Не паспеў Лецечка звыкнуцца з тым, што зноў займеў здаровыя ногі, не паспеў звыкнуцца са святлом і сонцам, з кветкамі на зямлі і ў шкле, як займеў новыя і дужыя рукі. Прыліла да рук кроў, набрынялі яны дужасцю і засвярбелі, заспружынілі, засумавалі па рабоце, па сякеры, кавальскім малатку. Лецечка адчуваў: у яго цяпер хапіла б і духу махаць сякерай, дзьмуць кавальскія мяхі. Абнавілася ў яго і сэрца, не стала там больш ні хрыпаў, ні болю. Як бы паветра вакол яго стала больш, і імклівай хваляй ахапіла, агарнула яго радасць. Але... была яна вельмі кароткая.
Няма на зямлі большай самоты, як самота, што апаноўвае, бярэ за сэрца чалавека, калі ён прыходзіць да адчування, што ўсе яго мары ўжо здзейсніліся, самота і туга праз радасць... Ужо ў наступнае імгненне Лецечка затурбаваўся, зажурыўся: чаго гэта яму так хораша? Вертануўся на месцы, прабег вокам па летнім садзе, што медна палаў восеньскай лістотай, спатыкнуўся вокам аб чырвань яблыкаў, што выглядалі з гэтай лістоты, яблыкаў, якія здаваліся пад вечаровым сонцам пераспелымі, а на самай справе былі зусім-зусім зялёныя. Нырнуў вокам у падманную, зноў жа пры вячэрнім сонцы, глыб сажалкі і нібыта стукнуўся, урэзаўся галавою ў пясок. Зашчымела, зашчымела, застагнала сэрца, але не тым, ранейшым, шчымлівым пякучым і затухаючым стогнам, а безнадзейна, не ад болю, а ад тугі, якая агарнула яго і ўжо не праходзіла. Ад развітальнай, разлучальнай тугі, ад таго падману, якому ён ледзь-ледзь не паверыў: хітравалі ці то зямля з яго целам, ці то ён і яго цела з зямлёй, ішлі на ўзаемны, супольны падман і бязлітасную змову. Зямля закалыхвала яго, дарыла яму на гадзіну-другую здароўе і дужасць, каб заглушыць, прыціснуць у ім страх і ўзяць яго назаўсёды, разамлелага, кволенькага, цёпленькага, абнадзеенага жыццём, каб ён заснуў сёння шчаслівы і радасны, заснуў і не прачнуўся, таму такая добрая і літасцівая да яго зямля ў апошні раз. А мо і наадварот, мо гэта цела прадчувае свой апошні час, сцяўшыся ад страху, заклікае жыццё, глушыць боль, угаворвае зямлю, просіць паверыць, што яно дужае, што яму нічога не трэба, што яму ўсяго хапае, даволі з яго і святла і паветра. Журыцца цела, просіць жыцця. Але і цела і зямля ведаюць, што будзе далей: зямля сваім не папусціцца, нікуды не дзенецца ад зямлі цела.
Ведае аб гэтым і Лецечка. Ведае і не баіцца. Чаго баяцца? Баяцца трэба таго, таго трэба сцерагчыся, аб чым не згадваеш, чаго не ведаеш. Неспазнанае страшна, неспазнанае палохае. А ён ужо столькі разоў паміраў за свае семнаццаць гадоў. Пальцаў на рукаў і нагах не хопіць, каб палічыць, колькі разоў ён паміраў ужо. Яго забівалі ў Трасцянцы пад Мінскам, яго жыўцом палілі ў сялянскай хаце ў вёсцы Сучкі, яго стралялі ў безыменнай вёсцы, яго закапвалі жыўцом у зямлю, яго забівалі, нішчылі па кроплі ў нямецкім кіндэрхайме. Ён паміраў на кожным кроку на безыменным, усеяным трупамі вясковым шляху. Ён, аблеплены мухамі, цэлую вечнасць паміраў на палацях у чорнай хаце. Ён ужо стаміўся паміраць. Трэба ж калісьці і па-сапраўднаму памерці. Прабіў час. Ён дачакаўся яго, прыспеў судны дзень, але няхай не думаюць тыя, хто забіваў яго, што яны памруць лёгкай смерцю. Ён пойдзе за імі і ў зямлю. Будзе суд і там. Градзе суд. Агні з чалавечых цел не згаслі і пад зямлёй. Гараць, гараць нябачныя. Не для ўсіх будуюцца новыя дамы, не для ўсіх сцелецца асфальт. Кагосьці па гэтым асфальце павязуць наперад нагамі, з новага жыцця, якое ўжо добра бярэцца на лад, павязуць хуценька, пужліва, каб ні смуроду, ні скрухі... А ён рушыць у свой апошні шлях па новай, што не трасе, не падкідвае, дарозе нетаропка. Заўтра яму ўжо некуды будзе спяшацца. А покуль трэба прыспешваць сябе. Трэба прыспешваць, покуль дужыя ногі і рукі, покуль дужае сэрца і ясная галава. Покуль ён адчувае, як, адурманьваючы, пахнуць на вечар кветкі. Апошні раз адчувае. Гэта для яго яны дбаюць, для яго так квітнеюць. Заўтра ў яго будзе шмат кветак. Ён жа так любіць кветкі, толькі ў дзетдоме гэтага нельга выказваць. Ён любіць бабу Зосю. Але ў гэтым ён таксама нікому не адкрыецца, нават самой Зосі. Ён любіць свой пакой – ізалятар. І пакой сёння даведаецца аб гэтым. Даведаецца... Ён любіць Козела і Стася, і яны таксама не сёння, дык заўтра даведаюцца аб гэтым... Зараз даведаюцца.
І самота, туга агарнулі сэрца, нібыта ён у нечым вельмі і вельмі правініўся, вінаваты перад усім белым светам. Перад ізалятарам, Зосяй, Козелам, перад усімі людзьмі і рэчамі. Здрадзіў людзям і рэчам і цяпер уцякае ад людзей, рэчаў. Прыгнятала яго віна і за тое, што яшчэ жывыя, жывыя паліцэйскія, за тое, што яны натварылі на белым свеце, і за тое, за тое... Ён не мог выказаць за што, яму нечакана прыгадалася сівая жанчына, з якой ён сядзеў побач у зале суда, якая зведала столькі пакут і саромелася глядзець людзям у вочы, нібыта ў тым, што адбылося з ёй, была і яе віна. Вось такую адказнасць і няёмкасць адчуў у сабе раптам і Лецечка, няёмкасць за тое, што выпала яму, за людзей, з якіх выйшаў і ён сам, што дарагім яму людзям будзе непрыемна яго дачаснае знікненне, што наперадзе яго чакала нешта светлае і радаснае, а цяпер гэтае светлае і радаснае ўжо не адбудзецца, не адбудзецца. Шмат чаго не адбудзецца з таго, што наканавана яму, і нічога ён не зробіць з таго, што павінен зрабіць, што павінен пакінуць пасля сябе на зямлі кожны чалавек. І ён вінаваціўся ў тую хвіліну перад усім белым светам за не зробленае ім, не здзейсненае, за тое, з чым застаецца чалавек сам-насам у свой апошні судны дзень і судны час. Ён жа застаўся ні з чым. Зашчымела ад сораму сэрца. І Лецечка заспяшаўся, заспяшаўся, каб што-небудзь ды паспець зрабіць, каб хоць чым-небудзь ды аддзякаваць беламу свету за тое, што ён бачыў сонца і неба, зямлю, за тое, што ён хоць і не доўга, цяжка, але жыў на зямлі. І любіў, любіў і любіць...
Читать дальше