тварамі. Верхаводзіў імі Генрых. Зусім мажліва, што ён меў і цяпер у кішэні Сцяпанаў наган. От гісторыя!..
Я доўга ішоў за піжонамі, адыходзіў убок і ўсё хацеў сустрэцца са Станеўскім вачамі, але ён адварочваў галаву. Нарэшце, мне гэта абрыдла! «Ліха яго бяры, пабачым, што далей будзе!» — павярнуў я назад.
— Камісар з абцёпканымі порткамі! — пачуў я за сабой.
Мяне апанавала бяссільная злосць. Ды не біцца ж з гэтымі тыпамі на вуліцы!.. Здаць яго ў рукі міліцыі! Ён загубіў не аднаго добрага хлопца!..
Я нерашуча патаптаўся і, бяссільны, пакрочыў да Зялёнага моста. Пры вызваленні горада паміж савецкімі войскамі і эндэкамі тут былі стычкі. Ад перастрэлкі засталіся прабоіны ў фермах моста. Тады гэта было яшчэ настолькі новае, што людзі ішлі глядзець на прастрэленае жалеза як на дзіва.
7
Дзень, пражыты ў Вільні, быў для мяне суцэльнай пакутай.
Прачка ўспомніла, што восенню ля студні ў яры знайшлі цела дзяўчыны:
— Той студэнткі, якая прыходзіла да вас! Уражаны навіной, я накіраваўся ў аддзяленне міліцыі. Давялося нямала пахадзіць з кабінета ў кабінет, пакуль паказалі здымкі. Сумненне адпала — Вольга! Забойца стрэліў ёй у скроню.
— Пакуль што злачынца не выкрылі,— заявіў мне следчы, паказваючы тры шраціны.— Былі ў галаве...
Зірнуўшы на тры кавалачкі волава, я падумаў, што імі можна было стрэліць і са Сцяпанавага нагана. Шраціны трапілі ў скроню з вялікай кучнасцю. Значыць, забойца страляў зблізку. Работа Станеўскага!
Читать дальше